Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


Малое інтэрвью зь Міронам

Давялося мне неяк па сваіх гаспадарчых справах выправіцца цягніком у дарогу. Зразумела, пакідаць цёплую, утульную кватэру неахвота, але ж трэба калі-нікалі і на лецішча зьезьдзіць.

У паўпустым вагоне ўвагу маю прыцягнуў чалавек, які сядзеў ля вакна. Позірк яго быў скіраваны кудысь далёка, і па ўсяму відаць было, што галава яго забітая невясёлымі думкамі.

На першы погляд — звычайны пасажыр. Але не зусім звычайны, бо гэта быў сам Мірон, жывы і здаровы.

Уладкаваўшыся побач, мы абмяняліся прывітаньнямі, ад чаго ён крыху павесялеў. Справа ў тым, што мы даўно ведаем адзін аднаго, і прывітаньне ў нас заўжды аднолькавае:

— Жыве Беларусь!
— Жыве!

Пасля абмену навінамі я прапанаваў яму даць мне інтэрвью. Пасля працяглай паўзы Мірон пагадзіўся.

* * *

Барыс: З чаго б нам пачаць гэтае незапланаванае інтэрвью? Перш-наперш адкажы: куды гэта нялёгкая нясе ў такую непагадзь?

Мірон: А хто табе сёньня праўду скажа?

Б: А, зразумела: усё, што вакол твайго імя, павінна быць ахутана таямніцай?

М: А ты сам паразважай: калі сёньня на Беларусі існуе рэальная пагроза фізічнай ліквідацыі “неугодных” існуючаму рэжыму людзей, то хочаш не хочаш, задумаесься: калі, крый Божа, што здарыцца, — хто будзе гадаваць тваіх дзяцей? Хто і якое дасьць ім выхаваньне? Які светапогляд гвалтам будзе ім навязаны?

Я люблю сваіх дзяцей, і мае дзеці — гэта мае праблемы. І пакуль я жывы, я нікому не дазволю зламаць іх душы. Але ўсё гэта толькі вяршыня айсбэргу. Мяне хвалююць праблемы фізічнага і духоўнага выхаваньня ўсіх беларускіх дзяцей, бо яны хутка падрастуць і стануць паўнапраўнымі грамадзянамі сваёй краіны. І я не магу быць абыякавым да таго, у якім асяроддзі будуць жыць мае дзеці. Ты не горш за мяне ведаеш і бачыш, на якіх “каштоўнасьцях” пры існуючым антыбеларускім рэжыме выхоўваецца наша моладзь.

Ніхто ня зможа стаць шчаслівым у разбэшчаным грамадзтве, дзе будуць панаваць гвалт і нянавісьць, зайздрасьць і ашуканства.

Зірні на нашых “новых” беларусаў, якія нічога рэальнага не вырабляюць, а шыкуюць за кошт розьніцы ў курсах валютаў. Чаму ў іхніх кватэрах жалезныя дзьверы, а на вокнах моцныя краты? Гэта што: іх доўгачаканае шчасьце? Не! Такое не для мяне!

Б: Ты чамусьці засяродзіў сваю ўвагу на моладзі, а што скажаш пра старэйшае пакаленьне?

М: Рэдка здараецца так, каб чалавек сталага ўзросту мяняў свой светапогляд. Вось чаму нам сёньня трэба весьці актыўную барацьбу за правільнае духоўнае выхаваньне нашых нашчадкаў. За імі будучыня Беларусі.

Б: На гэтую тэму можа быць шмат пытаньняў, але давай спярша вернемся да пачатку і высьветлім: адкуль узнікла самое паняцьце — Мірон?

М: О-о, братка! Гэта доўгая і не вельмі вясёлая гісторыя, пра якую трэба пісаць асобна.

Б: Добра, напішам калі-небудзь і гэту гісторыю, але адкажы: як ты стаў Міронам?

М: Мірон — не прафэсія, Мірон — лад жыцьця. Ім не становяцца, ім нараджаюцца. Бацька мой быў перадавіком сельскай гаспадаркі, да таго ж — камуністам. Ён забараняў мне гуляць з аднагодкамі ў вёсцы і побач з трактарным паркам толькі каб, крый Божа, ніхто на вёсцы не абвінаваціў яго, што сына бачылі там, дзе штосьці зьнікла ці было сапсавана. Вось і даводзілася мне разам зь сябрам бавіць вольны час у лесе за вёскай. Там мы рабілі зямлянкі, будавалі розныя хаткі як на зямлі, так і на дрэвах. Па вечарах распальвалі вогнішча, пяклі ў зале бульбу, смажылі сала. Вось так, на свежым лясным паветры, пад разнагалосыя сьпевы птушак і старакатаньне конікаў, удалечыні ад цывілізацыі і ўздзеяньня на псыхіку агульнаграмадзкай думкі і фармаваўся мой сьветапогляд.

Чытаць я навучыўся яшчэ за год да першай клясы. Шмат чытаў навукова-папулярнай літаратуры. Асабліва любіў чытаць казкі і розныя кніжкі на беларускай мове. На рускай было цяжэй, спачатку спатыкаўся амаль на кожным слове.

З самага дзяцінства не давалі спакою розныя думкі. Чаму нашае жыцьцё такое шэрае? Чаму нельга рабіць тую ці іншую справу, ад якой усім было б толькі лепш? Калі вучыўся ў школе, то адчуваў, што нам штосьці не дазваляюць ведаць. Мяне хвалявалі шматлікія пытаньні, адказы на якія я шукаў у розных кніжках, але не заўсёды знаходзіў. Мяне раздражняла яшчэ і тое, што тыя пытаньні, акрамя мяне, нікога не цікавілі.

Вучыўся, як і шмат хто: ездзіў на розныя раённыя алімпіяды абараняць гонар роднай школы, і ў той жа час да маіх бацькоў раз-пораз прыходзілі настаўнікі з-за пропускаў заняткаў, а часам і з-за дрэнных адзнакаў. У маім дзёньніку было ўсё — і пяцёркі, і двойкі …

Сярэднюю школу скончыў амаль без троек. А ўжо наступную навучальную ўстанову – на адны пяцёркі па ўсіх дысцыплінах. І справа тут ня столькі ўва мне, колькі ў выкладчыках і асяроддзі, у якім давялося жыць.

Ад таго, каб зрабіцца падобным да ўсіх, ператварыцца ў намэнклятурную адзінку ў шэрай людзкой масе, мяне ўратавала прырода, пра якую я ўжо казаў.

Так, стоп, штосьці пад грук колаў мяне панесла на ўспаміны. Пра ўсе тагачасныя роздумы, крыўды і рэдкія радасьці можна напісаць цэлую аўтабіяграфічную кнігу. Каб не марнаваць дарэмна час, перанясемся адразу ў пару, калі да нас прыйшла перабудова.

Беларускаму народу былі вернутыя нацыянальны сьцяг і гістарычны герб “Пагоня”.

Часьцей стала гучаць беларуская мова.

Палітыка ўрада скіравалася на адраджэньне і разьвіцьцё нацыянальнай культуры. Дыхаць стала неяк лягчэй. Я зразумеў, што менавіта гэта павінна стаць першым этапам будаўніцтва нашай шчасьлівай будучыні. Я радаваўся, як малое дзіця, і адчуваў вялікі эмацыянальны і духоўны ўздым. Толькі цягнулася гэта нядоўга. На нашыя галовы зваліўся “усенароднаабраны” і, як пярун сярод чыстага неба, ягоны кляты рэферэндум. Усё вярнулася “на круги своя”.

У мяне быў шок… Зразумець такое можа, да прыкладу, той, хто з нейкай прычыны страціў самага каханага чалавека.

Сярод белага дня пацямнела ўваччу, у макаўку пякло сонца, а мяне біла ліхаманка. Стаяла цудоўнае надвор'е — жыві і радуйся, але час для мяне спыніўся. Нікога не заўважаючы, я ішоў некуды. Галава, як пчаліны рой, гудзела ад думак і пытаньняў. Чаму? Чаму людзі адмаўляюцца ад свайго шчасьця? Чаму не жадаюць жыць у ладзе і згодзе паміж сабою і з навакольным асяроддзем?

Каб давесьці, што ня ўсе галасавалі за “ўсенароднаабранага”, каб заявіць на ўвесь белы свет, што беларус яшчэ жывы, што яго не зламаюць ніякія выпрабаваньні, у гэты няпросты для мяне час неяк само сабою прыйшло рашэньне — вярнуць бел-чырвона-белы сьцяг народу. І лунаць ён заўсёды павінен у ветранай вышыні высока над зямлёй нашых славутых продкаў, многа вышэй за іншыя, гвалтам нам навязаныя сімвалы.

Б: А дзе ты ўзяў сьцяг для сваёй першай акцыі?

М: Ён быў зроблены вось гэтамі рукамі на ўзор копіі, разарванай у Менску Ціцянковым.

Б: Пачакай, пачакай! Ты кажаш, была разарвана копія? А дзе ж тады арыгінал?

М: А ты ўпэўнены, што прыйшла пара пра гэта казаць?

Б: Я ўсё зразумеў. Так, і на чым мы спыніліся?

М: Я з усімі падрабязнасьцямі распрацаваў план сваёй першай акцыі, а тут, як на тую бяду, з паліц у крамах зьнікла белая і чырвоная тканіна. Што рабіць? Уся мая існасьць ірвалася да актыўнай дзейнасьці, а зрабіць сьцяг не было з чаго. Выйсьце знайшлося. Узяў новую белую прасьціну, перакроіў яе ў прапорцыі 1:2, старанна разьлінаваў на тры аднолькавыя паласы, нацягнуў палотнішча на расьцяжках у сваім двары, асьцярожна прафарбаваў сярэднюю паласу якаснай і прыгожай чырвонай фарбай. Калі хочаш пасьмяяцца, магу распавесьці, што гэты першы мой самаробны сьцяг зьбіў з панталыку апэратыўных работнікаў крымінальнага вышуку. Пад падазрэньне трапілі ўсе мясцовыя мастакі, як здаровыя, так і калекі. Большасьць зь іх была дастаўленая ў мясцовы РАУС на допыт.

Але вярнуся да твайго пытаньня.

…Атрымаўся прыгожы, чысьцюткі бел-чырвона-белы сьцяг. Уяўляеш: добрае летняе надвор’е, блакітнае неба і чыстае сонечнае святло, што пералівалася на палотнішчы. Знаходзячыся побач з гэтай прыгажосьцю, я адчуваў вялікую, ні з чым не параўнальную, радасьць, і ўся мая існасьць поўнілася такім духоўным уздымам, што на той момант я гатовы быў горы зьвярнуць.

На нейкі час я аж зьнямеў ад велічнасьці таго, што стварыў сваімі рукамі. Гэта было ня проста нейкае палотнішча, гэта быў сімвал нашых слаўных продкаў, сімвал нашай гісторыі.

І дзе гэты сьцяг ні разьмяшчай, з чым ні параўноўвай — ён заўсёды будзе рэзка вылучацца сваёй чысьцінёй, гарманічнасьцю колераў і прыгажосьцю. Такім сьцягам нельга не ганарыцца!

А ведаеш, чаму служкі існуючага антыбеларускага рэжыму так яго баяцца?

Б: Ну-ну, і чаму ж?

М: Ды таму, што на ім, як на лакмусавай паперы, адразу праявіцца ўвесь бруд, з дапамогай якога гэтыя прайдзісьветы трымаюцца пры ўладзе. Ім больш даспадобы імі ж прыдуманы сьцяг чырвона-зялёнага колеру.

Чырвонага — бо добра запырсканы крывёю ахвяраў. А зялёнага — таму што, напіўшыся “за жэншчын” да парасячага віску, можна не баяцца за зелянькі на парадных касьцюмах, валяючыся на здратаванай траве.

Давёўшы свой народ да галечы, ні на якія карысныя для грамадзтва справы яны ўжо ня здатныя. Адзіная светлая дэталь на іхнім сьцягу — беларускі арнамэнт, які ўяўляецца мне сімвалам надзеі на тое, што беларускі народ, урэшце рэшт, абудзіцца ад летаргічнага бальшавіцкага сну, страсе са сваіх працавітых плячэй розных там паразітаў-палітыканаў, і на ўвесь белы свет з гонарам заявіць, што і беларусы завуцца людзьмі.

Менавіта з-за гэтага арнамэнту я ніводнага разу не дазволіў сабе пазьдзеквацца з бээсэсэраўска-лукашэнкаўскага сьцягу. Гэта сімвал адурманенага беларускага народу. Адурманенага мэтанакіраваным “красноречием” нашага “усенароднаабранага”

Атрымліваецца, што я стаўся нашмат больш эмацыянальна стрыманым і духоўна выхаваным, чым розныя ціцянковы, якія дэманстравалі сваю нікчэмнасьць усяму свету, калі, выскаліўшыся перад аб’ектывамі відэакамераў, разрывалі на шматкі копію нашага нацыянальна-гістарычнага сьцяга.

Зьдзейсніўшы такое злачынства, яны лічаць сябе прыстойнымі людзьмі. Калі гэта так, то ў параўнаньні зь імі я — анёл, бо нічога не псую і не ламаю, а толькі прапагандую нацыянальна-гістарычныя сімвалы свайго народа. Якраз гэта найбольш і псуе настрой “вернаму” чынавенству. А каб як-небудзь абяліць сябе ў вачах грамадзкасьці, яны зробяць усё магчымае, каб выставіць мяне ў ролі д’ябла, як гэта ўжо было зроблена з Зянонам Пазьняком.

Б: А ты не мог бы падзяліцца сваімі ўспамінамі пра тое, як здзяйснялася першая акцыя?

М: Пачакай крышачку, не сьпяшайся. Ведаеш, што атрымліваецца?

Б: Што?

М: Усё наша інтэрвью нейкае пустое, а ведаеш, чаму?

Б: І чаму?

М: А таму, што па кожным тваім пытаньні можна напісаць асобны артыкул, а то і цэлую кнігу, бо кожная акцыя — асобная гісторыя. Халуі-прыслужнікі існуючага рэжыму здымалі, зрывалі, палілі і нават расстрэльвалі мае сьцягі.

Б: Добра, калі не хочаш адказваць на гэта пытаньне, адкажы на другое: якія яшчэ пытаньні, акрамя вяртаньня народу яго спрадвечных сімвалаў, цябе хвалююць?

М: Справа тут, мой дарагі дружа, не ў тым, хачу я табе адказваць альбо не, а ў тым, што чытачы ня вельмі любяць чытаць вялікія артыкулы. Прапаганда і вяртаньне народу яго спрадвечных сімвалаў, нацыянальнай культуры і рэальнай гісторыі, — гэта кропля ў моры ў параўнаньні з тым, што яшчэ трэба зрабіць. Наўрад ці я змагу пералічыць усе праблемныя пытаньні, якія мяне хвалююць і па якіх ёсьць адпаведныя распрацоўкі. Адукацыя і адпачынак, дэмаграфія і экалёгія, рэлігія і космас, навука і акультызм, браты нашы меншыя і іншапланяцяне, армія і быт, шлюб і перарываньне цяжарнасьці, суіцыд і крымінал, палітыка рэжыму і апазіцыя, і г.д., і г.д…

Была б такая магчымасьць, я па кожным з гэтых пытаньняў даў бы табе інтэрвью. Але галоўнае пытаньне вось у чым: чаму наш народ свядома не хоча жыць лепш? Чаму так падабаецца жыць у дэмаралізаваным грамадзтве, дзе кожны другі подзьвіг — ліквідацыя наступстваў першага?

Б: Прыхільнікі існуючага рэжыму часта вінавацяць радыкальную апазіцыю ў нацыяналізме. Ты лічыш сябе нацыяналістам?

М: Па паходжаньні я беларус, і жыву на зямлі сваіх продкаў. А калі ў народа, часьцінкай якога мы з’яўляемся, розныя прайдзісьветы ад улады нахабна адбіраюць родную мову, замоўчваюць слаўную гісторыю нашых продкаў альбо непазнавальна скажаюць яе для дасягненьня сваіх дробнакарысьлівых мэтаў, калі нявечаць нацыянальную культуру, замест якой прышчэпліваюць пачварныя самаробныя сурагаты (БПСМ, дажынкі ад слова “дажыліся”), дык кожны псіхічна здаровы чалавек будзе супрацьстаяць гэтаму вар’яцтву. Нацыянальнасьць існуе да той пары, пакуль існуе нацыянальная мова. Пакуль на Зямлі жыве хоць адзін беларус, ён будзе змагацца за свае правы. У адваротным выпадку Беларусь давядзецца перайменаваць у “северо-западный край”. Французы размаўляюць па-французску, немцы — па-нямецку, палякі — па-польску, РУСКІЯ — ПА-РУСКУ! — гэта нармальна, а калі беларус падасьць голас на роднай мове — зь яго зьдзекуюцца, ім пагарджаюць.

Б: Ты ўхіліўся ад простага адказу на пытаньне.

М: Што датычыць асабіста мяне, то я звычайны, псіхічна здаровы мужык-беларус, вось і ўвесь мой нацыяналізм. А кім тады лічыць тых, хто гвалтам навязвае нам культуру іншай краіны?

Б: А як ты ставішся да тых беларусаў, якія ратуюць за ўсталяваньне расейскай культуры на Беларусі?

М: Ну як можна ставіцца да чалавека, які, да прыкладу, адракаецца ад роднай матулі ў крытычны для яе момант жыцця? Гэта не людзі.

Б: Чаму так рэзка?

М: Гэта яшчэ мякка сказана.

Б: Ці падазрае цябе хто-небудзь у тым, што ты робіш?

М: Пакуль што на маю ролю падазраюцца некалькі чалавек. Ня трэба быць вялікім аналітыкам, каб зразумець, што сёньня далёка ня кожны чалавек будзе рызыкаваць сваім жыцьцём у імя нейкіх ідэалаў, ды і здароўе ня кожнаму дазволіць балансаваць паміж жыцьцём і сьмерцю ў ветранай вышыні, без усялякай страхоўкі побач з электратрасай напругай у сотню тысяч вольтаў.

Б: З усяго вынікае, што ты ня ведаеш пачуцця страху?

М: Як бы не так! Хутчэй, наадварот: я, можа, баюся больш за іншых. Нічога не баяцца толькі асобныя псіхічна хворыя людзі. Гэта ня іхняя віна, гэта — іхняя бяда. Я ж адношуся да звычайных людзей.

Б: І чаго ты больш за ўсё баісься?

М: Баюся шмат чаго. Я ад гэтых страхаў нават пасівеў раней часу. Баюся, што не дажыву да тае пары, каб пабачыць беларусаў шчасьлівымі. Ну ня хочуць яны, пры сучасным узроўні сьвядомасьці, людзьмі звацца. Перасялі іх зараз у рай, то яны і там доўга не затрымаюцца: пашыкуюць нейкі час, а потым вернуцца да свайго сучаснага існаваньня. Бо ім так лепш, яны прызвычаіліся, каб за іх хтосьці думаў і падганяў іх.

Так, я баюся, баюся, што мае дзеці, як бы я іх не выхоўваў, ніколі ня будуць шчасьлівымі, жывучы ў хворым грамадстве пры хворым навакольным асяроддзі.

Б: Гэта ўсё зразумела. А як ты адчуваеш сябе пад час правядзеньня сваіх акцый?

М: Я не фанатык, я просты мужык. Напярэдадні ў маей галаве сапраўдная каша. Бываюць такія думкі: і навошта мне ўсё гэта здалося? Можна сарвацца з ветранай вышыні і разьбіцца насьмерць, можна жыўцом згарэць ад электранапругі, можна трапіць у рукі праваахоўных органаў і страціць як свабоду, так і здароўе.

Дзеці застануцца бяз бацькі, хто ім дапаможа? Якое выхаваньне і якія погляды на жыцьцё ім навяжуць? Але кожны раз прыходжу да высновы: ніхто, акрамя цябе, ня будзе змагацца за шчасьце тваіх дзяцей, твайго народа, тваёй Радзімы!

Пад час правядзеньня акцый я навучыўся адключаць пачуццё страху. Страх зьнікае, застаецца халодны разлік сваіх фізычных магчымасьцяў. Там, у ветранай вышыні, усё намнога прасьцей, чым на зямлі сярод людзей. Там толькі ты і сьмерць, якой ты глядзіш проста ў вочы. Там усё па справядлівасьці і без падману: альбо ты, альбо яна.

Б: А як ты ставісься да сваёй славы?

М: А на халера мне тая слава, калі з маўклівай згоды большасьці беларусаў розныя прайдзісьветы штурхаюць нашых дзяцей у змрочнае і трывожнае сярэднявечча.

* * *

Цягнік спыніўся ля майго прыпынку і я пасьпяшаўся да выхаду, а ў паўпустым вагоне застаўся са сваімі думкамі Мірон. У яго адабралі маёмасьць, пазбавілі гарадзкой прапіскі, юрыдычна зьліквідавалі ягоную сям’ю, адабралі родную мову і зямлю продкаў, пазбавілі нацыянальнай культуры яго дзяцей, але дух ягоны не зламалі.

Ён нікому не падпарадкуецца; ён не адпрацоўвае нічыіх грошай, ён проста робіць тое, што павінен рабіць кожны нармальны чалавек у цяжкую для Радзімы гадзіну, ён заве беларусаў за сабою да змаганьня за светлую будучыню сваіх нашчадкаў.

Мірон — гэта ўвасабленьне легендарнага, не скарыўшагася існуючаму дыктатарскаму рэжыму простага вольналюбівага мужыка-беларуса.

Запісаў Б. Барысаў

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro