Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


ЗАЯВА
У СУВЯЗІ 3 АНТЫБЕЛАРУСКАЙ ДЗЕЙНАСЬЦЮ
ГАНСА-ГЕОРГА ВІКА

У верасьні мінулага году на Міжнароднай канфэрэнцыі ў Беластоку кіраўнік Менскай місіі АБСЭ Ганс-Георг Вік прагаварыўся і заявіў, што ён і Місія АБСЭ ў Менску ўжо на працягу шэрагу гадоў праводзіць палітыку, накіраваную на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі.

Пакідаю ў баку прычыны такой недыпляматычнай заявы. Яны нам вядомыя. Сутнасьць жа ў тым, што спадар Вік увесь час займаўся ў Беларусі дзейнасьцю, якая супярэчыць нацыянальным інтарэсам нашай краіны і злучаецца з палітыкай расейскага нэакаляніялізму ў дачыненьні да Беларусі.

Спадар Г. Вік мае адносіны да спробаў разбурэньня Беларускага Народнага Фронту і да імкненьняў эьнішчыць Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух, які змагаецца супраць імпэрскай палітыкі Расеі і прамаскоўскага рзжыму ў Беларусі. Спадар Г. Вік непасрэдна займаўся арганізацыяй так званай “аб'яднанай апазыцыі” (гэта значыць апазыцыі без беларускіх адраджэнскіх ідэй), каб супрацьпаставіць яе Беларускаму Нацыянальна-Вызвольнаму Руху па прынцыпу: за дэмакратыю без суверэнітэту.

Дзейнасьць спадара Ганса Віка ў Беларусі мела падвойны характар. 3 аднаго боку — выбарачная абарона правоў чалавека (гэта значыць тых, хто падабаўся спадару Віку, бо ён ніколі не выступаў у абарону пацярпелых ад дзеяньняў рэжыму кіраўнікоў і сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ), з другога боку — спрыяньне легалізацыі і прызнаньню рэжыма Лукашэнкі міжнароднай супольнасьцю. Гэта асабліва было добра відаць восеньню мінулага году, у часе падрыхтоўкі выбарчай кампаніі і выбараў у парлямант (“палату” Лукашэнкі). Аднак тады спадару Г. Віку нічога не ўдалося.

Заява спадара Г. Віка ў Беластоку перапоўніла чашу цярпеньня. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ прынялі пастанову, дзе аб'явілі спадара Г. Віка пэрсонай нон-грата ў сфэры Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху і запатрабавалі ад міжнародных арганізацыяў адкліканьня яго зь Беларусі. Аб гэтым намі былі дасланыя афіцыйныя лісты ў Парляманцкую Асамблею АБСЭ кіраўніку Ёшку Фішару. Я асабіста пісьмова інфармаваў пра рашэньне Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху спадара Г. Віка і амбасадара Нямеччыны ў Менску спадара X. Вінкельмана.

Рэакцыя была сімптаматычнай. Адразу, пасьля нашага рашэньня, з пагрозамі ў бок АБСЭ выступіў спадар Лукашэнка і яго кіраўніцтва, а дэмакраты тут жа пачалі абараняць спадара Г. Віка.

29 студзеня гэтага году мне афіцыйна паведамілі зь Місіі АБСЭ ў Аўстрыі а6 разглядзе нашых патрабаваньняў і а6 перасылцы іх новаму кіраўніку АБСЭ ў Румынію. Неафіцыйна стала вядома, што спадара Г. Віка зьбіраюцца адклікаць зь Беларусі ў чэрвені гэтага году.

І тут жа зноў мы чуем чарговыя афіцыйныя “пагрозы” спадару Г. Віку з боку беларускага МЗС і чарговыя заявы “дэмакратаў” у яго абарону.

Сінхронная праца спадара Г. Віка і маскоўскіх функцыянэраў у рэжыме Лукашэнкі нас не зьдзіўляе. Гэтак жа, як і іхняе жаданьне зрабіць зь яго цярпельца за дэмакратыю і пакінуць у Менску.

Мы настойваем і яшчэ раз голасна паўтараем: Ганс-Георг Вік павінен пакінуць межы Беларусі.

Яго дзейнасьць не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі і супярэчыць антыкаляніяльным прынцыпам змаганьня з рэжымам Лукашэнкі. Яна прынесла шмат шкоды і мала карысьці.

Мы не прымаем маскоўскае палітыканства спадароў зь Міністэрства замежных справаў Беларусі і хітрасьці нямецкай дыпляматыі.

Мы ня лічым добрай практыкай прызначэньня на пасаду кіраўніка Міжнароднай праваабарончай арганізацыі былога кіраўніка зьнешняй разьведкі замежнай краіны (хай сабе й пэнсіянэра). Карпаратыўнасьць сусьветных разьведак добра вядомая. Прыдзе час — Беларусь стане вольнай, і мы пазбавімся ад іх усіх.

22 траўня 2001 г.
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага
Фронту “Адраджэньне”

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro