Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
ВЫСТУП
в.а. старшыні Партыі БНФ Юрыя Беленькага
на Ўсебеларускім Зьезьдзе
Незалежнасьць нашае краіны не звалілася нам зь неба, як манна нябесная, як часам сьцвярджаюць некаторыя асобы. Незалежнасьць сталася вынікам змаганьня не аднаго пакаленьня беларусаў за свабоду сваёй Радзімы.
У наш пераломны для гісторыі Бацькаўшчыны час на вастрыні гэтага змаганьня знаходзіцца Беларускі Народны Фронт. Прыняцьце ў 1990 г. Дэклярацыі пра суверэнітэт і наданьне ёй статусу канстытуцыйнага закону (у 1991 г.) сталася вынікам перадусім палітычнага змаганьня Апазыці БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня пры магутнай падтрымцы структраў Фронту, усіх патрыётаў краіны.
Але мала дамагчыся палітычнае незалежнасьці краіны. Вельмі важна адстаяць яе, стварыць моцныя інстытуты дзяржаўнасьці. У адваротным выпадку рэальнасьцю зьявіцца страта незалежнасьці. Кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту мела і мае на гэты конт поўную яснасьць і разуменьне.
У кастрычніку 1991 г. праз два месяцы пасьля наданьня Дэклярацыі пра суверэнітэт статусу канстытуцыйнага закону Старшыня Фронту Зянон Пазьняк ад імя апазыцыі БНФ зрабіў прагноз варыянтаў разьвіцьця палітычнай сытуацыі ў Беларусі.
Перад краінай два шляхі, казаў Пазьняк: першы — вяртаньне ў Эўропу, пабудова дэмакратычнага ладу ў краіне, другі — прыход на хвалі камунізму прэзідэнцкай улады, вяртаньне ва ўсходнюю імпэрыю.
Зьвяртаю ўвагу, гэтыя словы былі сказаныя ў час, калі краіна толькі набыла палітычную незалежнасьць і тады нават гаворкі не было пра стварэньне прэзідэнцкай улады.
У 1994 г. у артыкуле “О русском империализме и его опасности” Старшыня БНФ адкрыта сказаў пра крыніцу небясьпекі для нашай незалежнасьці. Увага нашага грамадзтва, якое на той час у большасьці сваёй ня бачыла гэтай рэальнай небясьпекі, упершыню адкрыта скіроўвалася на яе. Сёньня гэтую небясьпеку і крыніцу, адкуль яна зыходзіць, бачаць усе патрыёты Бацькаўшчыны — сьведчаньнем чаму гэты форум.
Усходняя імпэрыя праз сваю каляніяльную адміністрацыю, ствараючы “сваю” апазыцыю, імкнецца разбурыць усе структуры дзяржаўнасьці — парлямант, мясцовае самакіраваньне, беларускую эканоміку, беларускае войска, беларускую мову, культуру, сымволіку.
Перад грамадзтвам стаіць пытаньне: як змагацца ў гэтай вайне, што вядзецца супраць беларускага народу расейскай імпэрыяй. Некаторыя спадары асноўнымі фактарамі ў гэтай барацьбе бачаць зьнешнія фактары — Ўсход і Захад. Гэта ілюзія. Сьведчаньнем “спрыяльнасьці” ўсходнега фактару зьяўляецца зварот кіраўнікоў фракцыяў Расейскай Думы да Лукашэнкі, дзе прапаноўваецца прыбраць усе перашкоды да “інтэграцыі” — чытай: інкарпарацыі Беларусі ў Расею.
Сьведчаньнем неадназначнасьці заходняга фактару могуць служыць надрукаваныя ў сёньняшнім нумары “Народнай волі” выказваньні кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі Ханса-Георга Віка і намесьніка міністра замежных спраў Вялікай Брытаніі Кейта Ваза, у якіх фактычна ўтрымліваюцца заклікі да беларускай апазыцыі пра ўдзел у лукашэнкаўскім выбарчым фарсе.
Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”, Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ лічаць, што асноўным фактарам, які можа карэнным чынам зьмяніць сытуацыю, зьяўляецца ўнутраны фактар — кансалідацыя беларускага грамадзтва для змаганьня за незалежнасьць Айчыны. У гэтай сувязі мы выступілі зь ініцыятывай “Беларуская Салідарнасьць”.
Мы заклікаем беларусаў да ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту супроць размяшчэньня расейскіх ваенных аб’ектаў на нашай тэрыторыі; праводзіцца кампанія збору подпісаў па непрызнаньні незаконнага “саюзнага дагавору”.
Сёньня патокам ідуць лісты нашых грамадзянаў з гэтымі подпісамі. Падпісныя лісты накіроўваюцца у ААН, АБСЭ, амбасаду ЗША і Вялікай Брытаніі.
Беларускі народ, паводле Канстытуцыі, зьяўляецца адзінай крыніцай улады. Сёньня ж у Беларусі ўлада ўзурпаваная незаконным рэжымам. Альтэрнатывай рэжыму павінны стацца структуры сапраўды народнай улады — ў гэтай сувязі мы выступаем зь ініцыятываю стварэньня “Грамадзянскага Парляманту” (БНР). Мы зьвяртаемся да дэлегатаў Зьезду далучацца да нашых ініцыятываў.
Разам мы пераможам!
Жыве Беларусь!
Жыве вечна!
29 ліпеня 2000 г., Менск
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro