Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


Warszawa, Polska
3 ліпеня 2000 г.

Frau BENITA FERRERO-WALDNER
OSCE, Vienna, Austria

 

Паважаная спадарыня старшыня!

Дазвольце засьведчыць Вам павагу і падтрымку Вашай працы ў імкненьні дапамагчы аднаўленьню законнасьці ў маёй краіне.

У 1991 годзе нам (Беларускаму Народнаму Фронту) удалося мірным шляхам вярнуць незалежнасьць Беларусі, спыніць дзейнасьць КПСС і камсамолу. Аднак у нас не хапіла тады сілы, каб перахапіць уладу ў савецкай намэнклятуры і зрабіць карэнныя дэмакратычныя перамены.

Цяпер падтрыманы Масквой дыктатарскі рэжым Лукашэнкі бачыць сваю бліжэйшую задачу ў правядзеньні выбараў у бяспраўны (кішэнны) парлямант з мэтай легалізацыі сваёй улады.

У легалізацыі ўлады Лукашэнкі зацікаўлена таксама Масква, бо прызнаньне рэжыму міжнароднай супольнасьцю пашырыць магчымасьці Расеі па інкарпарацыі Беларусі.

Ад самага пачатку было відавочна, што рэжым пойдзе на выбары толькі па сваім сцэнары, не зважаючы ні на што. Лукашэнку галоўнае не міжнароднае прызнаньне выбараў, а поўная перамога на выбарах па поўнасьцю сваёй праграме. Яго мала непакояць міжнародныя праблемы, бо гэтыя праблемы ў яго ўжо і так ёсьць. Галоўнае цяпер для Лукашэнкі — не стварыць сабе яшчэ і ўнутраных праблемаў. Таму выбары ён намераны правесьці толькі па-свойму і выйграць іх па ўсіх накірунках любой цаной, стопрацэнтова і безаглядна.

Потым, з пазыцыі пераможцы і новай рэальнасьці, пры падтрымцы Масквы, разам яны будуць вырашаць праблему міжнароднага прызнаньня.

Лукашэнка нават не хавае сваіх намераў: перамовы апазыцыі з уладай не адбыліся, ніякіх захадаў дзеля нармальных выбараў ня зроблена, умовы ня выкананыя, ініцыятывы апазыцыі не прымаюцца, увесь час адбываецца дэманстрацыя грубай ваенна-міліцэйскай сілы.

Нас насьцярожыла, што прадстаўнікі АБСЭ ў Менску не зрабілі з гэтага неабходныя высновы. 1-га чэрвеня кіраўнік Рабочай групы АБСЭ ў Беларусі Адрыян Севярын спатыкаецца са старшынёй Дзяржаўнай Думы Расеі камуністам Г. Селязьнёвым (які ў 1996 годзе непасрэдна прымаў удзел у дзяржаўным перавароце ў Беларусі) і заяўляе, што ня гледзячы ні на што, ён за тое, каб беларускія палітычныя партыі ўдзельнічалі ў недэмакратычных выбарах і спадзяецца ў гэтым на падтрымку Дзяржаўнай Думы Расеі. (Пазыцыя А. Севярына адлюстравана ў прэс-рэлізе Дзяржаўнай Думы Расеі і агэнцтва Белапан.)

Пасьля дзеяньняў спадара Севярына Партыя БНФ (Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — Беларускі Народны Фронт) прыпыніла свой удзел у перамовах і заявіла пра няўдзел у плянуемых недэмакратычных выбарах. Мы лічым, што прадстаўнікі АБСЭ на Беларусі павінны спрыяць інтарэсам дэмакратыі ў Беларусі, а не інтарэсам чужой дзяржавы.

Рэжым Лукашэнкі не згадзіўся і ня згодзіцца на дэмакратычныя выбары, але паспрабуе скарыстаць невыразнасьць пазыцыі АБСЭ ў сваіх інтарэсах. Становішча настолькі акрэсьленае, што няма сэнсу нават у міжнародным назіральніцтве за імітацыяй выбараў у Беларусі. Тым больш, што ў іх ня прымуць удзел асноўныя апазыцыйныя партыі.

Паважаная спадарыня старшыня! Я спадзяюся на добрае разуменьне з боку АБСЭ становішча ў Беларусі і прасіў бы падтрымаць Беларускі Вызвольны Рух і апазыцыйныя партыі ў змаганьні за абарону незалежнасьці, дэмакратыю і законнасьць.

Ваша зафіксаваная пазыцыя аб недэмакратычнасьці плянуемых выбараў у Беларусі, аб неадпаведнасьці іх нормам дэмакратыі і міжнароднага права, аб бессэнсоўнасьці міжнароднага кантролю за такімі выбарамі — ўсё гэта паспрыяла б зьберажэньню і мабілізацыі беларускіх вызвольных дэмакратычных сілаў, захавала б магчымасьці стварэньня законных выканаўчых структураў улады і падрыхтоўкі да іншых, больш пэрспэктыўных выбараў.

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага
Фронту і Партыі БНФ
(Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro