Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


“АЛЕ ВЕРУ Я Ў ЗАЛАЦІСТЫ ДЗЕНЬ…”

Гэтым летам Яўген Савельеў, лідар віцебскага гурту “New Сosmopolis”, пабываў у Польшчы з сольнымі канцэртамі. Аб паездцы і восеньскіх плянах гурту наша размова са сьпеваком.

— Раскажыце, калі ласка, аб польскіх канцэртах.


— Напрыканцы лета я зьезьдзіў на пяць дзён у Польшчу, за што вельмі ўдзячны тым, хто мяне туды запрасіў. У Польшчы я быў на рэкалекцыях сэмінарыстаў — будучых уніяцкіх сьвятароў, якія будуць працаваць на Беларусі.


— Што такое рэкалекцыі?

— Гэта такія сустрэчы, дзе праводзіцца выкладаньне сваеасаблівага курсу аб пакліканьні да Бога, ці гутаркі на біблейныя тэматы разам з актыўным адпачынкам. Што тычыцца апошняга, дык у гэтай частцы мае канцэрты былі засноўнай падзеяй. Тое адбывалася побач зь Беларусьсю ў польскім мястэчку Кастам(а)лоты. Там знаходзіцца грэка-каталіцкая старажытная царква Трынаццаці падляскіх мучанікаў, якой больш за 400 гадоў. Яна драўляная і амаль што захавала першапачатковае аблічча. Гэта вельмі ўражвае. Упершыню сьпяваў у праваслаўнай царкве пры ўрачыстай атмасфэры. Вельмі прыемнае і… нечаканае пачуцьце.


— Вашыя слухачы былі праваслаўныя ці грэка-каталікі?

— Яны й ёсьць праваслаўныя каталікі. Абрад у іх праваслаўны, усё праваслаўнае, адзіная толькі адрознасьць, што яны належаць да Рыму. Як і павінна быць — Недзялімая Царква.

— На якой мове вядуцца набажэнствы?


— На беларускай і стараславянскай. Там было вельмі ўрачыста і няма словаў, каб выказаць, які сярод прысутных быў беларускі дух!

Напачатку моладзь ня надта мяне горача ўспрымала. Ну, нейкі сьпявае, хай спьпявае, невядома хто. Але напрыканцы былі вельмі жаркія абдымкі. І вельмі жадалі мець са мной справу, набывалі касэткі. Справа рухалася і людзі ўспрымалі тое, што ім сьпяваў.

Яшчэ быў у мястэчку Пратуліна. Там, дзе загінулі трынаццаць мучанікаў, ад якіх атрымала назву царка ў Кастамлотах.

— Ці можна падрабязьней аб пакутніках?


— У нас ёсьць пяць пакутнікаў полацкіх, якіх закатаваў Пётр I, і якім у мяне ёсьць прысьвечаная песьня. Гэта на ўсходзе тут, а там — захад. На захадзе таксама падобнае ў мінулым стагоддзі нарабілі казакі расейскія. Апасьля падзелу Рэчы Паспалітай Расея прымушала вуніятаў пераходзіць у праваслаўе. А ў Пратуліне адбыўся бунт народу. Калі прыехаў да іх з Масквы праваслаўны бацюшка, яго не пусьцілі. Тады паслалі туды войска казакаў. Паўстаўшыя людзі бяз зброі абаранялі сваю царкву, свайго сьвятара вуніяцкага. І казакі растралялі іх, у васноўным мужчынаў, якія закрылі сабой жанчынаў. Я бачыў вялікі абраз аб гэтай падзеі ў касьцёле ў Пратулінах. У іх страляюць казакі, а яны самаахвярна йдуць за веру на сьмерць супраць расейскага прыгнёту.

Мяне гэта вельмі ўразіла, і спадзяюся, што можа будзе песьня. Падобнае адбывалася паўсюдна на Беларусі. Мы ведаем, колькі сьлёзаў і бедаў было пад час паўстаньня К.Каліноўскага і найдалей пад час бальшавіцкай акупацыі. А там у касьцёле, сьпяваў сваю песьню “Аб пяці пакутніках полацкіх”, якую толькі перайначыў на “Трынаццаць мучанікаў падляскіх”.

— Вы задаволены паездкай?


— Так. У выніку паездкі раблю выснову, што толькі духоўнае Адраджэньне наблізіць нас да нацыянальнага і палітычнага разьняволеньня.

Дарэчы, там убачыў зоркі. Цудоўныя. Толькі з-за адных іх можна было туды зьезьдзіць. Бо ў жыцьці яшчэ ня бачыў так блізка неба, як на тэрыторыі таго грэка-каталіцкага сэнтуарыюма ў Кастамлотах. Я выходзіў на двор, бачыў неба, і зоркі літаральна віселелі на галавой. Так цудоўна. Не карцела, нават, ісьць спаць. Нешта фантастычнае, зорны Птушыны шлях… Спадзяюся гэтаму будзе працяг. Менавіта творчы.

— А чым Вы цяпер займаецеся, вараціўшыся з Польшчы?


— Найперш, гэта запіс альбому “Хрыстос уваскрос!” і здымкі відэакліпу “Любоў”. Здымкі набліжаюцца да завяршэньня і спадзяюся, што ў кастрычніку мы ўжо ўбачым кліп.

— У Вас ён нейкі незвычайны?


— Кліп на песьню “Любоў” — гэта трохплянавае відовішча на дзевяць з паловай хвілінаў. Такога яшчэ ніхто не рабіў, наколькі ведаю. Ва ўсялякім выпадку ня бачыў.

Першы плян — гэта мы, музыкі. Мы як бы назіральнікі за тым, што адбываецца. А адбываецца жыцьцё, адбываецца любоў. Любоў, якую нам дораць нябёсы. Любоў, зь якой усё пачалося.

Другі плян — гэта гісторыя каханьня, перажытага мной. І, вядома, частка фантазыі.

І трэці плян — гісторыя каханьня душаў. Нашае нутро. Духовае цела. Адкуль усё зьяўляецца. Можна верыць або не — гэта нашае ўяўленьне, фантасмагорыя. Але той, хто ведае, што Бог існуе, скажа, што так яно й ёсьць. І хай судзіць.

— Разам з кліпам, напэўна, будуць канцэрты?

— Так, мы зьбіраемся з гуртом праехаць па абласным гарадам з акцыяй “Любоў уратуе Беларусь”. Гэта будуць канцэрты беларускай лірычнай песьні.

— Цяпер шмат хто заўважае, што творчым людзям стала цяжэй тварыць. Вы маеце крыніцу натхненьня?


— Натхненьне ёсьць, хаця сёлета яго меньш, чым раней. Колькі сьпеваў зьявілася. Апошні — гэта на вершы маёй маці “Хрыстос прыйде!”. Ён увойдзе ў новы альбом “Хрыстос уваскрос!”, які мы ўжо зводзім на студыі.

Напачатку лета напісаў песьню, на якую мяне натхніла вельмі цудоўны чалавек, маці маёй сяброўкі. Папрасіла да дня нараджэньня нешта напісаць. Атрымалася песьня, але як ні дзіўна, яна супала з падзеямі на Нямізе. Песьня называецца “Дочанька”. Яна пісалася 28-30 траўня. Калі пісаў 28-га, дык у мяне загучалі ноткі рэквіюма. Нават спужаўся, бо прасілі пісаць да дню нараджэньня, а ня сьмерці. І вось адбылася трагедыя.

З гэтага вынікае, што інфармацыйная нябачная прастора існуе. Зь яе шло папярэджаньне. Няміга сёньня, лічу, толькі працяг Чарнобыля. Таму, калі народ далей будзе патураць тому беззаконьню, якое адбываецца вакол, то будзе яшчэ горш.

— Тым ня меньш павінна быць перспектыва.

 

— Вось і заклікаю людзей да Бога імкнуцца. Храмы не зачыненыя, калі ласка.

Тое, што адбыўся землятрус у Турцыі, толькі пацьверджаньне таму, што катаклізмы ня зямлі будуць працягвацца. Таму, што мараль з кожным годам падае ўсё ніжэй. І ў стане адраджэнцаў ня ўсё ідэальна чыста. Мы ўсе людзі. Але мы, тыя, хто адраджае нацыянальнае пачуцьцё, павінныя мець чыстыя душы. Павінныя імі сьвяціцца, мець свае сасуды чыстымі. Каб быў прыклад, каб былі сьветачы, каб яны зьзялі яскрава. Мы павінныя быць сапраўды сьвятымі, калі ўзялі нашую бел-чырвона-белую сьвятую сымболіку. Як бы цяжка не было.

Мяне Бог аніколі ня кінуў. Ён мне дае нахненьне, якое кажа:

“Але веру я ў залацісты дзень,

сьветлы сонечны дзень над зямлёй.

Гэты дзень узыйдзе над краінай маёй,

мужны рыцар яго прынясе.”

Юрай Касіч

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro