Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


Да 14-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы

Чарнобыльская катастрофа — адно з найвялікшых няшчасьцяў у гісторыі чалавецтва. Увесь сьвет адгукнуўся на бяду беларускага народу. Мы з удзячнасьцю памятаем пра людзей Італіі, Нямеччыны, Ірляндыі, Англіі, іншых краінаў, якія арганізавалі гуманітарную дапамогу ахвярам катастрофы, прынялі беларускіх дзяцей у сваех семьях, праявілі салідарнасьць з нашым народам. У трагічны час Беларусь знайшла тысячы і тысячы сябраў у цывілізаваным сьвеце.

Але мы павінны памятаць таксама пра камуністычных злачынцаў, носьбітаў чалавеканенавісьніцкай ідэалогіі і стваральнікаў варварскай маскоўскай імпэрыі. Гэта яны пабудавалі на зямлі акупаваных народаў свае тэхнічна і сацыяльна небясьпечныя АЭС. Пасьля выбуху ў 1986 г. менавіта камуністычныя крамлёўскія ўлады аддалі злачынны загад савецкай авіяцыі расстрэльваць і спускаць радыяактыўныя хмары, што ішлі ў бок Масквы, на Гомельшчыну і Магілёўшчыну. Яны засакрэцілі маштабы катастрофы, не арганізавалі сапраўднай эвакуацыі і выратаваньня насельніцтва, практычна праводзілі цынічны экспэрымент над мільёнамі беларусаў. Толькі намаганьнямі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” удалося разбурыць мур маўчаньня і арганізаваць дапамогу ахвярам. Першы Чарнобыльскі шлях у 1989 г. паклаў пачатак народнаму супраціву савецка-імпэрскай хлусьні. Цяперашні антыбеларускі прамаскоўскі рэжым працягвае злачынствы супраць беларускага народу. Лукашэнка заявіў, што “ў 2000 г. становішча ў чарнобыльскай зоне будзе стабілізаванае”, што на атручаных радыяцыяй землях трэба жыць і працаваць.

Расейская імпэрская ваеншчына і прадажны незаконны лукашэнкаўскі рэжым плянуюць новы Чарнобыль для беларусаў. Ваеншчына плянуе вяртаньне расейскай стратэгічнай авіяцыі з ядзернай зброяй на беларускія аэрадромы, плянуе ўвесьці ракетна-ядзерныя комплексы “Топаль-М” на тэрыторыю Беларусі. Лукашэнка заяўляе пра разьмяшчэньне шматсоттысячнай арміі на заходняй беларускай мяжы. Паранаідальныя імкненьні расейскіх уладаў, палітыкаў і ваеншчыны да аднаўленьня “Вялікай Расеі” вядуць да супрацьстаяньня з краінамі NATO. Беларусь зноў можа стаць у эпіцэнтры ваенных катаклізмаў.

Справа выратаваньня беларускай нацыі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і новых катаклізмаў, якія рыхтуюць расейскія імпэрскія сілы і продажны, незаконны лукашэнкаўскі рэжым, знаходзіцца ў руках самых беларусаў. Беларусы павінны скансалідавацца і рашуча выступіць за сваю свабоду і незалежнасьць за суверэнную Беларусь. Ніякіх “саюзаў” з Расеяй. Беларусы створаць законную беларускую ўладу ў Беларусі. Незалежная дэмакратычная беларуская дзяржава будзе гарантам разьвіцьця і здароўя нацыі.

За Беларускую Салідарнасьць!
Жыве незалежная Беларусь!

8 красавіка 2000
г. Менск
Сойм
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі — БНФ

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro