Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
ЛЮБЛІН АЗНАЧАЕ ЛЮБЛЮ!
Напачатку сакавіка ў лідара віцебскага гурту “New Cosmopolis” Яўгена Савельева адбыліся гастролі ў польскім горадзе Люблін. Вось што ён распавёў мне аб гэтай паездцы.
— Яўген, апошнім часам ты набываеш усё болей вядомасьці. Вось і ў Польшчы цябе ўжо ведаюць.
— Ну, сказаць, што ў Польшчы мяне ведаюць, будзе занадта, але сярод жыхароў Любліна пэўная частка людзей ведае.
— А што, цеснавата ў Беларусі? Ці гэта спалучана з матэрыяльным бокам жыцьця?
— Не, ў Беларусі мне ня цесна, але й ня надта ўтульна. І, канечне ж, немалую ролю адыгрывае матэрыяльны бок справы. Нашыя людзі ніколькі ня горшыя за палякаў. Але, нажаль, ня ведаюць гэтага. Таму й жывуць горш. У Беларусі, калі ты малавядомы, то на твой канцэрт і задарма ня пойдуць. У Польшчы наадварот: і маладога ўшануюць, і матэрыальна падтрымаюць.
— А як прымалі палякі?
— Выдатна. Сьпяваў у васноўным па-беларуску. Крыху на расейскай, і крыху на чэскай мове.
— Як выглядалі твае канцэрты?
— Гэта былі творчыя сустрэчы з каталіцкай моладзьдзю Любліна. Хвілінаў 30-40 я распавядаў аб сабе й сваім рэлігійным жыцьці, а астатні час, гэта гадзіны 2-3, сьпяваў. Перад кожнай песьняй коратка распавядаў зьмест.
— Ты сказаў: “рэлігійнае жыцьцё”. Дык гэта былі рэлігійныя канцэрты?
— Так, але ня без патрыятычнага ўхілу. На адной з сустрэчаў, дакладней пасьля сустрэчы, да мяне падыйшлі некалькі маладых палякаў і падзякавалі за ўрок патрыятызму.
— Што палякі ведаюць аб сітуацыі на Беларусі?
— Амаль усё. І тэлебачаньне, і астатнія сродкі “мас-медыя” праўдзіва асьвятляюць падзеі як унутры Польшчы, так і за яе межамі. А што тычыцца рэлігійнасьці маіх сьпеваў, то яны ў мяне ўсе рэлігійныя. Будзь то сьпеў пра каханьне, альбо пра палітыку.
— Добра. А які агульны вынік гастроляў?
— Выдатны, па ўсім парамэтрам. Палякі задаволены, я таксама. Маю запрашэньне на новыя канцэрты. Я спытаўся ў дзьвюх маладых палякаў: скуль паходзіць назва іхняга гораду? Нажаль, яны не далі дакладнага адказу, хаця й няблага ведаюць гісторыю заснаваньня Любліна. Тады я сам вырашыў для сябе, што, паколькі польскае слова “Liube” азначае “люблю”, пэўна ад гэтага слова й ўтварылася назва горада. Люблін азначае — Люблю! А любоў для мяне — гэта ўсё жыцьцё.
— І апошняе, па-парадку, але не па значнасьці. Хто быў арганізатарам Люблінскіх гастроляў?
— Арганізатарам былі годныя людзі грамадзкія дзеячы Любліна Рычард і Данута Маджыеўскія, з удзелам прадстаўнікоў Люблінскага каталіцкага ўнівэрсітэту.
— Дзякуй ім. Дзякуй табе за творчасьць. Посьпехаў!
Юрай Касіч
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro