Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


ПРА ЗМЕЯ ЛУКУ, ПРА ЧЫСТУЮ РУКУ
І ПРА МЕХ ПАНЦАКУ
навагодняя казка

Паслухайце, дзеткі, людзі дарослыя і людзі старыя. Дзеілася ўсё гэта ў краіне, якую называлі Лукаморыяй. Не таму, што там мора было. А таму, што валадарыў там Змей Лука, які народ свой падуладны зусім замарыў. Змеем то яго потым празвалі. А спачатку, як на пасад паклікалі, называўся ён Усенараб. Усенароднаабраны значыць. “Усе на работу!” — увесь час крычаў, дык мо яшчэ і таму.

Суседзі на гэтае царства дзіваваліся, і смяяліся, і шкадавалі, і дапамагаць простым людзям спрабавалі.

Народ у Лукаморыі, ведаеце, рахманы, працавіты ды паслухмяны, але ж надта баязлівы. Усё “мая хата з краю” ды “мая хата з краю”. Але чым вылучаўся, дык гэта гумарам. І з сябе пасмяецца, і з суседзяў, а ўжо як мянушку каму прылепіць, дык тая аж да смерці не адлепіцца. Вось так адзін аднаго па мянушках і ведалі.

Як ён выглядаў, той Змей, пытаецеся? Звычайна. На чалавека падобны. Даўгі, лысы. Голы чэрап трыма валасінамі прыкрыты. Вусы чорныя, разложыстыя, каб заечую губу схаваць. Голас сіпаты, як у таго, каму пранцы ўжо нос праелі. А кулакі! Бацюхны мае! Зірнеш толькі — і то каленкі ўгінаюцца. Кажуць, нетутэйшая маці ў яго была. На імя ці то Капаэсса, ці то Асэса. А бацька — дык зусім карла нейкая барадатая. А так, з віду, зусім як чалавек. Жонку і дзецяў быццам бы меў, але пры ім людзі не бачылі, хаваў недзе далёка. А да жанок быў ласы, не дай бог. І яны яго, змея лысага, любілі. Збяруцца кучаю і равуць немым голасам: “Мы очань любім нашага Ўсенараба!” А то каторая дурніца: “Хачу рабёнка ад Лукі! Хачу змяёныча!” Жыла непадалёк русалка на дубе. Такая, значыцца, голая баба з рыбіным хвастом. Дык і тая вішчэла: “Хачу Луку на суку!”. Пачулі неяк Змеевыя памагатыя, дык праз дзень ні дуба, ні русалкі. Не так зразумелі пра сук.

Асабліва ж любілі Луку Ўсенараба старыя кабеты, дзяды медальныя ды п’яніцы вясковыя. Як на пасад яго клікалі, дык ён такога наабяцаў! Казка, за маю прыгажэйшая. І злодзеяў паразганяе, і кілбасаў танных наробе, і гарлку ў краны пусьціць замест вады гарачай, бо яна зімою, пэўна ж, лепей грэе. А ўжо старым, каторы да шасьцідзесяці гадоў дажыве, дык крышталёвыя сральні з залатым сядзеньнем, мяккім ды падагрэтым, з падцірачкаю. Але не дажывалі людзі да шасьцідзесяці, выміраў паціху народ.

А як жа ён кіраваў-валадарыў, ці адзін, ці з памагатымі? А во раскажу. Галоўны памагаты яго зваўся па-простаму: Ярмо-На-Шыі. Зразумела, на чыёй. Любіў ён іх мяняць-перастаўляць, памаганцаў сваіх. Да Ярма галоўным у Змея быў нейкі Блінт, а да Блінта — Чуфыр, а да таго — яшчэ цэлая плойма, народ і прывыкнуць не паспяваў. А яшчэ ў ягонай хеўры былі Шэльма ды Падмятайла, Мяснік ды Лапайтупа. Гэны дык зусім няведама што. Як загадае яму нешта Змей, дык той лапай тупне (“Слушаюсь”, значыць) і бяжыць выконваць. Вялікі спэц быў суседзяў аббрэхваць.

Яшчэ была ў Змея Лукі славутая целябудка. Называлася так, бо там колькі гадоў Змеевае цяля гадавалася, па мянушцы Кампот. А як вырасла ды рожкі паказала ды слухацца перастала, то Лука яго на кілбасы адправіў, свайго ж Мясніка меў. А народ той дасціпны як сказаў “цялябудка”, дык і па сёння так называюць, хоць гадуюцца ў ёй ужо новыя жыльцы. Тры сабакі злыя, беспародныя, кундлі па-нашаму. Аднаго кундля празвалі Азвяронак, бо звярэў ад брэху, на людзей кідаючыся. Другога — Сын Змяёўскі, ці проста Змяёўскі. Гэты, хоць і любімы быў у Лукі, але ніякі не сын, бо Змей быў чорны, а гэты — бялюткі, як снег. Ніколі б не паверыў, што ў такога белага сабакі столькі жоўці ды сліны ў пашчы. Як набрэшацца, дык аж губа ніжняя адвісае. А пра трэцяга нічога канкрэтна сказаць не магу. Проста страшненькі быў, то і празвалі Квазімодка. Брахалі спраўна, і зранку, і нанач, і паасобку, і ўтройцу. Гаспадарыў гэтай псярняй яшчэ адзінпамаганец Змееў, Чыкірыка мянушка яго. Казалі, далёкі сваяк Лукі, па маці быццам, па той Капаэсе. Яшчэ стаяла каля целябудкі высачэзная целяелка. А на елцы гэнай любіла сядзець варона царская-гаспадарская па мянушцы Жмінда Дрышчова. Жмінда — усім зразумела, але Дрышчова? А вось чаму. Як убачыць унізе, пад елкаю, чалавека харошага ? абавязкова абдрышча. І радуецца, крыламі лапоча, каркае на ўсё горла, каб гаспадар пачуў.

Жылі людзі пад Лукою ўжо шмат гадоў. Панцак ды бульбу елі, усё салодкай будучыні чакалі. Марнелі худзелі, а ўсё яшчэ верылі. Змей жа не дурны быў. У акадэміях вучыўся, нават тры словы замежныя знаў: “хальт”, “хандэхох” ды “орднунг”. То ворагаў якіх знойдзе, заб’е, то жулікаў навыдумляе, па турмах распіхае, то салодзенькіх цукерак дзяшовых, пад назвай “Абяцанкі”, на плошчах прадае. З салодкай цукеркай то і сухі панцак у горла палезе. Усіх ворагаў сваіх Лука пазабіваў-паразганяў, няма з кім біцца, нямана каго беды-нястачы зваліць. Адзін толькі ўцёк выратаваўся, самы моцны, народам паважаны, чэсны ды справядлівы. Схаваўся ў пушчах замежных і прапаў. І дзе ён цяпер — ніхто не ведае.

А к таму часу, пра які я баю, усе сваякі Змея Лукі, нашчадкі карлы барадатай, дзе ні панавалі, — пазнікалі. Каторага людзі забілі, каторы сваёй смерцяй памёр, хтосьці ў нару зашыўся, а хто й перахрысціўся, то-бок да народа схіліўся, свой у дошку зрабіўся. І застаўся Лука адзін, без ворагаў і без сваякоў, і што рабіць далей, як кіраваць-панаваць, ня ведае. Ужо і цукеркі “Абяцанкі” усе паелі ды і панцаку адзін свіран астаўся. Чым карміць шэльмаў-памаганцаў, сабакаў ды варону любімую — нямаведама, пра згаладалы народ не гаворачы.

А тут яшчэ аднекуль з’явіўся аднекуль малады прыгажун у акуратным пінжачку ды з гальштукам. Разумны ды адукаваны, а гаваркі — што салавей пяе. Сапраўдную ягоную хвамілію ды імя мала хто ведаў. Мо Сняданка, а мо Гулянка. У народзе яго празвалі Чыстая Рука. Рука, а не рукі. Бо гаварылі аб павай руцэ, якая шлях паказвае, і піша нешта, ці лыжку трымае. Што ні возме гэная рука, вугаль ці дзёгаць, гноюжменю або проста гразі, ўсёроўна чыстая без вады і мыла. Кажуць, грошы мацней за ўсё пэцкаюць. Ці брала тая рука грошы — ніхто ня ведае. Але я так думаю: калі ад добрага чалавека да на добрую справу — чаму б і не ўзяць? І я б узяў, ды хто мне, старому прайдзісвету, дасць?

Во левай рукі ў таго Сняданкі ніхто толкам ня бачыў. То ў кішэні яна (вядома, уласнай), то за пазуху закладзеная, або за спінаю, і што ў той руцэ, ці чыстая яна — нямаведама.

Пачаў Чыстая Рука са Змеем варагаваць, народ той рахманы на бой клікаць. Сабраў войска адмысловае, шматлікае. Ён сам з сябрамі, Сядзяка з хаўруснікамі, маладзёнаў кучка. А яшчэ далучыліся Ахвіцэр з сотняю, Гусятка з коньмі, Мухамор з Прахвэсарам, таксама Чуфыр з жонкаю і, нарэшце, Банкір з машонкаю. Машонкаю колісь у тых краёх мяшэчак з грашыма называлі. Як убачыў просты народ столькі людзей знакамітых, таксама набег, шмат набралася. Хадзілі па вуліцах са сцягамі прыгожымі ды карцінкамі адмысловымі, песні спявалі, хорам крычалі, усё больш пра Змея гідкага ды Лукаморыю мілую.

А ў Лукі-Змея было войска жабінае, пярэстае. Замест галоў — каўпакі жалезныя, замест рук — палкі гумовыя, на нагах капыты. Называлася гэтае войска Гам-Хап. Гам — жэрла неўправарот, а наеўшыся — людзей за нішто хапала ды ў норы свае зацягвала.

Кінецца той Гам-Хап на хадакоў са сцягамі, наб’е палкамі гумовымі, асалоду атрымае, нажарэцца ўдосталь і спіць, лой нагульваючы.

Пакаштаваўшы ўдосталь кашы гумовай ды з капытамі, вяртаўся народ да хатаў, да панцаку, да целяскрынак, што ў кожнай хаце былі. Глядзеў у тыя скрынкі, сінякі і гузы абмацваючы.

Зажылі-загаіліся сінякі ды гузы — ізноў людзі збіраюцца, па вуліцах ходзяць, пра Змея нешта крычаць. Ізноў Гам-Хап з нораў выскоквае, на людзей кідаецца, і так год за годам.

Тым часам панцаку ў свірне ўсё менее і менее. Ужо адзін мяшэчак застаўся, на ўсіх пэўна ж ня хопіць.

А як панцак скончыўся, то і сабакі Змеевыя разбегліся, і варона Дрышчова ў вырай уцякла, і памаганцы ў далёкія краіны з’ехалі, куфры з грашыма прыхапіўшы. Даведаўся Змей пра такое — і сам адляцеў на вінталёце да сябры барадатага на цёплы востраў. Застаўся народ без галавы, без Усенараба, значыць. Каго ж паклікаць на пасад? І Прахвэсар хоча, Чуфыр лезе, ды й Ахвіцэр з Банкірам лысыя. Пра Мухамора не кажучы. Ды людзі іх не хочуць. Збяруцца і гукаюць: “Сняданку на пасад!”, “Сняданку хочам!”. Вядома ж, згаладаліся, нават сапраўднае прозвішча Чыстай Рукі раптам успомнілі. А Сняданка ў адказ: “Не хачу пэцкацца, я — Чыстая Рука”. І не пайшоў. У навукі кінуўся, пачаў народ пісаць-чытаць па-сапраўднаму вучыць, ды словы, як трэба вымаўляць, бо за Змеевае панаванне зусім развучыліся. Крычэлі людзі крычэлі, раіліся-спрачаліся і вырашылі ўрэшце без Усенараба абыходзіцца, талакою кіраваць. Парлямэнцкаю рэспублікай назваліся. Так і жывуць цяпер, дзетак плодзячы, паціхумяса нагульваючы.

Пра Змея пытаецеся? А злавілі яго такі, суседзі добрыя памаглі. Прывезлі ў галоўны горад, у галоўным палацы змясцілі, у адмысловай клетцы сядзіць. З чорнага шэры зрабіўся, лысы зусім, але такі ж злосны і сіпаты. Хто ў палац заходзіць, абавязкова на яго плюне, а то і палкаю кіне. Нехта і хлеба дасць, ці сала кавалак. Шкадуюць, пра благое забыліся. Народ жа там ведаеце які? Талерантны называецца. А што гэта значыць — у вучонага Сняданкі спытайцеся.

Усё гэта бачыў, у людзей падслухаў, у кніжках-газэтках прычытаў ды й тое-сёе навыдумляў і вам расказаў

Кручок з Ратнеяў

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro