Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
БЕЛАРУСКАЯ САЛІДАРНАСЬЦЬ
Беларус, зважай!
Над беларускім народам і Беларусьсю навісла пагроза. Вуснамі Лукашэнкі і Пуціна агучваюцца пляны маскоўскіх “стратэгаў”. Лукашэнка просталінейна гаворыць пра тое, што на Беларусі будзе разьмешчаная 300-тысячная армія. Пуцін больш дыпляматычна — пра тое, што Расея будзе адэкватна рэагаваць на пашырэньне НАТО на Ўсход.
У Расеі камунізм нарадзіў кагэбізм. Да ўлады прыйшоў рэжым, замешаны на крыві чачэнскага народу, на крыві сваіх грамадзянаў, на тэрарыстычных узрывах жылых дамоў у Маскве і Валгадонску, на рабаваньні свайго народу, на заказных забойствах, на фальсіфікацыях, ашуканстве і хлусьні. Цяпер задумана завяршыць працэс акупацыі Беларусі і беларускага народу.
Зноў палітыканы ўзбуджаюць ваенны псыхоз, нацкоўваюць людзей супраць краінаў Захаду, грамадзяне якіх не жадаюць нам зла, якія вязуць нам гуманітарную дапамогу, прымаюць нашых дзяцей, дапамагаюць выратавацца ад чарнобыльскай бяды. Для чаго ўводзіцца 300-тысячная чужая армія на Беларусь? Хто нам пагражае? Ці будзе гэтая чужая армія пагрозай для краінаў НАТО, такіх як Нямеччына ці Францыя? Чужая армія на нашай тэрыторыі — гэта пагроза для нас, беларусаў. Выхаванцы крывавай камуна-кагэбісцкай сістэмы плянуюць паставіць Беларусь (цяпер ужо ў новым стагоддзі) у эпіцэнтр новай ваеннай катастрофы. Пасьля чарговага развалу Савецкага Саюзу рускія імпэрскія рэваншысты пастанавілі аднавіць межы былога СССР. Першы ўдар наносіцца па Беларусі. Праз свайго стаўленіка Лукашэнку яны ўсталявалі тут рэжым унутранай акупацыі. Рэальная акупацыя замацоўваецца ўвядзеньнем чужога войска на акупаваную тэрыторыю. Прытым ня мае істотнага значэньня, якім чынам яно будзе ўведзенае, ці шляхам адкрытай агрэсіі (як у Чачэніі), ці шляхам змовы і выкананьня фальшывых абавязкаў (як у краінах Балтыі ў 1939-1940 гг., у Польшчы і Чэхаславаччыне пасьля 2-й Сусьветнай вайны), ці спосабам стварэньня нібыта сумесных вайсковых груповак на тэрыторыі, што становіцца аб’ектам акупацыі. Менавіта апошні варыянт заплянаваны Масквой для Беларусі, дзе ўжо са згоды прадажнага рэжыму адбываецца таемнае накапленьне расейскіх ваенных сілаў.
Мы, беларусы, адказныя за тое, калі дазволім размяшчэньне акупацыйнага расейскага легіёну на нашай тэрыторыі. Мы адказныя перад нашымі суседзямі, народамі Літвы, Латвіі і Польшчы. Гэта супраць нас і нашых суседзяў будуць накіраваныя акупацыйныя войскі. Каб утрымаць уладу, задаволіць свае непамерныя амбіцыі Лукашэнка з Пуціным і ўся расейская ваеншчына без хістаньня ўцягнуць народы ў новую бойню. Беспакараным гэта застацца ня можа. Варта ўспомніць кропкавыя ракетныя і бомбавыя ўдары войскаў НАТО па аб’ектах Югаславіі. Няўжо нам гэта трэба?
Мы павінны рыхтавацца да ўсенароднай барацьбы за свабоду і незалежнасьць Беларусі. Але зараз у нас яшчэ ёсьць час і магчымасьць спыніць рэалізацыю расейскіх злачынных плянаў. Трэба рабіць наступнае:
Нажаль, і Менская група АБСЭ, якую ўзначальвае дыплямат зь Нямеччыны сп. Ганс-Георг Вік, падштурхоўвае апазыцыю да дыялёгу з незаконным лукашысцкім рэжымам і да ўдзелу ў арганізаваных рэжымам “выбарах”. Група АБСЭ актыўна спрыяе афармленьню “балотнай” і каляніяльнай апазыцыі. Па працы групы АБСЭ ў Беларусі ўзьнікае шмат пытаньняў. Чаму група АБСЭ ўпарта ня хоча бачыць рэальныя дачыненьні Расеі і Беларусі? Чаму яна ня хоча бачыць, што корань зла знаходзіцца ў Маскве? Чыю палітыку праводзіць група АБСЭ ў Беларусі? Якія ёсьць дамоўленасьці паміж Нямеччынай і Расеяй? Ці ня ёсьць Беларусь разьменнай манэтай у гандлі Расеі і Нямеччыны за Калінінградзкую вобласьць (Усходнюю Прусію) і нафта-газавыя трубаправоды празь Беларусь?!
Беларусы павінныя быць пільнымі, не паддавацца на розныя падманныя тэхналёгіі.
Беларус, паклапаціся пра свой лёс! Абарані сябе і будучыню сваіх дзяцей. Нельга забываць да чаго прыводзяць безабаронныя паводзіны. Трэба памятаць урокі камуністычных крывавых 30-х, 40-х, 50-х гадоў, калі мільёны беларусаў вывозілі з родных мясьцінаў на непасільную рабскую працу і галодную сьмерць, забівалі ў Сібіры і Курапатах.
Мы павінныя абараніць незалежнасьць Беларусі. Народ мусіць зьберагчы Бацькаўшчыну.
Далучайцеся да Беларускага
Вызвольнага Руху!
Нашае выратаваньне ёсьць Беларуская Салідарнасьць!
Разам мы пераможам!
Жыве Беларусь!
Прынята
Ўправай Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Партыі БНФ (Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ) 22 траўня 2000 г. |
Зянон
Пазьняк Анатоль
Крыварот |
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro