Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
ВАРТАЎНІК — АБАРОНЦА
Калі маеш досьвед кантактаў зь міліцыяй на глебе абароны беларушчыны, дык ужо ня дзівісься зь “недакладнасьцяў” міліцэйскіх пратаколаў. Але, каб так шчыра абмовіць паважанага мной чалавека…
У матар’яле Алесі Мятлы “Сторож — хулиган” (“Витебский курьер” № 86(704), 14.11.2000) расказвалася, як нейкі нецьвярозы вартаўнік-аўганец пабіў, ня помнячы сябе, 50-гадовага аўтамабіліста. Аб гэтым, а таксама аб тым, што супраць яго распачатая крымінальная справа, журналістцы паведамілі ў Першамайскім райаддзеле міліцыі.
Гэтакі камэнтар да крымінальнай справы ёсьць звычайная дэзынфармацыя, каб апраўдаць пасьпешныя дзеяньні міліцыянтаў. Яны зьбіваюць грамадзяніна да непрытомнасьці (як было насамрэч з гэтым вартаўніком), а потым кажуць, што ён пьяны і злачынец. І прытым яшчэ размаўляе па-беларуску. Карацей, “вораг народа”.
Працуючы вартаўніком у гаражох, сам зьведаў, што ўвечары там творыцца “беспредел”. Тое, што 4-га лістапада прыкладна ў 22:00 на тэрыторыі ГБК “Саланг” на законнае патрабаваньне вартаўніка прад’явіць нармальную прапустку, адказам была лаянка, пагрозы, кіданьне ў твар іншага пасьведчаньня ды рукапрыкладзтва — нажаль звычайная рэч. І калі такога “вадзілу” вартаўнік не дапусьціў на аб’ект, дык правільна зрабіў па інструкцыі.
Але такі парадак шмат каму не падабаецца. Таму, пасьля першага інцыдэнту адразу ўзьнік другі. Больш цяжкі. Цераз колькі часу на тэрыторыі нехта зьявіўся, і не рэагаваў на зварот вартаўніка спыніцца. Неўзабаве высьветлілася, што гэта свой аўтамабіліст, але вельмі агрэсыўна настроены. Ён стаў нэрвова пагражаць і ўдарыў вартаўніка. На што атрымаў адказ. Далей небарака паспрабаваў вынуць з похвы сьцізорык, які вартаўнік насіў на пасе. Гэтага яму не ўдалося, ён толькі змог парэзацца. Тады супакоіўся й зьнік.
І тут хутка прыбылі міліцыянты. Вядома, што вінаватым стаў той, у каго няма тэлефону. Гэта значыць вартаўнік, які ня меў магчымасьці набраць 02. Адбылася размова — “фэйсам аб тэйбл”. Для гонару дзяжурнага трэба дадаць, што Зьміцера Піменава ў тую ноч з пастарунку адразу выпусьцілі. Бо ён быў цьвярозы й патрабаваў прыезду сваяго начальніка ды адваката.
У пракуратуру З. Піменавым пададзеная сустрэчная заява аб нападзе на працы. Але ж сьледчы, выклікаючы да сябе вядомага ўжо ў Віцебску бэнээфаўца, раіць яму прыхапіць цёплыя рэчы. Выглядае, што гэта — наўмыснае запалохваньне беларуса за актыўную палітычную дзейнасьць, якога перасьледуюць нават на вартаўнічай пасадзе. Прыклад такога ж парадку, як сёлетні напад невядомых на Барыса Хамайду ўвечары ля дому. Ды на Уладзіміра Плешчанку ў вёсцы. Дарэчы, і аўтар вымушаны быў зволіцца з пасады вартаўніка гаражоў абласнога доктарскага начальства.
Юрась Карпаў
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro