Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


КУРАПАТЫ.
ДЗЕСЯЦЬ ГАДОЎ ПАСЬЛЯ

 

Калi я цяпер азiраюся на 10 гадоў назад, то не магу збавiцца ад вострага адчуваньня спрэсаванага часу. Якраз у гэтае 10-годдзе адбылiся ў нас падзеi, якiя фармуюць будучыню, выклiкаюць перамены асноў. Адной з такiх падзеяў, я лiчу, было адкрыцьцё праўды пра Курапаты.

У гiсторыi кожнай нацыi ёсьць свой лёс, свая ўдача, сваё наканаваньне, якiя абумоўленыя i вынiкаюць з характару людзей. Тут ня трэба нiчога шукаць звыш. Звыш дадзена толькi жыцьцё. I тым ня менш у гэтым фiзычным, сацыяльным, духоўным жыцьцi ёсьць падзеi, зьявы, i нават прадметы, якiя набываюць знакавае, вызначальнае, сымвалiчнае значэньне для цэлых эпох. Такiм вызначальным сымвалам i знакам зьяўляюцца для беларусаў Курапаты.

Знакавая зьява характарызуе грамадзтва i вызначае яго. Каб даведацца, што ёсьць грамадзтва ў Беларусi i ў якiм стане яно знаходзiцца, варта зьезьдзiць у Курапаты i паглядзець. Можна не задаваць нiякiх пытаньняў. Разумны ўсё зразумее.

Дэдуктыўная лёгiка падказвае цалкам лягiчны працэс, што, каб перамянiць грамадзтва, дастаткова зьмянiць яго знак. I я пагаджаюся з гэтым.

Дык iдземце ж у Курапаты i прывядзем у парадак усе магiлы, пасадзiм кветкi, паставiм крыжы, пасыпем дарожкi чысьцюткiм пяском i пабудуем там Беларускi Храм, дзе будзе гучэць вечны рэквiем зь мёртвых устаньня тым, якiх забiлi, тым, што маўчалi i вечна маўчаць.

Калi мы гэта зробiм i калi гэта станецца, то мы заўважым ужо iншае грамадзтва, iншыя дачыненьнi i iншы народ. Калi ня зробiм, то ўбачым, што бяз зьмены ў грамадзтве нiчога не пераменiш у запушчаных, згаджаных i зьнявечаных Курапатах — духоўным люстэрку беларускай нацыi.

* * *

Пра знакавае значэньне Курапатаў падсьвядома я здагадваўся даўно, яшчэ ў 70-х гадах. Мне было абсалютна зразумела, што трэ'было берагчы таямнiцу. Iнакш камунiсты зьнiшчылi б гэтае месца. Такi вопыт я ўжо меў пазьней у гiсторыi з Лошыцай пад Менскам — месцам, такiм жа, як Курапаты. Сьляды Лошыцкiх расстрэлаў энкавэдзiсты зьнiшчылi ў 1988 годзе, прасачыўшы, як я думаю, накiрунак маiх дасьледваньняў.

Калi мець на ўвазе нармальнае разьвiцьцё грамадзтва, то абсалютна недапушчальным ёсьць забыцьцё нацыянальнай гiсторыi, i асаблiва — страты памяцi пра генацыд, пра трагiчныя зьявы нацыянальнай мiнуласьцi, якiя перажылi людзi. Забыцьцё гiсторыi прыводзiць да зьнiкненьня культуры. Забыцьцё нацыянальнага мартыралёгу — да бездухоўнасьцi i паўтарэньня забойстваў.

На шчасьце, былi беларусы, якiя рупiлiся пра памяць. Першай працай, якая расказала сьвету пра ленiнска-сталiнска гулаг, была выдатная кнiжка ўспамiнаў салавецкага вязьня бальшавiкоў Францiшка Аляхновiча "У кiпцюрах ГПУ", выдадзеная ў сярэдзiне 30-х гадоў i адразу перакладзеная на шмат якiя мовы Эўропы.

Я прачытаў яе ў бiблiятэчным спэцфондзе ў Вiльнi дзесьцi ў пачатку 70-х гадоў, тыды, калi ўжо ведаў пра Курапаты. Кнiга ўразiла мяне мастацкiм узроўнем i iнтэлегентнасьцю мовы, уменьнем пра страшную турэмную бальшавiцка-расейскую рэчаiснасьць, палоньнiкам якой быў Аляхновiч, расказаць спакойна з вышынi культуранага чалавека.

Мне прыходзiлася назiраць ня раз, як, знаходзячыся ў грубых умовах савецкай рэчаiснасьцi, нармальныя людзi — беларусы ламалiся, апускалiся i станавiлiся падобнымi на тых, хто акупаваў нашу краiну. Але былi i такiя асобы, як Францiшак Аляхновiч, Ларыса Генiюш, Адам Станкевiч i iншыя вязьнi гугага i пакутнiкi-беларусы, якiя духоўна ўзвышалiся над бальшавiцкiм лягерным брудам i нiшто не заплямiла iхняй душы. Гэта ўсё былi людзi, якiя дахно ахвяравалiся служыць Беларусi. У iхных сэрцах заўсёды была Беларусь. Iм давала моцы беларуская iдэя незалежнасьцi i вольнай Бацькаўшчыны.

Кнiга Аляхновiча, размовы зь незабыўнай Ларысай Генiюш i iншымi вязьнямi мяне найбольш умацавалi ў думцы, што трэба абавязкова давесьцi сьвету праўду пра Курапаты. Але як? Як гэта зрабiць пад савецкай акупацыяй, дзе бязьмежна пануюць КПСС i КГБ? Нават самы вынiковы плян мог бы скончыцца ў тых умовах якiм-небудзь спроткомплексам з басэйнам на месцы Курапатаў цi падземнымi гаражамi для партыйнай намэнклятуры i ветэранаў НКВД.

* * *

З усёй гiсторыi пасьлясталiнскай саветчыны 70-я гады мне падаюцца найбольш задушлiвымi. Гэтая духата, здавалася, вiсела ў паветры, гайдалася i гусьцела пад п'яныя песьнi здэнацыяналiзаваных людзей. Залаты час намэнклятуры. Ён асацыюецца ў мяне чамусьцi з вернападданьнiцкай фiзiяномiяй першага сакратара ЦК КПБ Машэрава, зь яго тандэтным акторствам i пустапарожнiмi выступамi пра "камунiстычную цывiлiзацыю", з апэрацыяй "галiнкi", калi па яго загаду на корм каровам зьсякалi хмызьняк, зь яго кар'ерным iмкненьнем скочыць у Крэмль. Гэты манкурт i "друг пiсацелей" iмкнуўся першым прывесьцi Беларусь да камунiзму: пазачыняў амаль усе беларускiя школы, паўсюдна ўвёў расейскi "язык" i вывеў беларускую мову з афiцыйнага ўжытку; ён асабiста iнiцыяваў зьнiшчэньне гiстарычных цэнтраў беларускiх гарадоў i старажытнай вулiцы Нямiга ў Менску i пры гэтым заiгрываў з членамi Саюзу пiсьменьнiкаў, якiя атрымлiвалi падачкi i цешылiся асабiстым знаёмствам.

Рэдка хто з кiруючых царкоў выклiкаў большую нянавiсьць i агiду ў нармальных беларусаў, чым Машэраў. Цяпер — хiба што толькi Лукашэнка. Невыпадкова, што непрыяцелi Беларусi старалiся зрабiць культ з гэтага прыхiльнiка Масквы i невылечнага русыфiкатара.

Недзе ў канцы 70-х гадоў, цi ў 80-м, едучы з недазволенай хуткасьцю ў партыйным картэжы, машына Машэрава ўрэзалася ў прычэп з бульбай i ён забiўся. Зьявiўся iншы царок, потым — iншы, потым яшчэ iншы. Усе яны аднолькава любiлi ўладу. Усе яны аднолькава не любiлi Беларусь.

У пачатку 70-х гадоў я жыў у мiкрараёне Менска ля Лагойскай шашы па вулiцы Кальцова. Хто быў гэты Кальцоў — нiхто ня ведаў. Сярод вядомых беларусаў такога прозьвiшча не чуваць. Быў такi Кальцоў ў Расеi (там гэта даволi вядомы паэт). Аднак у домакiраўнiцтве мне сказалi, што "Кольцов — это революционный деятель партии". Ну Бог зь iм. Вулiца Кальцова была на ўскраiне горада. Адсюль адкрываўся вiд на палi i далёкi лес. Побач, справа ад жытнёвага поля — вёска Зялёны луг. Пзьней, ужо ў канцы 80-х, я занатаваў сабе ў сшытак i пра гэтую вёску, i пра гэты лес:

Дзе вёска некалi стаяла — цяпер мiкрараён.
На Курапаты — вiд.
З вакон дзевятага паверху
Так вока суцяшае лясiсты краявiд.

Там чвэрць мiльёна душ нявiнных,
Людзей — цьвет нацыi,
Пад шыльнiкам ляжыць,
Замучаных, забiтых, скатаваных.
I вымiрае памяць навакол
У вёсках здратаваных.

Пяць год перад вайной бальшавiкi
Штодня, штоноч машынамi вазiлi,
Вязалi, ламалi рукi, бiлi,
Сьмярдзючым коркам затыкалi рот,
Каб слоў ня чуць на мове людзкай,
I па-майстэрску ў галаву
Стралялi куляй з матам рускiм.

Здаецца, няма лепшага стану душы, калi цёплым летнiм вечарам iсьцi ўздоўж маладога жыта, якое красуе ў абрамленьнi сасновага лесу i хораша пахне зялёным соладам. Унiзе на доле — зялёны луг. Пэўна, ад яго i пайшла назва вёскi. Усё проста. проста, як вечнасьць. Неяк, гаворачы пра гэтую вечнасьць i хваёвае хараство з зялёналужскiмi дзядамi, я i наштурхнуўся на тое, што хавалася ў тым недалёкiм лесе — месца расстрэлаў НКВД. Потым пра тое ж мне расказаў мой добры знаёмы iнжэнер Яўген Шмыгалёў, якi даўно ўжо чуў апавяданьнi вяскоўцаў. Калi мы першы раз прыйшлi ў гэты лес восеньню, пад нагамi шапацела апалае лiсьце, зьдзiмалася ветрам у западзiны магiльных ям. Iх было безьлiч. I гэта мяне ўразiла, як маланка. Няўжо такую страшную справу ня ўдасца падняць на сьвет Божы, няўжо iзноў усё вымра ў нябыт. Бясьсiльле нэрвавала:

Калi ж апошнi сьведка дзён
У дол пяшчаны сыйдзе,
Тады iзноў крывёй бакал
Налье сатрап i злыдзень
I баль пачне сярод чумы чырвонай,
Каб выпiлi да дна
I вымерлi пад корань.

Пямятаю, як доўга тады ў Курапатах хадзiлi мы па гары, спаласаванай магiламi расстраляных. Пiк камунiзму.

Зрэшты, кожны генсек рабiў свой пiк камунiзму. I кожнаму неяк удавалася. Не пашанцавала толькi Гарбачову. Гэты, наслухаўшыся пра эуракамунiзм, пачаў сумяшчаць несумяшчальнае: камунiзм i дэмакратыю, рынак i сацыялiзм, галоснасьць i партыйнасьць, суверэнiтэт i iмпэрыю. Жылi ад зьезду да зьезду. Здалося мала. Рашылi сабраць яшчэ ХIХ-ю партыйную канфэрэнцыю КПСС, каб вырашыць усе пытаньнi. Сыстэму пачало трэсьцi. Ужо былi аб'яўлены галоснасьць, перабудова i паскарэньне. Высьвятлялi: хто перабудаваўся, а хто яшсэ не; савецкiя паэты пiсалi вершы пра перабудову, "чысьцiлi сябе пад Ленiным" i г.д. Нiхто толкам ня ведаў, што трэба, але кожны па-свойму iмкнуўся патрапiць у тон. Стваралася вялiкая прапагандная помпа.

Стала зразумела, што расказаць людзям пра Курапаты можна паспрабаваць якраз цяпер, перад гэтай iхняй ХIХ-й партканфэрэнцыяй, калi сэрвiльная партбiлетная публiка была псыхалягiчна паралiзаваная з-за няпэўнасьцi арыентыраў, а верхнiя бонзы хацелi засьведчыць прыстойную мiну, гэтакi камунiзм "з чэлавечэскiм лiцiм".

* * *

Зiмой 1987 года я заплянаваў арэалягiчныя раскопкi на пачатак мая 1988 года i адразу пачаў мэтанакiраванае апытаньне сьведкаў у Мунску i ў вёсках вакол Курапатаў. У гэты ж час паабапал лясной дарогi пачалi высякаць просеку ў Курапацкiм лесу. Зьбiралiся пракладаваць трубу газаправода. Ня выключана, што пры пракладцы трубы маглi б закрануць i магiлы (так яно потым i здарылася). Усё прысьпешвала выступiць менавiта ў гэты час.

За паўгода я ўсё грунтоўна i дакумэнтальна падрыхтаваў. Апiсаньне вынiкаў архэалягiчных раскопак, акрамя навуковай справаздачы, я аформiў яшчэ пратаколам з прыцягненьнем сьведкаў i афiцыйна заверыў у мясцовым органе ўлады. Гэтага рабiць не патрабуецца, але я зрабiў, а кiраўнiкоў мясцовай ўлады запраiў на месца раскопак, каб сваiмi вачым ўбачылi, што падпiсваюць.

Артыкул "Курапаты — дарога сьмерцi" быў напiсаны i ўдакладнены зь Яўгенам Шмыгалёвым за два днi, i тут жа аднесены ў рэдакцыю "Лiтаратуры i мастацтва". Рэдактар А. Вярцiнскi адсутнiчаў, бо знаходзiўся ў доўгай замежнай камандыроўцы. Намесьнiк рэдактара Мiкола Гiль адразу вырашыў артыкул друкаваць i зьвяруўся да Валiля Быкава з прапановай напiсаць прадмову. Ён шукаў падтрымкi перад ЦК КПБ, бо газэта цэнзуравалася ў ЦК. Там праглядалi зьмест кожнага нумару "ЛIМа" i маглi запатрабаваць для чытаньня i спынiць любы матэрыял.

Адразу пачаўся шалёны цiск на Мiколу Гiля. Патрабавалi зьняць артыкул. "Страна была, — як пiсалi тады савецкiя газэты, — в преддверии" ХIХ-й пратыйнай канфэрэнцыi. Але рэдакцыя, якая стала на мой бок, супрацiўлялася. Справа даходзiла да таго, што па распарджэньнi ЦК, спынялi нават палiкрафiчныя машыны, калi павiнен быў выйсьцi нумар з артыкулам. Час цягнуўся не на маю карысьць.

I тады, вiдаць, упершыню за ўсю гiсторыю газэты, узбунтавалася рэдакцыя "ЛIМа". На агульным сходзе абмеркавалi сытуацыю, выказалi абурэнне i падтрымалi рашэньне друкаваць артыкул. Здарылася неверагоднае. У ЦК прамаргалi. Трэцяга чэрвеня артыкул быў надрукаваны.

* * *

Рэакцыя на артыку была такой, якой я i спадзяваўся. Крытычны настрой супраць КПСС быў тады на ўздыме — i балота завагалася, завухкала i заёхкала. Дзе-нiдзе газэта зачытвалi да дзiрак. Iнфармацыя ўразiла шмат каго. Але найбольшае ўражаньне i пераацэнкi яна выклiкала сярод iнтэлiгенцыi, моладзi, рабочых i тых, хто пацярпеў ад камунiстаў.

Кiруючыя камунiсты былi крыху разгубленыя i рэагаваi давоi вяла. Большасьць зь iх прыйшлi ў кiраўнiцтва партыi ў 60-х — 80-х гадах i ня мелi непасрэднага дачыненьня да забойстваў.

Затое азьвярэлi розныя маразматыкi пад агульнай назвай "ветэраны", гэта значыць — рускiя пэнсiянеры НКВД, СМЕРШа, былыя камiсары, адказныя пратызанскiя кiраўнiкi партыi i ўраду i iншыя акупанты, што аселi ў Беларусi на пэрсанальных пэнсiях дажываць сваё дадлае жыцьцё. Гэтыя-то якраз i былi па горла ў крывi, а некаторыя, можа, й стралялi ў патылiцу.

Я памятаю iх яшчэ ў сiле пры Сталiне, i ў час калектывiзацыi, сьведкам якой я быў. Я памятаю тады iхнюю пiсталетную савецкую "уласьць", iхныя крыкi, вытарачаныя вочы i iдэалёглiю "маць-перамаць."

Да часу адкрыцьця Курапатаў яны аслаблi, пайшлi на заслужаны адпачынак, сноўдалiся бездапаможна цэлымi днямi па асеньнiх бульварах ля бронзавых бюстаў, выклiкаючы жаласьць да старэчай нямогласьцi. Крымiнальныя бандыты звычайна не дажываюць да глыбокай старасьцi. Такое ў iх жыцьцё. Насупраць, бандыты дзяржаўныя, палiтычныя жывуць доўга. Зь iх робяць герояў.

Памятаю, у Гароднi ў час спатканьня з выбарцамi, я атрымаў з залi ананiмную пiсуьку, напiсаную дрэжачым склератычным пачаркам: "Слушай ты, фашист недобитый, плюю в твою белорусскую рожу! Как жаль, что ты мне не папался в 49-м, когда мы в Западной Белоруссии таких националистов, как ты, отправляли в расход. С каким бы удовольствием всадил бы я тебе в спину нож. Ты, жалкий трус, не зачитаеш мою записку, а жаль: пусьть бы все знали, какая ты сволочь."

Я зачытаў запiску i сказаў: "Камунiст, якi напiсаў гэтую запiску, устаньце." Мёртвая цiшыня — i нiхто ня ўстаў.

Усе гэтыя азлобленыя спарахнелыя зданi, увешаныя мэдалямi за забойствы нашых землякоў, нагадваюць мне таго Джэк-Лёнданскага састарэлага зьнямоглага ваўка, што стараўся кусаць чалавека, ня маючы сiлы ўжо нават сьцiснуць скiвiцы.

Я нiколi ня меў нiякiх iлюзiяў адносна гэтай воўчай пароды людзей, у якiм бы веку яны нi былi. Я нiколi ня меў сумненьня адносна iхняй адказнасьцi i iхняга пакараньня. Нават за хвiлiну да сьмерцi яны павiнны б былi быць асуджаны i пакарыны.

Я добра ведаў, зь кiм маю справу, i добра ўсьведамляў: праўда пра Курапаты павiнна перамагчы. I праўда перамагла.

Перамагла таму, што дапамог Бог. Перамагла таму, што дапамагло нашае грамадзтва i таму, што падтрымала мiжнародная супольнасьць.

* * *

Я бачыў, што камунiсты мяне недаацэньваюць. За часы бязьмежнай улады яны набралiся столькi плебейскага снабiзму, што не маглi спусьцiцца ўнiз, да нейкага там гiсторыка. Я не перажываў, бо iм жа й горай. Мяне зьдзiўляла iншае: чаму камунiсты i ветэраны НКВД робяць усё так, як мне трэба, а не па-свойму, не па-зладзейску? Яны, як i трэба было, стварылi Дзяржаўную камiсiю, перадалi справу ў пракуратуру. Пракуратура пачала сьледства i вырашыла рабiць экскумацыю з прыцягненьнем сiлаў Рэспублiканскай пракуратуры, Мiнiстэрства Унутраных Справаў, Акадэмii Навук, Мiнiстрэства абароны, крамадзкiх назiрольнiкаў, прадстаўнiкоў мясцовай улады i сьведкаў.

У Акадэмiчны iнстытут Гiсторыi прыслалi афiцыйны лiст з просьбай: "для ўдзелу ў выбарачнай эксгумацыi вылучыць супрацоўнiка Iнстытута — спэцыялiста ў вобласьцi археалёгii". Дырэктар Iнстытута наклаў рэзалюцыю: "Прыняць удзел З. С. Пазьняку."

Складвалася ўражаньне, што мае непрыяцелi, гэтак жа, як i я, хацелi правесьцi грунтоўнае дасьледваньне з прыцягненьнем усiх сiлаў. А гэта якраз тое, што мне было трэба. Закулiсныя дырыжоры, вiдаць, спадзявалiся выкарыстаць раскопкi супраць мяне.

Перад пачаткам працы сабралася нямала людзей: кiраўнiцтва Пракуратуры БССР, адказныя чыноўнiкi Мiнiстрэства унутраных спрваў, журналiсты, члены Дзяржаўнай камiсii. Прыехалi Васiль Быкаў i Алесь Адамовiч.

I вось мы пачалi. Што будзе ў зямi — я ўжо ведаў. Амаль да двух мэтраў iшоў чысты пясок, у якiм часам траплялiся фалянгi чалавечых пальцаў. Для архэоляга — гэта ўжо званочак, што грунт быў пераварушаны праз некалькi гадоў пазьней, паьля засыпкi магiлы. Але сярод афiцыйных асобаў, якiя не адыходзiлi, запанавала ўзбуджэньне. Яны сталi гаварыць голасна мiж сабой, ужо ня гледзячы на мяне, сьмяяцца, адпускаць жарцiкi, класьцi рукi ў кiшэнi, хiхiкаць, маўляў: "нiчэво нет". Пракурор БССР тарнаўскi пакруцiўся, бадзёрым крокам пашыбаваў да машыны i паехаў у сваю пракуратуру дакладваць.

Паказалiся нiжнiя пласты забiтых: прастрэляныя чарапы з дзiркамi ў патылiцы, рэвальверныя гiльзы, кулi, кумовыя галёшы, пазначаныя 1937 годам з маркай фабрык "Красный богатырь" i "Резинтрест". Запанавала цiшыня. Твары чыноўнiкаў сталi сур'ёзнымi, як на пахаваньнi. Раптам яны зразумелi, што тут не да жартаў.

* * *

Далей на працягу паўмесяца была толькi праца. Вынiкi яе вядомыя. Я расказаў потым пра iх у артыкуле "Шумяць над магiлай сосны" i ў справаздачы аб архэалягiчных раскопках. Аналiз вынiкаў паказаў, што магiлы ў Курапатах пазьней, дзесьцi ў канцы 40-х гадоў, былi раскапаныя, а косьцi зь iх — выбраныя. Архэалягiчна гэта пераканаўча даказваецца i пацьвярджаецца iншымi зьвесткамi. Хто б мог такое зрабiць? Пэўна той, хто зацiкаўлены схаваць злачынства.

Пасьля выпадку з Катыньню (вёскай у смаленскай Беларусi, дзе расстрэльвалi беларусаў з 1935 года i пра якую сьвет даведаўся пасьля расстрэлу там польскiх афiцэраў), Берыя i Цанава, а макчыма, i Джукашвiлi, маглi зрабiць высновы i даць загад аб выбарцы трупаў у Курапатах. Людзям, якiя за адну ноч эшалонамi вывозiлi цэлыя нацыi, прыдумалi "душагубку" i "мясарубку", стварылi сытсэму гулага, зрабiць гэта было нескладана.

Самаўпэўненыя, i нават агрэсiўныя, паводзiны камунiстаў перад архэалягiчнымi дасьледваньнямi Курапатуў тлумачацца, на мой погляд, тым, што яны мелi iнфармацыю з пэўных крынiцаў, быцца бы ў Курапатах нiчога няма.

Камунiсты фатальна прайгралi, як прайграюць забойцы. Схаваць забойства цяжка, а масавае — немагчыма. Хоць камунiчты ўвесь час рупiлiся пра схаваньне сваiх крывавых таямнiцаў. Рупiлiся рознымi спосабамi.

У 60-х гадах, напрыклад, калi кiраўнiцтва савецкiх пратызанаў, якiя апанавалi ўладу ў Беларусi, узмоцнена пампавала тут партызанскi культ, узьнiкла iдэя стварэньня паказушнага помнiка спаленай немцамi беларускай вёскi. Выбралi вёску пад назовам Хатынь, бо назва яе пераклiкалася зь вядомай ужо смаленскай Катыньню, а ў ангульскай мове абедзьве пiшуцца i вымаўляюцца падобна. Назва другой вёскi павiнна была зацьмiць сваiм зьместам назву першай. На гэта былi кiнутыя велiзарныя сродкi i падключана магутная прапагандычцка-турыстычная машына. Эфэкт быў дасягнуты. Мiф створаны.

Але нiчога не ўратавала большавiкоў. Знайшлiся дакуманты пра смаленскую Катынь (хоць i ня ўсе дакуманты). Стала вядомая праўда i пра менскую Хатынь.

Хатынь была спаленая ў вынiку сьвядомай, тыповай i прадуманай правакацыi савецкiх пратызанаў. Такiх правакацыяў яны стварылi на Беларусi тысячы. Каля ахвярнай вёскi спэцыяльна забiвалi немца цi абстрэльвалi нямецкую машыну (як каля Хатынi), а сьляды рабiлi — у вёску. Па сьлядах iшлi нямецкiя карнiкi i палiлi паселiшча, часта разам зь людзьмi. Такiм чынам партызанскiя энкавэдзiчты i iх штаб у Маскве ўзбуджалi ў беларусаў нянавiсьць да немцаў i заганялi дюдзей у пратызаны.

У час Другой Сусьветнай вайны энкавэдзiчты працягвалi вынiшчаць беларусаў ня толькi непасрэдна, але i рукамi немцаў. За вайну, калi верыць савецкай статыстыцы, ў Беларусi было спалена больш 9-цi тысячаў вёсак i iншых паселiшчаў. Вось такi вынiк расейска-нямецкай камунiстычна-фашыстоўскай супольнай працы па вынiшчэньнi беларусаў. Нагадаю, разам яны забiлi амаль трацiну беларускай нацыi.

Мне ўспомнiлася гэтая лiчба замардаваных беларускiх вёсак, калi ў 70-х гадах, за часы панаваньня галоўнага русiфiкатара Машэрава пад яго непастрэдным iдэалягiчным наглядам быў распрацаваны i зацьверджаны для Беларусi адмысловы плян аб пэрспэктыўных i непэрспэктыўных вёсках i аб узбуйненьнi паселiшчаў. Згодна гэтага пляну, якi пачалi ажыцьцяўляць, з 34-х тысячаў беларускiх вёсак пакiдалася крыху больш 9-цi тысячаў. Астатнiя плянавалi паступова зьнесьцi, а насельнiцтва перасялiць у iншыя, "пэрспэктыўныя" паселiшчы. Плян пачалi ажыцьцяўляць з таго, што ў "непэрспэктыўных" вёсках спынiлi сацыяльнае, матэрыяльнае, эканамiчнае i iншае разьвiцьцё. "Непэрспэктыўныя" вёскi пакiдалi на вымiраньне i аняпад.

Калi б гэты плян машэраўскiя камунiсты на Беларусi пасьпелi б ажыцьцявiць, то па сваiх разбуральных вынiках для нацыi ён быў бы фатальным, пераўзышоў бы i калектывiзацыю, i Чарнобыль разам узятыя. Беларусы як народ ужо маглi б не падняцца.

Беспакаранасьць, адсутнасьць супрацiўленьня, пакорнасьць людзей i магчымасьць рабiць з насельнiцтвам усё, iто заўгодна, ап'яняла нягоднiкаў-кiраўнiкоў i нягоднiкаў-выканаўцаў.

* * *

— …а харашо стрэляць врагов народа, — выхваляўся мясцовы энкавэдзiст Грышка Бацян, глушачы самагонку з цнянскiмi камунiстамi,— как врэжэш iз нагана, так шчэпкi лецят.

Гэтыя словы падонка пераказалi мне старыя цнянцы. Грышку добра памятае Галiна Сьцяпанаўна Жукоўская (1924 года нараджэньня, па мужу — Сiдзякiна). Гэты Грышка — жыхар вёскi Цна. (Дарэчы, рэдкая зьява, што ён быў мясцовы, бо ў НКВД на Беларусi былi амальвыключна расейцы.) Дык вось гэты Грышка забiў у Курапатах бацьку i мацi Галiны Сьцяпанаўны i выхваляўся потым перад цнянцамi:

— Жуковскiх я сам стэлял.

Грышка гаварыў, як умеў, толькi па-руску. Беларускую мову "прэзiрал", "iба на ней разгаварывалi врагi народа".

А аднойчы Грышка пакрыўдзiўся на начальства i з каркоты напiўся ў бэлю.

— Я работаю чэсна, па-бальшавiцкi, а анi…, — i Грышка трос пальцам у бок "iх".

Справа была ў тым, што Грышку выдалi новы шынэль. Пасьля першага ж расстрэлу ў новым шынялю ён абпырскаў яго крывёй i гэтак i хадзiў, за што атрымаў вусную вымову ад начальства, маўляў, праца павiнна быць "чыстай". Але Грышка пакрыўдзiўся, бо "работал чэсна", i ходзячы абпырсканы крывёй, вiдаць, спадзяваўся сваiмi пячорнымi мазгамi на пахвалу. А тут — асечка. Было з чаго напiцца.

У Курапацкiх магiлах выяўлена шмат чэрапоў з велiзарнымi рванымi адтулiнамi ў iлбе (5-7 см у дыяметры). Гэта выхады куль, калi наган шчыльна прыстаўлялi да патылiцы. Парахавыя газы разам з гуляй iшлi ў чэрап i вырывалi на выхадзе вялiкiя дзiркi ў iлбе. У вынiку — кусты i дрэвы вакол месца расстрэлу, як сьведчылi вiдавочцы i самi забойцы, былi абпырсканы крывёй i чалавечымi мазгамi. Такая "мокрая" была работа ў катаў. Стамiўся Красны Iваноў.

Наган ад стрэлаў раскалiўся.
Шынэльку выцер ад крывi
I папяроскай задымiўся.

Памёр забойца Григорий Ботян у 1954 годзе сваёй сьмерцю.

* * *

Восеньню 1989 года, туманным днём, праз 50 гадоў пасьля падзеяў я iшоў з кiнарэжысёрам Мiхаiлам Жданоўскiм i апэратарам па вулiцы Цны. Здымалi фiльм пра Курапаты. За плотам, у адным з двароў на страсе пунi я ўбачыў жоўты чалавечы чэрап. Мы зайшлi ў брудны засьмечаны двор, дзе рохкалi каравыя сьвiньнi. Уядаў сабака. З хаты выскачыў рыжы няголены маладзён гадоў пад трыццаць у чорным брудным картовым камбенiзоне.

— Адкуль чэрап? — спытаў я.

— Знайшоў на звалцы, iшчу корм сьвiньям, — азваўся рыжы.

— Навошта паклаў на страху?

— А пусьць палежыт, чэлавек он, знаеце, па прыродзе сваей — звер, вечная барба, сегодня ты, а завтра — я.

Рыжы гаварыў выключна па-расейску, што тут, у гэтай запушчанай асеньняй вёсцы выглядала нейкiм дзiкунствам.

— Вы фiлёсаф? — спытаў я.

— Нет, я фiласофii не чужд, но большэ са сьвiньямi. Чэлавек, вiдзiце лi, сушчэство прадажнае, а сьвiнья — ана есьць сьвiнья: жывотнае палезнае. Не так лi?

Я прыгледзеўся да рыжага. Ён сьмярдзеў, як парсюк. Бялесыя вейкi i чырвоныя прыпухлыя дужкi павек, зялёна-жоўтыя пустыя вочы, прыадчынены рот. Я толькi цяпер зразумеў, што перада мной ненармальны. Я павярнуўся i моўчкi пайшоу да брамы.

А я знаю, каво вы iшчэце: Грышку Бацяна, — пачулася ўсьлед. — А нет Грышкi, — прадаўжаў ненармальны, — нет, удрал Грышка на кладбiшча, а вы iшчэце. Я вiдзел, вы к сестрэ ево захадзiдi в дом. А нет сестры, умерла. А я вот жыву.

— Адкуль ты ведаеш Грышку? — спытаў я.

— Как не знаць, слыхал. Я то — племяньнiк ево, вот i знаю.

Мяне раптам уразiла сымволiка становiшча. А можа, тут ужо не сымволiка, а генэтыка? Генэтыка сталiнiзму.

Ненармальны нешта яшчэ гаварыў, але я ўжо ня слухаў.

* * *

Сюжэт з ненармальным нельга было паказваць у кiно па маральных прычнах, i рэжысёр Жданоўскi выключыў яго з свайго фiльма "Дарога на Курапаты". Гэта выдатны фiльм. Але як толькi ён быў гатовы (а гэта яшчэ пры Шушкувiчы-Кебiчы), стужку тут жа, пасьля першага прагляду, арыштавалi i паклалi на палiцу. Там яна i цяпер ляжыць. Калi толькi ня зьнiшчылi, цi не ўкралi.

Шкада, што фiльм ня ўбачылi людзi. У некаторыя кдры нават цяжка паверыць, што яны дакумэнтальныя. Тым ня менш, гэта так. Напрыклад, сядзiць за сталом забойца тлусты круглы твар. Ён есьць, чаўкае, п'е гарэлку i разказвае пра сваю працу. Размова гучыць праблiзна так:

— Я не стрэлял. Я вазiл. Да. Была дзела. Я шафёрам служыл. В НКВД.

— А стрэляць — не стрэлял. Нет

Энкавэдзiст проста перад камэрай куляе стопку гарэлкi ў нутро i каўтае, аж булькнула ў страўнiку, потым чапляе нешта вiдэльцам з талеркi i чаўкае.

— А калi б вам загадалi страляць людзей, вы стралялi б? — гучыць пытаньне за кадрам.

Не перастаючы чаўкаць, энкавэдзiст задумаўся.

— Есьлi бы прыказ, тагда бы, канешна, стрэлял.

Праблемы выпiць i закусiць у забойцаў не было. У падвале НКВД мясьцiлася сталоўка, якая была адчынена ўвесь час. За сеанс рассрэлу дабраахвотнiкам адразу выдавалi дзесяць рублёў. (Хапала на некалькi бутэлек гарэлкi.) Прыехаўшы з Курапатаў, каты "атаварвалiся" ў сталоўцы. Сядзелi тут i выпiвалi.

У Лошыцы дабраахвотнiкам пастраляць у патылiцу давалi толькi 50 капеек, але гэта не кадравым энкавэдзiстам, а энтузiястам: грамадзкiм стукачам, камсамольцам, членам ДСААФ i iншым падонкам, якiя круцiдiся каля энкавэдзiстаў i расстрэлаў у Лошыцкiм яры.

* * *

Калi я ўжо пачаў расказваць пра катаў, то прадоўжу i далей. Iншы падонак, маёр Бачкоў — расеец, жыў у Дроздаве i быў жанаты на сячцовай дроздаўскай дзеўцы. Мелi дваiх дзетак. Бачкоў расстрэльваў у Курапатах i кожны дзень (цi ноч, як трапiць па графiку) хадзiў на

працу. Дадому з працы прыходзiў п'яны. Вывала, прыдзе ноччу, паесьць — i да жонкi. Прырода клiча. А яна яго адпiхвае: — Адыйдзi, ты п'яны, памыйся, ад цябе крывёй пахне.

Як кажуць расейцы, "такая любов". Простая савецкая сям'я ўзору 37 году. Ня ведаю, як было, калi бацька прыходзiў з работы днём, i яго сустракалi дзецi. Можа, пыталiся, колькi ён сёньня забiў: восемдзесят цi дзевяноста.

Пра ўсё гэта мне расказалi дроздаўскiя людзi, у тым лiку — i сваякi Бачкова. Сам забойца з пачаткам вайны кiнуў дзяцей i ўцёк у Расею. Там i памёр у 1978 годзе. Жонку яго, якая зьвязалася з партызанамi, застрэлiлi немцы ў пачатку лiпеня 1944 года перад самй савецкай акупацыяй Менска.

Бывала, што энкавэдзiсты з Каманды, якая расстрэльвала ў Курапатах, пасьля зьмены, узбуджаныя алькаголем i сьвежа пахнучыя крывёй прыходзiлi на танцы ў Дроздава цi Зеляноўку. Некаторыя дзеўкi вельмi хацелi выйсьцi замуж менавiта за энкавэдзiстаў. Да забойцаў адносiллiся са страхам i павагай.

На адну такую з Зеляноўкi, якая вышла за бандыта, я хадзiў паглядзець у 1988 годзе. Дародная бабуля — паўрота залатых зубоў: "Муж работал в НКВД," — сказаў мне гэты рот. На сьцяне фота забойцы.

Потым я знайшоў яго магiлу i помнiк на ёй з чорнага палiраванага лабрадору з сантымэнтальным надпiсам а жонкi i дзяцей. На плiце — фотагравiроўка — клясычная фiзiяномiя энкавэдзiста, абагулены тып. Фатаграфiя з гэтага помнiка зьмешчана ў Менскiм выданьнi маёй кнiжкi "Курапаты". Там я адрэзаў прозьвiшча бандыта i эпiтафiю, бо не крытычна прымаў памылковую iлжывую сэнтэнцыю, што дзецi, быццам бы, не адказваюць за злачынствы бацькоў. Гэта, аднак не пацьвярджаецца жыцьцём. Дзецi маральна адказваюць за забойствы бацькоў. Прозьвiшча ката — Друзь. Расеец з Украiны. Колькi ён асабiста забiў людзей — невядома. Усяго ж у Курапатах было замардавана каля чвэрцi мiльёна чалавек.

* * *

Дзецi забойцаў павiнны, я кажу, таксама несьцi адказнасьць. Дзецi бардытаў, што рабiлi злачынствы супраць чалавецтва i ўдзельнiчалi ў масавыў рэпрэсiях, не павiны мець права працаваць у судах, выбiрацца ў органы ўлады, працаваць у органах улады i г.д. I гэта справядлiва. I так павiнна быць.

Дзецi звышбандытаў Яжова i Берыi, напрыклад, у 1998 годзе падалi ў суд на рэалiлiтацыю сваiх забойцаў-бацькоў. Думаю, што камэнтаваць гэтую зьяву ня трэба. Для iх загубленая кроў мiльёнаў ахвяр не iснуе. Пусьцiце такiх у суды цi ў органы ўлады. Гэтак жыцьцё пастаянна даказвае маральную (i ня толькi маральную) адказнасьць дзяцей за злачынствы бацькоў.

Антылюстрацыйная палiтыка "грубай крэскi", якую спрабавалi ўвесьцi ў Польшчы ( гэта значыць: забудзем, што было, пачнём новае жыцьё) тут не падыходзiць. Нiхто нiчога не забывае, бо забыць немагчыма. Павiнны быць вызначаныя адносiны, рашэньнi i санкцыi. Яны паўсюдна прынятыя адносна фашысцкiх злачынцаў. Нельга, напрыклад, публiчна зьневажаць факты i казаць адваротнае пра вядомыя рэальнасьцi i падзеi фашысцкага генацыду. За гэта па нямецкiх законах суд можа прысудзiць да двух гадоў турмы. Менавiта гэты закон парушыў нядаўна французкi радыкальны палiтык Лi Пэн, казаўшы, што канцлягеры i крэматрыi — гэта нязначныя падзеi Другой Сусьветнай вайны. Лi Пэн трапiў пад суд.

Вядома, тут шмат значыць тое, што камунiзм яшчэ ня меў свайго Нюрнбэргскага суду. Але кожная краiна мае свае правы i магчымасьцi. Я заўсёды казаў i кажу: першым законам, якi павiнна прыняць краiна, што вызвалiлася з-пад камунiзму, — гэта закон пра люстрацыi. Кiруючая камунiстычная намэнклятура павiнна быць адлучана ад улады мiнiмум на дзесяць гадоў, а дзецi бандытаў, што тварылi генацыд — на ўсё жыцьцё.

Тыя дзяржавы, якiя зрабiлi гэта (Вугоршчына, Чэхiя, на падыходзе — Польшча), палепшылi сваё становiшча, адчынiлi пэрспэктывы грамадзтву. Тыя, што не зрабiлi (краiны былога СССР, былой Югаславii) i пакiнулi ля ўлады камунiстычную намэнклятуру, тыя апынулiся ў яшчэ горшым стане, а абрабавваны народ загналi ў пастку, у тупiк, зь якога выхаду ямальне вiдаць, акрамя як праз вялiкую кроў.

На дне магiльных ям у Курапатах, дасьледуючы рэшткi забiтых, у цiшынi (бо ўсе маўчалi) я шмат што перадумаў пра жыцьцё i людзей. Бязбожныя камунiсты ў сваёй фiлясофii, мастацтва, iдэалёгii i асаблiва ў выхаваўчай сыстэме ўнiкалi развагаў i нават тэматыкi сьмерцi. Канцэнтрацыя ўваi на сьмерцi лiчылася ўпаднiцтвам, пэчымiзмам, ледзь не антысавецкiмi поглядамi. I гэта ня гледзячы на тое, што сьмерць iснуе, i кожны памрэ.

Развагi аб сьмерцi прыводзяць да развагаў пра вечнасьць. Думаньне пра вечнасьць прыводзiць да Бога. Таму бальшавiкi, што любiлi забiваць, не любiлi разважаньняў пра сьмерць. Асэнсаваньне сьмерцi разбурае матэрыялiстычную сьвядомасьць. Менавiта слова "сьмерць" асацыявалася ў мяне з камунiзмам. Камунiзм роўна сьмерць.

Што мяне ўразiла найбольш у час працы над дасьледваньнем Курапатаў? Сьпяваньне птушак. З сырога дна магiлы вiдаць верхавiны соснаў i бяроз, асьветленых сонцам. Пласкоча лiсьце. Шумiць хваоя, нiбы мора, i пошум ветру зьлiваецца з птушынымi галасамi. Голас сусьвету.

— А вось i тады гэтак птушкi сьпявалi, — пачуў я наверсе голас сьледчага пракуратуры. Я вылез з магiльнай ямы. Сьледчы крымiнальнага вышуку (якi па роду службы чаго толькi ня бачыў: i трупы з адрэзанымi галовамi, i згвалтаваньнi) стаяў зь вiльготнымi вачыма, задраўшы галаву ля магiлы i слухаў, як сьпявае сiнiчка.

Узьдзеяньне Курпатаў на людзей было незвычайнае. Гэта я ведаў. Але тады падумалася: "Купскiя твае справы, хлапец. Ня бачыць табе кар'еры ў бальшавiцкай пракуратуры як сваiх вушэй." Так яно i сталася. Занадта шмат чалавечага ды разумнага.

Сiнiчка скакала з галiнкi на галiнку, круцiлася, цiўкала, была занятая толькi сабой. Яна не зьвяртала на нас анiякай увакi. Шумела лiсьце, i сьпеў птушыны сьлiзгацеў па бярозавым ствале. А ўнiзе мы з сваёй маркотай. Хто мы? Што мы тут робiм? Па чам плачам? Пяцьдзесят годоў назад, як i цяпер шумела хвоя i абыякава ськiдала голкi на астыглыя бледныя твары. Калiсьцi цяцела сарока ў Крунвальдзкi лес. На кару сеў чырвоны матыль, як тысячу гадоў…, як дваццаць тысячаў гадоў назад, калi толькi зыйшоў, адступiў ледавiк. I тады мне ўспомнiлася:

Раз у тысячу год
Прылятае сiнiчка да сiняга мора
I пробуе дзюбкай марскую ваду.
Калi сiнiчка вып'е ўсё мора,
Пройдзе адно iмгненьне вечнасьцi.

* * *

Мяне ўразiла таксама маўклiвая пакорнасьць i поўнае неразуменьне таго, што адбываецца, у тых, каго забiвалi камунiсты. Быццам гэта былi ня людзi, а блохi цi мурашкi, быццам гэта быў не народ. "За што?"— было традыцыйнае пытаньне перад расстрэлам. I нiхто (амаль нiхто) не iмкуўся ўцячы.

На што чалавек спадзяваўся, калi пытаў "за што?", бачачы, што прывезьлi яго забiваць? На справядлiваьць? На цуд? На цiтасьць катаў? Бандытаў жа толькi раззадорваюць такiя пытаньнi.

Людзi не ўсьведамлялi сутнасьць генацыду i сэнсу расстрэлаў, бо гэта было вышэй iхняга разуменьня. Яны рэагавалi на забойства як маральныя хрысьцiянскiя асобы, выхваныя ў такiх паняцьцях, як "справядлiваьць", "вiна", "грэх", "пакараньне". Яны ўспрымалi большавiкоў як начальства, як уладу i не разумелi, як можна караць невiнаватых.

Ноччу ня спалi. Прыслухоўвалiся, цi не загудзе машына. Бо забiралi нiччу. Але, калi машына гула, то не хавалiся i не ўцякалi. Муж зьбiраўся, дрыжачымi пальцамi зашпiльваў гузiкi i глухiм голасам казаў жонцы: "Гэта памылка, дарагая, разьбяруцца — i я вярнуся." Пасьля такiх дзяжурных i фальшывых словаў чалавек зьнiкаў назаўсёды. Страшны вопыт Курапатаў павiнен навучынь кожнага. Народ ня можа быць безабаронным. Людзi павiнны разьбiрацца ў падзеях i адрозьнiваць свайго ад чужога. Калi сьляпыя i грухiя, то могуць перабiць усiх, а тыя — яшчэ i падзякуюць за забойства: "спасiба парцii". Але галоўнае — супрацiўляцца, не мачаць, не жалiцца ворагам, нiчога ў iх не прасiць. Народ, якi змагаецца — перамагае акупацыю ня сiлай, дык духам, ня зброяй, дык розумам.

Беларусы пад бальшавiкамi былi ў большасьцi пазбаўленыя нацыянальнай iдэi. Таму яны ня ў стане былi змагацца. Грамадзтва пiсала даносы на сваiх, займалася самаедзтвам. Задавала пытаньне "за што?".

За што? А за тое, што былi беларусамi. Аднак гэта беларусам цяджка было зразумець.

У шасьцiдзесятых гадах, памятаю, студэнтам я езьдзiў на прымусовыя работы ў калгас на Случчыну капаць бульбу. Гаспадыня хаты, дзе я жыў, старая кабета расказала мне, як да вайны ў iхняй хвёчцы па вулiцы хадзiў бальшавiк з наганам i страяў людзей. Усiх падрад. Убачыць каго на вулiцы: хлоп — i застрэлiў. Убачыць праз плот кабету ў агарозе: хлоп — i забiў. Убачыць пад грушай дзiцятка на гушкалцы гушкаецца — прыцэлiўся: хлоп, хлоп, хлоп — трапiў.

Гаспадыня, ратуючыся, забегла ў сенцы i крыкнула: "Дзецi хавайся!" Толькi дзецi залезьлi пад ложак, як большавiк у хату ўскочыў i адраху ў яе стрэлiў. Потым пад ложак пастраляў. Хлопчыка забiў, а дзяўчынка i сама яна — мацi — выжылi.

— Чаму вас забiвалi? — спытаў я ў кабеты.

— А гэта таму, пэўна, што мы каталiкi, — быў адказ.

* * *

Скончылiся архэалягiчныя дасьледваньнi Курапатаў, а праз нейкi час i сьледзтва. Камунiчты загналi сябе ў глыбокi кут. Дзяржаўная камiсiя, якую яны стварылi, нiчога не хацела прызнаваць i не прымала рашэньняў.

У гэты час iнфармацыя пра Курапаты пайшла за мяжу. Пачаўся наплыў журналiстаў i здымачных групаў з усяго сьвету. Я нiкому нi ў чам не адмовiў. Амаль год працаваў разам зь iмi, вазiў па мясьцнах расстрэлаў, паказваў даказы, прадметы, знаёмiў зь вiдавочцамi. Бывала, быў заняты цэлымi днямi i тыднямi. Я разумеў, што чым больш людзей будзе ведаць праўду, тым менш мечца застанецца для хлусьцнi.

У гэты час, спачатку эстонцы, а потым латышы стварылi народныя франты i пачалi змаганьне за незалежнасьць. Гэта Быў такi радасны час, што здавалася — вырастаюць крыльлi. Адчувалася, што надыходзiць канец камунiзму, канец праклятай iмпэрыi зла.

У канцы жнiўня 1988 года група людзей, куды акрамя мяне ўваходзiлi Мiхась Дубянецкi, Алег Белавусаў, Алесь Лукашук i яшчэ некалькi чалавек, пачала рэгулярна зьбiрацца i працаваць над статутам новай грамадзкай арганiзацыi, пасьвечанай змаганьню за гiстарычную праўду па выяўленьнi сталiнскiх злачынстваў супраць народа. Рабочая назва арганiзацыi была "Камiтэт-58". Меўся на ўвазе 58-мы артыкул Крымiнальнага кодэксу СССР, па якiм арыштоўвалi i каралi ворагаў Народа.

Устаноўчая канфэрэнцыя адбылася 19 кастрычнiка 1988 года ў Менску Ў Чырвоным касьцёле Сымона i Алены, у якiм тады разьмяшчаўся Дом кiно. Дэлекаты прыехалi з усёй Беларусi. Усё рэхтавалася па макчымасьцi таемна i вельмi хутка, бо правесьцi такi сход тады ў БССР было практычна немагчыма. Добра, што Саюз кiнематаграфiчстаў пайшоў насустрач i даў памяшканьне, нягледзячы на партыйны цiск i супрацьдзеяньне.

Я папрасiў, каб абслуга канфэрэнцыi прыйшла ў Дом кiно за дзьве гадзiны да пачатку, каб кантраляваць сытуацыю i i запабегчы макчымаму захопу будынка кадэбiстамi. Як у ваду глядзеў. Нашы людзi прыйшлi першымi. Але тут жа пачалi зьяўляцца тыпы ў аднастайных шэрых касьцюмах зь нейкаiмi сабачымi вачыма. Неўзабаве iх набралася ўжо 70 чалавек. Моўчкi шнырылi па закутках i зыркалi на нас. Але мы кантралявалi ўсе iх перамяшчэньнi. Яны аказваецца проста хацелi пранiкнуць у залю без запросiнаў i зданяць месцы.

Пачалi прыбываць дэлегаты канфэрэнцыi. Па тым, што яны прыходзiлi заранёў, мы зразумелi, што людзей будзе шмат, i вырашылi пусьцiць у залю сабакавокiх. Увесь iхнi iнтэлект быў напiсаны на iхных тварах, а галасоў нам хопiць, думалi мы. Аднак потым валам павалiла рэспублiканская пракуратура амальу поаўным складзе на чале з намесьцнiкам пракурора, прыйшi iнструкатары ЦК, гарвыканкамаўскаiя чноўнiкi, райкамаўскiя дамы ў строгiх касьцюмах i "нецерпяшчыя вазражэнiй".

З прыблiзна 350-370 прысутных больш ста асобаў было камунiстычнае начальства i сабакавокiя. Яны тут жа далi нам бой, але прайграваi пазыцыю за пазыцыяй. Клаi справа дайшла да галасаваньня, начальнiкi i агентура запатрабавалi дэмакратыi, каб галасаваць усiм прысутным, i iм таксама. Мы згадзiлiся. Нас гэта не палохала, бо дыскусiя, якую мы выйгралi, паказала, што 2/3 прысутных у залi — за нас.

Кiраўнiцтва новай арганiзацыi было выбрана, Статут прынялi, таварыства стварылi. Назвалi яго — "Мартыралёг Беларусi".

* * *

Але самае цiкавае здарылася ў канцы, дзеля чаго i зьбiралася гэтая канфэрэнцыя па стварэньнi "Мартыралёгу". Было прапанавана стварыць тут Арганiзацыйны камiтэт Беларускага Народнага Фронту. Начальнiкi трапiлi, што называецца, як мухi ў патаку. I, зрамумеўшы, куды ўскочылi, "палезьлi на сьцяну". Але гэта выклiкала толькi сьмех. Заля раўла ад захапленьня i пачуцьця сваёй перавагi. Я прапанаваў сьпiс кандыдатураў ў Аргкамiтэт. У тых умовах дзейнiчаць трэба было менавiта так.

Нейкi начальнiк з ЦК КПБ па прозьбiшчу Бузук кiнуўся на трыбуну, вырваў мiкрафон i, як сапраўдны бальшавiк, паспрабаваў павесьцi сход за сабой. Заля ашалела ад такога нахабства. Ох, як, аказываецца, не любiлi "парцiю". Але Бузук заiкаючыся бубнеў сваё. Яго спынiў Васiль Быкаў, якога мне рэдка прыходзiлася бачыць у гневе.

— А дземакрацiя! — адчайна залемантаваў нехта з "падначальства", — гдзе дземакрацiя?

— Дэмакратыя на месцы, — адказаў я, — вашыя прапановы? Каго вы прапануеце ў Аргкамiтэт БНФ? — Падначальнiк асекся. Ён быў непадрыхтаваны. Не пракурора ж выстаўляць, не начальства з райкама.

— Прапануйце сябе, — падказаў я яму, — а мы прагаласуем.

— Нет, я нет,— адмовiўся "таварышч".

Прапановы з залi былi, i да майго сьпiсу дабралi яшчэ 12 чалавек. Але гэта былi людзi, якiх ведалi, i тыя, хто трэба.

Перамога была паўная. Я пайшоў вiншаваць начальства.

— Вiншую вас, таварш Бузук, з актыўным удзелам у гiстарычнай падзеi: стварэньнi Беларускага Народнага Фронту. Жыве Беларусь!

— Вы ешчо атвецiце, — прашыпеў той i патульчыў на выхад.

— Вiншую вас, Уладзiмiр Кандратавiч, з пасiльным удзелам у стварэньнi Беларускага Народнага Фронту.

Намесьнiк пракурора БССР з разуменьнем усьмiхнуўся i гэтак даверлiва: — Я вам вот што скажу, в каждам таком дзеле нужна дземакрацiя. I прэждзе всево — дземакрацiя.

— Дык была ж дэмакратыя, Уладзiмiр Кандратавiч, была, разам з вамi сядзела.

— А вот дземакрацii-то как раз i не была, таварышч Пазьняк, не была, — перайшоў на афiцыйны тон мой субяседнiк i дзелавiта пайшоў да дзьвярэй.

* * *

Назаўтра газэты расьнесьцi нас ўшчэнт. Аказваецца, мы няпраiльна разумелi "перастройку". Але генеральны разнос быў наперадзе. Стала вiдавочным, што камунiсты, атрымаўшы па носе, ад нечаканасьцi зусiм страцiлi арыентацыю. Падступны вораг iм ўжо здаваўся пад кожным кустом.

Справа ў тым, што яшчэ летам, калi толькi стварылiся прыбалтыйскiя народныя франты, першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў урачыста запэўнiў Маскву, што ў Беларусi "нiкакова фронта не будзет". Але пасьля адкрыцьця Курапатаў "запахла" Фронтам i ў Беларусi. Тады 8 жнiўня цэкўскiя мудрацы сабралiся на Бюро ЦК i па прыкладу некалi дрэннай памяцi расейскага жандармскага генерала Зубатава рашылi самы стварыць Народны Фронт ( гэта значыць, дасадную качку), каб павесьцi народ да перабудовы.

Таемнае рашэньне Бюро ЦК аб стварэньнi Беларускага Норднага Фронту было прынятае, а справа арганiзацыi яг даручана Пятру Краўчанку, тадышняму сакратару па iдэалёгii Менскага гаркама КПБ i цяперашняму лукашэнкаўскаму паслу ў Японii. Усё спачатку iшло для камунiстаў быццам бы "харашо". I раптам нечакана Народны Фронт ствараецца не камунiстамi, а антыкамунiстамi. Пры тым — сапраўдны Фронт. Было ад чаг замiтусiцца. На цэкiсцкiх мудрацоў хапiла прастаты.

Пра стварэньне Фронта тады ў Беларусi паўсюдна гаварылi i крэчалi розныя маргiналы, перабудовачныя "казнадзеi" i проста акунтурныя правакатары. Стварыць звычайным спосабам прадстаўнiчы i варты даверу Аргкамiтэт Фронту ў такiх умовах было немагчыма. Таму i рашылi выкарыстаць "Камiтэт-58" i арганiзацыю "Мартыралёгу".

Былi, што называецца, вытрыманыя ўсе правiлы. I галоўнае зь iх: калi хочаш датрымаць сакрэт, то пра яго павiнен ведаць толькi адзiн чалавек, гэта значыць той, хто яго ведае. Не было нiякiх намёкаў пра Фронт. Калi ўзьнiкалi размовы, то я тут жа нешта казаў супраць арганiзацыi Фронта. Усё гэта, безумоўна, лавiла чуўнае вуха агентуры.

Калi ўжо ўсё было падрыхтавана па арганiзацыi Устаноўчай канфэрэнцыi "Мартыралёгу" i складзены сьпiс Аргкамiтэту БНФ, тады з плянам стварэньня Фронту былi пазнаёмленыя два чалавекi, на слова якiх можна было абаперцiся, як на рыцарскае кап'ё — гэта Мiхась Дубянецкi i Васiль Быкаў. Яны ведалi ўсё, i з гэтага часу мы дзейнiчалi разам.

Заля Дома кiно была ўжо перапоўненая. Пара пачынаць. Я адвёў у бок уласьнiка залi Старшыню Саюза кiнематаграфiстаў Вячаслава Нiкiфарава i сказаў:

— Мой абавязак вас папярэдзiць: на канфэрэнцыi будзе створаны Аргкамiтэт Беларускага Народнага Фронту.

— Тут Бузук сядзiць у мяне ў кабiнэце, — упалым голасам сказаў Нiкiфараў.

— Дык вось i скажыце яму, а мы пачнем канфэрэнцыю.

Я ўвайшоў у залю i папярэдзiў некалькi чававек пра тое, што мае быць. У гэты час падышоў Васiль Уладзiмiравiч Быкаў i кажа, што там Бузук з ЦК клiча мяне ў кабiнэт.

— Толькi спакойна, — парадзiў Быкаў.

Спакойна не атрымалася. Бузук з цэкiсцкiм аплёмбам пачаў гаворку ў стылi "Кто давал права?" i "Кто вы такой?". За сьпiной нецярплiва шумела заля, гублялася хвiлiна за хвiлiнай. I мне нiчога не заставалася, як рэзка спынiць аплёмб начальнiка. (Ад чаго, як мне падалося, у яго стаўся поўны паралiч мазгоў. Цэкiсцкiя чыноўнiкi былi непрывыклыя да такiх паваротаў.)

* * *

Калектыўны паралiч мазгоў назiраўся ў камунiстаў i пасьля канфэрэнцыi. З гэтай прычыны атрымаўся пацешны кур'ёз.

Быў тады ў Менску дыскусiйны клюб "Современник", якi ўзначальваў Леў Крывiцкi. Дыскутавалi пра перабудову i ўсялякiя разумныя рэчы. Праз тры днi пасьля канфэрэнцыi "Мартыралёгу" якраз было паседжаньне клюбу ў вялiкай залi Дома палiтасьветы. Кiраўнiкi ЦК КПБ, якiя ахваотна жылi чуткамi, чамусьцi вырашылi, што гэта зноў iх зьбiраюцца абдурыць. Паседжаньне клюбу, маўляў, для адводу вачэй, а на самай справе Аргкамiтэт БНФ будзе там утвараць Фронт. Камунiсты хутка правялi мабiлiзацыю сярод ветэранаў, стукачоў i вернага партыi рабочага кляса.

Паседжаньне клюбу ўжо пачалося, калi чарадой пайшлi ветэраны. У гэты час пад'ехала з дзесятак велiзарных аўтобусаў з Трактарнага завода i ўзбуджаны натоўп у дзевяцьсот чалавек з ровам увалiўся ў залю.

У вялiкай залi якраз сядзела чалавек з трыццаць i дыскутавалi на тэму кшталту "мэтраманiяльныя элемэнты сэнсарнага разьвiцьця электаральных паводзiнаў у прагназуемых сыстэмах мажарытарнай дэмакратыi."

— Прашу слова, слова прашу! — пачулiся галасы. На сцэну ўзьдзямберыўся сьлесар-фрэзероўшчык, дастаў паперку, разгарнуў i ўдарыў па "нефармалах"…

— Народу, каторый выстаял i пабядзiл, не нада франтов, — скончыў фрэзероўшчык.

Выступоўцы палезлi на сцэну, як туркi на штурм Канстантынопаля. Леў Крывiцкi, якi так i ня скончыў крытыкаваць Гаека з пазыцыяў Фрыдмана, толькi галавою круцiў. Ён нiчога не разумеў. Грамiлi Фронт. У канцы зачыталi i прынялi рэзалюцыю супраць стварэньня Фронту.

Назаўтра камунiсты заадно зачынiлi клюб "Современнiк" i пазбавiлi дыскутантаў памяшканьня. Памятаю, як разгублены Крывiцкi бекаў па Мунску бяз шапкi i лемантаваў.

Праз тыдзень разгарнулiся падзеi больш сур'ёзныя. За сваю някемлiвасьць, правадлы i паражэньнi, камунiсты рашылi адпомсьцiць. Iм захацелася, як сказаў тады Яфрэм Сакалоў "даць, каб ня ўсталi".

Штаб апэрацыi ўзначалiў тадышнi сакратар ЦК КПБ па iдэалёгi Валеры Пячэньнiкаў. Плян быў просты: 30 кастрычнiка, у час першага масавага адзначэньня "Дзядоў", якое зьбiралiся равесьцi прыхiльнiкi Народнага Фронту, сiлы камунiстычнага парадку намеравалiся справакаваць бойк. Потым павiнны былi ўмяшацца ўнутраныя войскi i "пусьцiцi кроў" — пабiць людзей. Адказнасць за правакацыю i за ахвяры звалiлi б на беларускiх "нацыянал-фашыстаў", якiя арганiзавалi Народны Фронт. Пасьля гэтага камунiсты меркавалi разграмiць усё, што можна i галоўнае — спадзявалiся атрымаць пахвалу з Масквы, а магчыма, таксама пасады i ўзнагароды.

Гэта было зразумела адразу. Але прыблiзна праз год пасьля правалу "апэрацыi" адзiн афiцэр мiлiцыi перадаў мне капiю пляна дзеяньняў, якi быў "даведзены" аднаму зь Менскiх раёныых аддзелаў унутраных справаў. З гэтага пряну шмат што высьветлiлася. Людзей павiнны былi выцесьнiць ад Усходнiх могiалк у стары няплодны сад ( што раськiнуўся пабач гактараў на сто) i пабiць.

Мабiлiзаваныя была мiлiцыя ў усёй Беларусi, акрамя таго — аддзелы АМАПу, унутраныя войскi, ДАI i ваенныя пажарныя часкi, курсанты мiлiцэйскiх вучэльняў, КДБ, работнiкi райкамаў партыi i камсамола. Працавалi суды i пракуратура (хоць быў выхонды дзень), палiклiнiкi i дедыцынскiя пункты, дзяжурылi напагатове машыны хуткай дапамогi, у райкамах i судах сядзелi людзi з аўтаматамi. Усе дарогi вакол Менска былi перакрытыя мiлiцыяй i ДАI. Курапаты акружылi ўнутраныя войскi, а падыходы заблякавала мiлiцыя. Нiкога не прапускалi. нiкому не далi паставiць, а самах актыўных — хапалi альбо зьбiвалi.

Каля Усходнiх магiлак сабралася прыблiзна дзесяць тысячаў чалавек. Але мiлiцыi i спэцвойскаў, вiдаць, было ня менш. Мiлiцыя i пераапранутыя агенты напалi першымi. Пачалi адцiчкаць i таптаць людзей, хапаць актывiстаў Фронту, Мартыралёгу i тых, на каго паказвалi агенты ў натоўпе.

Упершыню менчукi ўбачылi ваенныя пажарныя машыны з вадзянымi гарматамi, мноства велiзарных фургонаў з закратаванымi вокнамi, салдат у плястыкавых шлёмах са шчытамi i мiлiцыю з газавымi балёнчыкамi. Дэманстрацыя сiлы была ўнушальная, але стала зразумела, асаблiва пасьля таго, як пачалi нападаць на людзей, што гэта ня толькi дэманстрацыя сiлы. Рыхтавалася нешта вельмi змрочнае. Людзей хапалi, круцiлi i зьбiвалi ўжо на падыходах да могiлак. Да маладых мужчын падскоквалi тыпы ў цывiльным i нi з таго нi з сяго пырскалi з газавых балёнчыкаў у вочы Чаромхай i адскоквалi.

Нейкая вiжаватая "дамачка" з райкаму камсамола, як можна здагадацца, з лёгкiм кадэбiсцкiм стажам, падляцела да маладога мужчыны, ударыла яго рукой па твары i чакала рэакцыi ў адказ. Рэакцыi, вядома, не было нiякай. Але ўсiм неяк стала адразу зразумела, што робiцца вялiкая правакацыя.

* * *

Людзям удалося дамовiцца, што нiхто не павшнен адказваць сiлай на сiлу, нiхто не павшнен паддавацца на правакацыю. Натоўп мiлiцыянераў клiнам урэзаўся ў людзкую масу. Людзi расступiлiся i зноў зышлiся. Клiн прайшоў праз тлум, як нож праз масла, i усё засталося па-ранейшаму. Вiдаць было, што выканаўцы правакацыi крыху разгубiлiся.

У гэты час частка людзей, тысячы са тры, аддзялiлася i пайшла на Курапаты. Зараўлi машыны з АМАПам i, пераганяючы дэманстрантаў, рынулiся пад Курапацкi лес. Вiдаць, паехалi займаць на подступах баявыя пазыцыi. Не даходззячы да Курапатаў, шэсьце зьвярнула ў поле, дзе на схiле пагорка за горадам адбыўся мiтынг. Каб бачыць прамоўцаў, усе апусьцiлiся на каленi альбо прыселi. Тут упершыню амальшто праз паўстагоддзя падсавацкага iснаваньня быў разгорнуты i ўзьняты беларускi бел-чырвона-белы сьцяг.

Пайшоў першы сьнег. Шумеў вецер, падымаў i ўзносiў палымяныя словы прамоўцаў. Неўзабаве нас акружылi батальён унутраных ваойскаў i безьлiч мiлiцыi. Напасьцi павiнны былi з узгорка, дзе паставiлi курсантаў i пануквалi iх таптаць сядзячых людзей. Курсанты не маглi скрануцца. Вiдаць, яшчэ зь непрывычкi. Тады iх перавялi на бакавы фронт, а з узгорка паставiлi афiцэраў. Тыя па камандзе лавiнай кiнулiся на сядзячых манiфэстантаў. Мы ўсе тат жа падхапiлiся i, як i дамовiлiся, шчыльна шчапiлiся рукамi. Маса людзей стала нiбы адзiны сплецены кошык, клубок. Расчлянiць яго i распарушыць людзей па полi мiлiцэйскаму войску так i не ўдалося. Бо мы разгадалi iхнiя намеры. Арганiзаванасьць i кiруемасьць вялiкай масы людзей тады мяне вельмi зьдзiвiла. Я сам бачыў, як хлопцы гадоў па 16-17 хапалi камянi, каб кiдаць у салдат, а iншыя, такiя ж, як яны, падбягалi да iх i казалi. "Выкiдайце, загадана не кiдаць, праваацыя!"

* * *

Правакацыя правалiлася, прытым — з трэскам. Камунiсты вывелi макутную ўзброеную сiлу i нябачаную раней тэхнiку супраць мiрных жыхароў, якiя ў большасьцi сем'ямi, разам з жонкамi i дзецьмi, трымаючы ў руках белыя кветкi, iшлi на могiлкi, каб ушанаваць памяць памерлых. Тупая дэманстрацыя сiлы, варожасьцi i агрэсiўнасьцi выклiкала ў гэтых людзей найперш надаўменьне i зьдзiўленьне, а потым — абурэньне. Не дапамагла потым кммунiстам нiякая прапаганда.

Памятаю, разгублены твар Янкi Брыля, зьдзiўленьне мастака Аляксея Марачкiна, рэжысёра Купалаўскага тэатра Валерыя Раеўскага, чалавека даволi нэўтральнага. Да яго нечакана падскочылi прадстаўнiкi "парадку", пырснулi ў вочы сьлезацечнага газу i далi кухталёў. А ўсё, пэўна, таму, што быў ён iнтэлiгентнага выгляду i ў белай манiшцы. Адразу вiдаць — "фашысцкая морда".

Дарэчы, цiкавая дэталь. У сьвядомасьцi камунiстаў (дакладней, у падсьвядомасьцi) спрацоўваюць нейкiя вiдавыя стэрыатыпы цi мiфалагемы: усё, што супраць камунiзму, адзначаецца iмi як фашызм, а таксама ўсё, што зьвязана з нацыянальна-вызвольным рухам. Чалавек, якi ў СССР размаўляў, скажам, па-эстонску цi па-беларуску — гэта быў для iх "фашыст" вогар камунiзму i Расеi. Усiх працiўнiкаў i крытыкаў камунiстычнай iмпэрыi i яе iдэялёгii зводзiдi да аднаго паняцьця i аднаго тэрмiну — "фашыст" альбо "фашызм". Над гэтым спэцыяльна працавала партыйная iдэялягiчная прапаганда. Габрэйскi сыянiзм, беларускае адраджэньне i нават беларускi песенны фальклёр у сьпевах дзяцей — усё гэта для камунiстаў быў "фашызм".

Памятаю, як 20 красавiка 1986 года ў Траецкiм прадмесьцi ў Менску беларуская гармадзкасьць ладзiла маладзёвае "Гуканьне Вясны". КДБ, Менскi гаркам камсамола, пры падтрымцы гаркама партыi, арганiзавалi прыблiзна 60 дэмабiлiзаваных салдат, якiя толькi што вярнулiся з савецка-афганскай вайны, i нацкавалi iх на беларускiх дзяцей, удзельнiкаў сьвята. "Всё эта фашысты, — павучалi кадэбiсцкiя iнструктары дэмабiлiзаваных вайскоўцаў. — Для вiда анi пают беларускiе песьнi, но все разгаварывают на беларускам языке" Банда на вачах гледачоў напала на дзяцей, што вадзiлi харавод i гукалi вясну.

Дарэчы, гэтакiя энкавэдзiсцкiя ўяўленьнi пра палiтыку, сьвет i жыцьцё выразна ўвасобленыя цяпер у дыктатарскiм акупацыйным рэжыме на Беларусi.

* * *

Зiмой 1989 года Дзяржаўная Камiсiя па Курапатах вымушана была прызнаць факт сталiнскiх расстрэлаў мiрных жыхароў у Курапацкiм лесе. Але гэта не азначала, што камунiсты i НКВД складуць зброю. Вельмi пацешна было назiраць, як камунiсты i розныя з камунiстаў дэмакраты на ўсе лады апiсвалi свае ацэнкi Курапатаў, падзеяў, зьвязаных зь iхным дасьледваньнем i адкрыцьцём i ўсяляк пазьбягалi называць маё iмя. А адзiн журналiст, не зьяўляючыся нi дасьледчыкам, нi гiсторыкам, ня маючы нiякага доступу да матэрыялаў, пагартаўшы надрукаванае, напiсаў нават цэлы дылетанцкi твор пад назовам "Польскi сьлед у Курапатах", дез ўмудрыўся нi разу ня ўспомнiць пра маё iснаваньне, я ўжо не кажу пра працу, спасылкi i г.д.

КДБ нiколi не забываўся пра Курапаты i пра крывавыя справы сваiх папярэднкаў. Яскравы праклад — Лошыца пад Менскам. На правым беразе ракi Лоша — глыбокi зарослы яр. Тут расстрэльвалi ўвесь час напрацягу 1937 года. У 1988 годзе я некалькi разоў размаўляў са сьведкам Лошыцкiх расстрэлаў спадарыняй Верай Шумскай, якой тады ўжо iшоў дзявяты дзясятак. Вязьняў на расстрэл вазiлi крытымi грузавiкамi ў шэсьць гадзiнаў ранiцы i тут жа расстрэльвалi. Закопвалi ў вылiкiх ямах. У 1988 годзе, у час архэалягiчных дасьледваньняў Курапатаў, я вырашыў адначасна дасьледваць Лошыцу. Калi я прыехаў сюды з камандай архэолягаў, то не паверыў сваiм вачам… Яру не было. Не было вялiхiх марэнных узгоргаў, на якiх раней рос ябланевы сад. Не было i саду. Яр, плошчай каля трох га, быў засыпаны мокрым галечным жвшрам i ўтрамбаваны валкам. Узгоркi ссунутыя бульдозерам у яр, сад высечаны, яблыневыя дрэвы сьцягнутыя ў кучы.

За паўкiлёмэтра — кантора прыгараднага калгаса. Старшыня быў вельмi зьдзiўлены, калi даведаўся, што яр засыпаны. Яшчэ два тыднi назад ён быў. Нехта прарабiў тытынiчную працу. Потым я даведаўся, што некалькi месяцаў назад гэтую тэрыторыю забралi з калгаса i перадалi ў валоданьне гораду Менску. Горад хуценька пачаў тут рабiць стаянку для машын (на магiлах, на касьцях). Цяпер гэта ўсё пакрыта асфальтам, стаяць аўтамабiлi, пабудаваная прахадная, у якой сядзiць вечны адстаўнiк былы палкоўнiк савецкай армii, i правярае дамуманты.

Я ўвачавiдкi пераканаўся, што калi КДБ трэба, дык i горы скапаюць, i рэкi засыплюць. На гэты раз яны пасьпелi. Дасьледваць Лошыцкiя магiлы практычна ўжо немагчым. Засталiся толькi галасы сьведкаў на магнiтнай стужцы i Боскi суд для забойцаў.

У 1995 годзе на Дзень задушны i Дзяды актывiсты Беларускага Народнага Фронту паставiлi тут вялiкi драўляны крыж i сьвятары асьвяцiлi яго малiтвай. Такiх месцаў, як Курапаты, як Лошыца надзвычай шмат на Беларусi. Мы пра iх ведаем i памятаем пра генацыд.

* * *

У 1992 годзе, праз паўгода пасьля вяртаньня незалежнасьцi, у БЕларус пачалi рыхтаваць новую, цяперашнюю сытуацыю. Уладу стаў захоплiваць КДБ, якi непасрэдна ўключаўся ў палiтыку. У Савеце Мiнiстраў утварылi штучны неканстытуцыйныя структуры i пасады, якiя занялi генералы i функцыянэры КДБ. Былы прэм'ер Кубiч i Старшыня Вярхоўнага Савета Шушкевiч паслухмяна iшлi на павадку гэтай рэваншысцкай антыбеларускай палiтыкi.

Першы магутны i, я б сказаў, рашаючы ўдар рэваншысцкiя сiлы нанесьлi беларускаму адраджэньню восеньню 1992 года: нахабна i бесцэрымонна забаранiлi правядзеньне рэфэрэндуму аб новых выбарах у пралямант. ГЭта тады, калi Народны Фронт i ўсе беларускiя адраджэнцкiя сшлы сабралi амаль паўлiльёна подпiсаў грамадзянаў за рэфэрэндум. Для бруднай працы (абгрунтаваньне забароны) быў выбраны дэпутат Д. Булахаў. Але найбольш паспрыяў забароне рэфэрэндуму сьпiкер С. Шушкевiч. Тады мы, у фракцыi БНФ, яшчэ ня ведалi пра асабiстыя сувязi С. Шушкевiча з КДБ i тлумачылi яго паводзiны асаблiвасьцямi яго розуму, у якiх мы да таго часу ўжо добра разьбiралiся. Цяпер, асаблiва пасьля выхаду кнiгi Нормана Мэйлера пра Лi Харвi Освальда i пасьля зьяўленьня iншых матэрыялаў, артыкулаў, iнтэв'ю, дзе высьвятляецца роля С. Шушкевiча i яго дачыненьняў з КДБ, сытуацыя з забаронай рэфэрэндуму выглядае проста злавеснай.

Забарона рэфэрэндуму ў 1992 годзе зачынiла адраджэнскую пэрспэктыву для Беларусi. З гэтага часу разгортваўся рэванш самых цёмных савецкiх антыбеларускiх сiалаў. Знакавымi слупамi гэтага працэсу сталi потым прэзыдэнцкiя выбары 1994 года i антыканстытуцыйны пераварот у лiстападзе 96-га.

Камунiстам, ветэранам i энкавэдзiстам Курапат былi, як бяльмо ў воку. З пачаткам палiтымi энкавэдзiсцкага рэваншу трэба было чакаць захадаў па зьнiшчэньнi Курапатаў. Тая яно i атрымалася. Першымi залемантавалi камунiсты-сталiнцы, цьвёрдыя бальшавiкi. Яны пачалi адмаўляць сталiнскiя расстрэлы, сьцьвярджаць, што ткога не было i што ў Курапатах немцы, маўляў, расстралаялi габрэяў. Тое, што гэта звычайная камунiстычная выдумка i глупства, ведалi i ў пракуратуры, i ў сьледстве, i ў Акадэмii Навук, i ў вёсцы Цна. Тым ня менш С. Шушкувiч падпiсаў рашэньне аб праверцы вынiкаў дасьледваньняў. Зноў учсалi сьледства.

Мяне ўвогуле ўвесь гэты тлум ужо амаль не цiкавiў, бо я ведаў, што хто б нi стараўся сфальшавац падзеi ў Курапатах, у яго нiчога не атрымаецца. Зрабiць чорнае белым было немагчыма. Калi злачынцы цi iх нашчадкi пачынаюць шумець, каб апраўдаць цi абялiць мiнулае, яны тым самым толькi топяць сябе, хочучы цi ня хочучы, прылучаюцца да злачынства. Але iм здаецца, што яны ўсiх ашукаюць. У народнай творчасьцi аднак бытуе шмат прыпавесьцяў пра дурнога вераб'я, якi, дзе ня трэба, чырыкаў. Фiнал вядомы.

Бальшавiкi сабралi мноства дылетантаў, падстаўных сьведак i проста ненармальных людзей, пасьля чаго, вобразна кажучы. пасадзiлi сябе ў лужыну. Новае сьледзтва пацьвердзiла вывады пра Курапаты.

Але цьвёрдыя бальшавiкi зноў пайшлi ў атаку. Вынiк зноў быў такi ж самы. З усталяваньнем дыктатуры яны рушылi ў наступ яшчэ раз пры падтрымцы рэжыму. Цяпер, калi энкавэдзiсты захапiлi ўладу ў Беларусi, iм адчынiлiся, як яны думаюць, шансы ўсё забаранiць i ўсё вярнуць.

Яны яшчэ больш, чым раней, сталi дэманстраваць адкрыта зьняважлiвыя адносiны да Курапатаў. Вывернулi i пахiлiлi Крыж Пакуты, пазьбiвалi надпiсв i ўказальнiкi, панакiвалi сьмцьця, сталi выводзiць на месца расстрэлаў выгульваць сабак, а ў магiльных ямах зноў разьмясьцiлiся аматары пiкнiкоў, выпiць i закусiць, пасмажыць шашлыкi.

Памятаю, зiмой 1994 года, у час спатканьня ў Курапатах, прэзыдэнт ЗША Клiнтан спытаў у мяне:

— А чаму мясьцiна, якая павiнна быць сьвятой, у недагледжаным выглядзе?

— Таму што ў Беларусi кiруюць нашчадкi тых, што тут забiвалi, — адказаў я.

* * *

Летам 1995 года мы iшлi па Курапацкiм лесе з Уладзiмiрам Коласам. Падыйшлi да "шашлычнай групы". Вогнiшча раскалалi проста на магiле. Аб'едкi, сьмецьце. Муж i жонка, двое дзяцей. У вочы не глядзяць. Пазналi. Грае макнiтафон.

— Цi ведаеце, дзе вы знаходзiцеся? — Маўчаць. Я паўтарыў пытаньне.

— А что?

— Гэта Курапаты.

— Ну i что?

— Грэх палiць вогнiшча i весялiцца на магiле расстраляных. — Зноў маўчаць.

— Чаму вы гэта робiце?

— А куда нам дзевацца, куда? — злосна залемантавала раптам пасьля доўгага маўчаньня маладзiца. — Вот мы прыехалi iз Калiнiна, а что мы iмеем? Муж афiцэр, а сколька он палучает! Так нам ужэ i выйцi нiкуда нельзя, да? Верховнаму Савету толька Курапаты i нада, а что вы нам далi?

Маладзiца схапiла меншае дзiця, што якраз вылезла з магiльнае западзiны i падкруцiлася пад рукi, i стала яго дэманстратыўна цалаваць, абдымаць, ахiнаючы рукамi, нiлы абараняючы ад некага.

— Вы там в Верховнам Савеце толька а власьцi гаварыце, а народу кушаць нечэва, — прадаўжала афiцэрская жонка, соваючы дзiцяцi "сiнiкерс", — i ваабшчэ, зьдзесь пахаронены еврэi, а вы хацiце всех рускiх выселiць в Расiю, — скончыла яна.

Вось ён, думаю, тыповы род людзей, тыповыя паняцьцi i тыповыя паводзiны. На iх iдэальна кладзецца камунiстычная прапаганда. З такiмi бяссэнсоўна размаўляць.

Я ўвогуле ўсур'ёз неяк нiколi не задумваўся над зьместам бальшавiцкай прапаганды аб тым, што Пазьняк будзе "высяляць", "вешаць", "страляць", "саджаць", "забiваць" усiх рускiх, усiх ветэранаў i ўсiх камунiстаў. Элемэнтарны аналiз паказвае, аднак, што гэтакая прапаганда ёсьць агрэсiя страху забойцаў i вiнавайцаў, усiх, хто непасрэдна цi ўскосна меў дачыненьнi да злачынстваў камунiзму. Таемнае стала адкрытым, i спраўцы перапалохалiся. Спалохалiся адказнасьцi. Iм здалося, што за зробленае iх будуць караць, i яны, шукаючы абароны, тут жа залемантавалi, што хоча тое зрабiць асабiста iхны, як яны лiчаць, самы страшны вораг, якi выявiў i засьведчыў злачынствы бальшавiкоў.

Пра маштабы гэтае прапаганды казаць няма сэнсу, бо яна вось ужо скора дзесяць гадоў вiсiць у паветры, як смог.

Аднак назiраньне за яе мэтадамi i зьместам умацоўвае пераканаьне, што ўсяго таго, чаго так баяцца злачынцы i iхнiя абаронцы, iм трэба адмераць спаўна: ад суду над спраўцамi злачынстваў да рэпатрыяцыi расейскiх акупантаў.

Iх вельмi шмат на Беларусi. Гэтых скручаных ад нянавiсьцi да нашай краiны асаднiкаў, прысланых некалi з Расеi, каб расстрэльваць, бэсьцiць, душыць, паскудзiць i забiваць. Памятаю, я быў уражаны, калi даведаўся, якую астранамiчную суму з бюджэту выплочвае наша дзяржава пэнсiянэрам МУС i НКВД. Яны атрымлiваюць у 2-3 разы большыя пэрсii, чым беларусы i ненавiдзяць усё беларускае з азьвярэльсьцю шалёных сабак. (Што я назiраў, мiш iншым, сотнi разоў.)

Гэтыя службiсты пасьля выслугi гадоў дзе-небудзь у Магадане цi якiм-небудзь краснаярску, мелi права, згодна савецкiх законаў, пасялiцца на пэнсiю ў вызначаных месцах, менавiта: у Эстонii, Малдове, Заходняй Украiне i ў Беларусi. Выбiралi, як правiла Беларусь. "Народ харошый, прыветлiвый. I нацыяналiзма нет."

Бальшавiцкая iмпэрыя аблягчала свой бюджэт, высылаючы на пракорм у Беларусь самую шалёную катэгорыю русiфiкатараў, зьмяняла тым самым i дэмаграфiчны склад насельнiцтва. (Што, дарэчы, згодна мiжнародных загонаў, зьяўляецца злачынствам супраць людзей.) Адстаўнiк-русiфiкатар з Магадану, што выбiраў месцам жыхарства Беларусь, мог пасялiцца з усёй сям'ёй у любым месцы i ў любым горадзе нашай краiны. Яму абавязаны былi тут жа выдзялiць кватэру, працаўладкаваць (звычайна, у аддзел кадраў) i даць усе iльготы.

* * *

Скончыўшы дасьледваньнi Курапатаў, як i ў любой сур'ёзнай справе, я не сказаў усё, што ведаю. Пакiнуў запс для нягоднiкаў. Ужо ў першай жа (шушкевiчаўскай) рэвiзii Курапатаў шмат хто аскандалiўся на хлусьнi. У наступнай, ужо лукашэнкаўскай рэвiзii, камунiсты ганебна пагарэлi з канцэптуальнасьцю сваей iлжы, якую яны збудавалi на ўяўных габрэйскiх расстрэлах.

Даказаць недаказваемае немагчыма. Таму камунiстам-сталiнцам важна было хоць бы пасеяць сумненьнi цi выклiкаць спрэчкi, i тым самым зьнiзiць значэньне мясьцiны сталiнскага генацыду. Легенда пра расстраляных габрэяў нiяк не стыкавалася з iнфармацыяй, матэрыяламi, i фактамi дасьледваньняў. Гэта аднак не бянтэжыла бальшавiкоў. Сэнс быў як раз ў ляманце, i яны лямантавалi.

* * *

Неяк спаткаў я доктара гiстарычных навук спадара Лiцьвiна, якi вывучаў перыяд вайны. Ён мне i кажа, што камунiсты шумяць пра расстрэлы габрэяў, пiшуць паперкi.

— А вы парайце iм зьезьдзiць у Трасьцянец, дзе немцы расстралялi тысячы габрэяў разам зь беларусамi, — кажу я.

— I што?

— А тое, што ўжо пяцьдзесят гадоў марадзёры-далакопы раскопваюць i паскудзяць гэтыя агульныя магiлы, а побач — камунiсты зрабiлi гарадзкую звалку. I нiчога — iм ня пахне i не балiць — жывыя. Можаце пачытаць таксама iхнiя сантымэнтальныя буклецiкi пра Трасьцянец, куды яны нiколi не зазiраюць.

— Это другое дело,— кажа доктар Лiцьвiн.

— А хочаце, я вам пакажу трэцяе,— кажу я. — Месца зьнiшчэньня габрэяў непадалёк ад Курапатаў.

Мы селi ў машыну i паехалi. Я ведаў, што на адлегласьцi шасьцi-сямi кiлёмэтраў ад Курапатаў, у бок Калодзiшчаў, iснаваў у час вайны лягер, куд немцы звозiлi габрэяў i тут жа iх зьнiшчалi. Мне казалi, што там было iх забiта вельмi шмат. У 1988 годзе, калi я пачаў абсьледваньне гэтай мясьцiны, я нечакана натрапiў сярод поля, у кустах, непадалёк ад дарогi, на мэмарыял — пляцоўку, вымашчаную сенажнай плiткай. Пасярэдзiне пряцоўкi стаяў нiзкi бэтонны помнiк з памятным надпiсам пра зьнiшчэньне людзей. Гэтага мэмарыялу я не знайшоў у сьпiсах помнiкаў i памятных мясьцiнаў вайны. З выгляду — помнiк пастаўлены не раней 60-х гадоў.

Цiкава было назiраць за доктарам Лiцьвiнам, калi я яго прывёз у тую мясьцiну. Ён быў зьбянтэжаны, бо нiчога ня ведаў пра iснаваньне гэтага помнiка; у лiтаратуры зьвестак пра яго ён таксама не сустракаў. Адыным словам, забыты мэмарыял.

* * *

Што здарыцца зь беларусамi, калi забудуцца пра Курапаты? (Я казаў у пачатку пра знакавае значэньне гэтага месца ў жыцьцi Беларусi.) Цi будзем мы ўвогуле тады нацыяй? На што больш страшнае i больш сымвалiчнае можна яшчэ нам забыцца, каб духоўна памерцi навек? I што ёсьць у нашай памятнай гiсторыi боль пакутнiцкае i больш жахлiвае, чам ленiнска-сталiнскi генацыд?

Калi я некды прыяжджаю, цi ў вёску, цi ў горад, я iмкнуся паглядзець могiлкi. Гэта ня толькi памятная кнiга паселiшча, гэта гiсторыя i аблiчча яго людзей. У падсавецкай i пасьлясавецкай Беларусi гэтае "аблiчча" ёсьць шмат дзе зарослае кустамi, крапiвой, з пазьбiванымi крыжамi i разбуранымi абэлiскамi, закiданае смецьцем, прыстанiшча п'янiц i зьдзiчэлых катоў.

Вось ужо дзесяць гадоў па начах, а то i днём, нейкiя людзi раскопваюць магiлы ў Курапатах. Яны скавапна перабiраюць пакутныя косьцi, дзiравыя боты на стаптаных абцасах, калёшы, самаробныя бахiлы — рэшткi бедных людзей. Iх перад расстрэлам не абрабавалi нават энкавэдзiсты, бо ведалi, як пiсаў iхна бальшавiцкi паэт: "Нищiе, что с вас сжулить?" Аж не, знайшлiся нашчадкi, што абкрадуць нават труп жабрака, выцягнуць ягоны шкiлет з пакутнае брацкай магiлы.

Тут я не зьбiраюся абагульняць. Раскопваюць магiлы псыхiчна хворыя на нэкрасындром i падонкi. Але ж робiцца гэта ўсё, як i смажаньне шашалыкоў, на вiду ў людзей вось ужо дзесяць гадоў падрад. Усе мае захады, пачынаючы з 1988 года, да мiлiцыi, пракуратуры, у мiнiстэрствы, ды мясцовых органаў улады з патрабаваньнем выявiць злачынцаў i спынiць раскопваньне магiлаў, нi да чаго не прывялi. Тыя, да каго я зьвяртаўся, нiчога не хацелi i ня хочуць рабiць.

Але гэта б было паўбяды, калi б грамадзтва паводзiла сябе iнакш, чым паводзiць улада. На жаль, паводзiны аднолькавыя. I тут нiчога ня зьменяць i не дапамогуць нiякiя энтузiясты.

* * *

Мне здаецца, што не было ў нас больш няшчасных людзей, чым людзi з пакаленьня 20-х - 30-х гадоў, якое трапiла пад генацыд. Iхняе жыцьцё — гэта пекла на зямлi, несправядлiвасьць i сатанiнская жорсткасьць, якая перасьледуе iх нават пасьля сьмерцi. Гэта рок, кракляцьце маўклiвых. Яно ня скончыцца, пакуль ня будуць пакараныя забойцы, пакуль не разбурыцца iняе царства, не зруйнуюцца вавiлёнскiя вежы.

Тут, на Беларусi, яны захавалiся: i Берасьцейская крэпасьць, i вулiцы з iмёнамi бандытаў, i савецкiя танкi на пастамэнтах.

Мiхась Дубянецкi расказваў мне, як яго бацька Хведар сядзеў у берасьцейскай крэпасьцi, дзе была сташная турма НКВД. Расказаў, як дапытвалi, як вазiлi на расстрэл. 22 чэрвеня 1941 года, калi немцы ўдарылi па Берасьцi, узьнiкла панiка. Вязьнi пачалi разьбягацца, i азьвярэлыя энкавэдзiсты расстрэльвалi iх з наганаў. Хведар Дубянецкi, уцякаючы ў натоўпе, выбег якраз на энкавэдзiста. Той наставiў у яго рэвальвер.

— На хлеб, на! — закрычаў з попрыску Дубянецкi i сунуў у рукi забойцу кавалак турэмнага хлеба. Хвлiлiна замяшаньня — i Дубянецкi праскочыў на выхад. Энкавэдзiсты перастралялi вязьнеў, колькi здолелi, але самы апынулiся ў пастцы, бо немцы занялi горад.

— Iм удалося патым выбрацца з казематаў, пасьля чаго i быў створаны прапагандысцкi мiж пра "гераiчную" абарону берасьцейскай крэпасьцi савецкiм гарнiзонам. Турму НКВД назвалi "Брестская крепость-герой".

* * *

Як ня дзiўна, але самыя цяжкiя душэўныя пакуты ў сувязi з Курапатамi, я перажыў у 70-х гадах. Камунiстычная ноч тады здавалася бясконцай. Iшлi гады, i горад спакваля будаваўся, падступаў да расстрэльнага лесу. Трывога, што страшная памяць пра мардаваньне нацыi намарна згiне, перапаўняла i прагнятала мяне. Я не знаходзiў тады нi мечца нi спакою. Памятаю, неяк гаварылi са Шмыгалёвым, каб неўпрыкмет паставiць там крыж.

У бяссонныя ночы мне часта марылася, што скончыцца камуна i ўсе даведаюцца пра магiлы. Мне ўяўлялася, як тысячы людзей у жалобе нясуць на руках праз увесь горад вялiкi пакутнiцкi крыж. Прыносяць i ставяць яго ў тым лесе над магiламi рассраляных. Усе даведалiся, i ўвесь надод здрыгануўся. Гэтая карцiна, нiбы сон, доўгiя гады жыла ва ўяўленьнi.

Рэдка такое бывае ў жыцьцi, але гэтае ўяўленьне ажыцьцявiлася. У 1989 годзе восеньню на Дзяды дзесяткi тысячаў людзей, моц народу, з харугвамi i беларускiмi бел-чырвона-белымi сьцягамi пранесьцлi праз увесь горад ад Усходнiх могiлак i да Курапатаў сямiмэтровы Крыж Пакуты. Яго ўкапалi i паставiлi пад гукi ўрачыстага рэквiема, i словы малiтвы зьлiвалiся з шумам дрэў.

* * *

Якiмi я ўяўляю мэмарыяльныя Курапаты? Маё ўяўленьне прастае, разьлiчанае на духоўны рост беларускай нацыi. Ня будзе росту — ня будзе i мэмарыяльных Курапатаў. Я ўяўляю, што кожны беларус, кожны чалавек, якi ў нейкiм пакаленьнi роду пацярпеў ад камунiстычнага генацыду, цi праста кожны той, хто мае сэрца i веру, жаласьць i людоў да свайго надоду, той хай прыносiць у Курапаты свой крыж i ставiць яго, дзе захоча. Я ўяўляю мэмарыяльныя народныя Курапаты, дзе над магiламi сасновы лес дрэў i лес рукатворных крыжоў. Калi iдзеш ад шашы па дарозе ўгару да магiлаў — паабапал калюмны крыжоў. Iх тысячы, iх дзесяткi, сотнi тысячаў, прынесеных беларусамi i ўкапанымi ў пактную, палiтую нявiннай крывёю зямлю. Яны стаяць паабапал Дарогi Сьмерцi: крыжы-людзi, крыжы-беларусы зь iмёнамi расстраляных, забiтых, замучаных продкаў, што сабралiся тут перад Страшным Судом.

Кожны нясе сюды свой крыж. Колькi яго прыйдзецца несьцi кожнаму? Год? Два? Цi можа, пятнаццаць? Цi цэлую вечнасьць?

Колькi яго прыдзецца несьцi ўсiм?.. Невядома.

Пакуль што ў Курапатах чатыры крыжы.

Чатыры крыжы…

29 кастрычніка 1999
Зянон Пазьняк

 

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro