Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


Зянон Пазьняк
(Ліст да беларусаў Вызвольнага Руху)
14 сьнежня 2000 г.

АСЬЦЕРАГАЙЦЕСЯ ЧАРЦЕЙ З ТАБАКЕРКІ!

Акупацыйныя ўлады на Беларусі рыхтуюцца да выбараў прэзыдэнта. Мы, беларусы, павінны ведаць, што яны зьбіраюцца рабіць і чым гэтае мерапрыемства можа павярнуцца для нас.

Спачатку — канстатацыя становішча. Маскоўскія спэцслужбы (КГБ-ФСБ) ужо фактычна цалкам захапілі ўладу ў Беларусі. За апошні час яны яе пашырылі, умацавалі і ажыцьцяўляюць практычна поўны кантроль над Лукашэнкам. У гэтых варунках Масква зацікаўленая ў выбарах прэзыдэнта, каб легалізаваць (легітымізаваць) сваю ўладу на Беларусі і стварыць праўнае абгрунтаваньне для акупацыі. Ёй патрэбны свой чалавек на прэзыдэнцкай пасадзе.

Прайграньне выбараў абазначала б для Масквы страту Беларусі, якую яна ўжо амаль захапіла. Для Лукашэнкі — суд і трывожную невядомасьць. Для Лукашэнкі захаваньне ўлады ёсьць пытаньнем жыцьця, лёсу і асабістай свабоды.

Улічым, што выбары будуць адбывацца ў рэжыме акупацыйнай дыктатуры, пры адсутнасьці дэмакратычных умоваў і ў становішчы, калі большасьць людзей (больш, чым дзьве траціны) не падтрымлівае Лукашэнку.

Ня цяжка зразумець, якія ў такіх абставінах плянуюцца “выбары” і як яны будуць праводзіцца ўладамі. Дзеля таго, каб утрымаць пасаду прэзыдэнта і ўмацаваць акупацыйны рэжым, пойдуць на ўсё. Нармальных выбараў ня будзе. (Праўда, “хаджэньне на ўсё” яшчэ не гарантуе перамогі, але пра гэта — іншым разам.)

Мэтады, якімі будуць карыстацца на выбарах гэбісты і цяперашняя ўлада на Беларусі, — вядомыя: прымус, прафанацыя, фальсіфікацыя і ашуканцтва выбаршчыкаў.

Спынімся на самым небясьпечным — на ашуканцтве выбаршчыкаў. Гэтая справа цалкам ў руках КГБ-ФСБ. Мэтодыка яе лёгка ідэнтыфікуецца. Але змагацца з ашуканцтвам надзвычай цяжка, бо яно заснаванае на масавых маніпуляцыях інфармацыяй і на псыхалягічным эфэкце падрыхтаванай нечаканасьці. (Назавём умоўна гэтакі прыём — “чорт з табакеркі”.)

Фундамэнтальнай падставай і абавязковай умовай такой мэтодыкі павінен быць поўны кантроль спэцслужбаў над кандыдатам улады і над яго супернікам. У больш шырокім сэнсе — павінен ажыцьцяўляцца абавязковы кантроль над уладай і над апазыцыяй да яе. Апазыцыю стараюцца інфільтраваць агентурай, разваліць і ўзяць у свае рукі. Калі не атрымліваецца — ствараюць сваю, паралельную апазыцыю і робяць яе інфармацыйную “раскрутку”. (Тое ж адносіцца і да сродкаў масавай інфармацыі.)

Гэтую схему руская разьведка на Беларусі пачала ўжываць з 1992 года, неўзабаве пасьля дасягненьня незалежнасьці і пасьля таго, як Народны Фронт, сабраўшы амаль паўмільёна подпісаў, паставіў пытаньне на рэфэрэндум аб выбарах новага парляманту.

Тады супраць БНФ хутка пачалі ствараць паралельны “рух” — “народное движение Белоруссии” (НДБ). На чале яго паставілі падпалкоўніка Гайдукевіча. Праз падстаўную арганізацыю (“Комитет солдатских матерей”) урад Кебіча выдзеліў на падтрымку “руху” велізарныя сродкі. Для кіраваньня “рухам” ва Ўрадзе была створаная спэцыяльная структура з функцыянэраў КГБ, куды залічылі на пасаду спадара Гайдукевіча, генэрала Паўлава і інш. Урад Кебіча аб’яўляе пра плян аб’яднаньня грашовых сістэмаў Беларусі і Расеі (гэта значыць — паглынаньне Беларусі Расеяй). Масква горача падтрымлівае Кебіча (пацалункі з Чарнамырдзіным). Улада поўным ходам ідзе да прэзыдэнцкіх выбараў, хоць шансы Кебіча выйграць у прадстаўніка БНФ былі дастаткова сумніўнымі. Дзейнасьць Кебіча на працягу доўгага часу жорстка крытыкавалася Фронтам і ў друку (Апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце, газэтай “Свабода” і інш.). Кебіч ня меў даверу.

І тут… выскоквае чорт з табакеркі (нікому невядомы Лукашэнка) і накідваецца на “злодзея Кебіча”. Лукашэнку неабмежавана прапануюць эфір, тэлебачаньне і радыё, сродкі масавай інфармацыі, каманды функцыянэраў і журналістаў. Гучыць бравурная крытыка. За кароткі час “выхадзец з табакеркі” стаў вядомы ўсім савецкім (і постсавецкім) выбаршчыкам. На яго працуе сістэма сацыяльнай дэзынфармацыі (Аддзел КГБ па распаўсюджваньні чутак) і цэлая каманда. Жыхар з табакеркі хутка становіцца электаральным выбранцам і сацыяльным героем. Пры гэтым Масква і КГБ адначасна падтрымліваюць і Кебіча, і Лукашэнку. Выбар паміж імі быў зроблены ў час выбарчай кампаніі. Канчатковы — пасьля другога туру, у які, ізноў жа, вывелі Кебіча і Лукашэнку (хаця на справе Кебіч у другі тур не праходзіў).

Аналягічную схему гэбісты ажыцьцявілі ў Расеі. Тут з табакеркі выскачыў нікому не вядомы Пуцін. Толькі электаральным героем ён зрабіўся не на ўяўнай барацьбе з карупцыяй, як Лукашэнка, а на вайне і інспірацыі нянавісьці да чачэнцаў.

Пасьля лістападаўскага перавароту ў 1996 годзе містыфікацыі і злавесныя інспірацыі становяцца любімым палітычным прыёмам расейскіх спэцслужбаў на Беларусі. (Як кажуць, “вышлі ўсе мы з-пад Лёзна”.)

У 1999 годзе “з табакеркі” нечакана для многіх выскоквае спадар Чыгір, пра якога ўжо амаль забыліся, бо ішла ўзмоцненая прапаганда асобы Генадзя Карпенкі. (Што потым зрабілі з Карпенкам — вядома.)

Нагадаю, што галоўная мэта праекту “Чыгір” (выбары прэзыдэнта) — зьнішчыць Беларускі Народны Фронт. Гэта была самая небясьпечная атака на Фронт за ўсю яго гісторыю. І Чыгір з Ганчаром ведалі, на што ішлі.

У пачатку сьнежня 1999 года заключаюць чарговы пакт Лукашэнкі-Ельцына аб “саюзе” Беларусі з Расеяй. Прагназавалі грамадзкае напружаньне — і з табакеркі выпускаюць “гаспажу” Віньнікаву, якая нібы та зьнікла 9 месяцаў таму пры таемных абставінах. І вось — “сэнсацыя”: Віньнікава зьяўляецца. (Ай-я-яй, а Лукашэнку нават у забойцы запісвалі.)

Пасьля таго, як ФСБ вывезла Віньнікаву з-пад арышту ў Лёндан, — задача ў іх простая: трымаць сьведку лукашэнкавых фінансавых таямніц на моцнай шворцы, бліжэй каля сябе і далей ад сярдзітага дыктатара. Зразумела, дзеля чаго. (Пры гэтым “гаспажа”, трэба думаць, зусім ня лічыць, што яе завербавалі.)

Віньнікаву выпускаюць час ад часу на паверхню ў якасьці “інфармацыйнай пустышкі”, дзеля адцягненьня ўвагі грамадзтва ад чарговых інтэграцыйных атак на Беларусь. (З усяго, што нагаварыла словаахвотлівая банкірка “ў палітычных інтэрв’ю”, няма нічога канкрэтнага і ніякай рэальнай інфармацыі.)

Ня буду пералічваць больш дробныя выпадкі паранойных містыфікацыяў. Трэба толькі ўсьведамляць, што ў гэтым выяўляецца характэрная адметнасьць апэратыўна-палітычнай дзейнасьці ГПУ-НКВД-КГБ-ФСБ і г.д. Такія паводзіны ў палітыцы ўвогуле характэрныя для спэцслужбаў. Пры аналізе становішча ў нашай краіне, дзе ўладу кантралюе разьведка чужой дзяржавы, нельга ня ўлічваць гэтае вырабленае інтрыганства і маніпуляцыю людзьмі.

Набліжаюцца выбары — пара адчыняць табакерку.

Год таму я паведамляў у польскім друку пра містыфікацыю са зьнікненьнем Віктара Ганчара. Але ў Польшчы дрэнна разумеюць ненармальныя рэчы. (Зрэшты, і ў Беларусі таксама.) Тым ня менш час ідзе — пара на выхад. Вярнуўся ж на службу Д. Булахаў.

Як выпусьцяць на сцэну Ганчара ці Булахава, ці каго іншага, у якім выглядзе, на якім кані і ці выпусьцяць увогуле — пытаньні ня толькі рэжысёрскага густу, але й палітычнай мэтазгоднасьці. Ня выключана, што галоўныя дырыжоры зноў захочуць паўтарыць сітуацыю, як у 1994 годзе з Лукашэнкам ды Кебічам. Толькі цяпер роля Кебіча прызначана будзе Лукашэнку, а роля Лукашэнкі — выхадцу з табакеркі. Ролю для народа таксама напішуць: наступаць на граблі. Роля для Беларусі — залежнасьць ад Масквы і страта дзяржаўнай незалежнасьці.

Шмат якія беларускія палітыкі ніяк ня могуць зразумець, што з Масквой нельга гуляць. Зь ёй нельга бавіцца. Зь ёй трэба толькі змагацца. Пры тым — адкрыта. Трэба прымушаць сілы цемры паказвацца ў дзённым сьвятле.

Сітуацыя, безумоўна, можа ўзьнікнуць дрэнная. Масква здольная зноў павесьці ашуканых беларусаў усьлед за героем з табакеркі змагацца “за демократию” у пашчу ўдава. Але ўсё ж такі шмат хто зь беларусаў ужо набыў іншы вопыт, чым меў яго ў 1994 годзе, і ўжо ня дасьць сябе ашукаць. Акрамя таго, я ўспамінаю 1999 год, калі тандэм Чыгір-Ганчар з помпай, пыхай і траскатнёй ажыцьцяўлялі праект нібы та “выбараў прэзыдэнта”. І што ж? Не дапамагла ні Масква, ні маскоўскія грошы, ні СМІ, ні юрыдычная адукацыя. На ўсялякіх мудрацоў хапае прастаты.

У Беларусі ёсьць толькі адна арганізаваная апазыцыйная сіла, якая выяўляе сапраўдныя нацыянальныя інтарэсы беларускага народа. Гэтая сіла — Беларускі Вызвольны Рух, куды ўваходзяць Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ і іншыя арганізацыі.

Вакол Беларускага Вызвольнага Руху і трэба гуртавацца беларусам, якім дарагая Беларусь, свабода і незалежнасьць Бацькаўшчыны.

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro