Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


ЗВАРОТ
Сойму Партыі БНФ да грамадзянаў Беларусі


Пра 82-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці
Беларускае Народнае Рэспублікі (БНР)

25 сакавіка 1918 году Рада БНР прыняла Трэцюю Ўстаўную Грамату, абвясьціўшы сьвету незалежную эўрапейскую дзяржаву — Беларускую Народную Рэспубліку. Быў зьдзейсьнены акт надзвычайнае гістарычнае значнасьці — ад гэтага часу Беларусь і беларускі народ прызнаваліся роўнымі сярод роўных у сямьі дзяржаўных народаў сьвету.

І хоць наша незалежніцкая хада на доўгія наступныя гады была прыпыненая расейскім бальшавіцкім акупацыйным рэжымам, высакародныя ідэалы БНР не памерлі. Бо няма нічога наймацнейшага перад сьвятой народнай воляй. Гэта пацьвердзілі мы, беларусы, калі на пачатку 90-х гадоў за кароткі тэрмін аднавілі беларускую дзяржаўную Незалежнасьць, вярнулі на дзяржаўны пасад нашый гістарычны герб Пагоня і наш сьвяты бел-чырвона-белы сьцяг.

Аднак Адраджэньне Бацькаўшчыны чарговы раз было гвалтоўна перарванае антыбеларускімі сіламі. Цяперашні прамаскоўскі дыктатарскі рэжым, ад самага пачатку скіраваны на ліквідацыю незалежнае Беларусі, у сьнежні 1999 г. з падпісаньнем пагадненьня паміж Менскам і Крамлём пра стварэньне так званай саюзнай дзяржавы паставіў апошнюю кропку. Гэтая змова ўяўляе для Беларусі сьмяртэльную небясьпеку, бо прадугледжвае няўхільнае зьнішчэньне беларускіх дзяржаўніцкіх і незалежніцкіх каштоўнасьцяў, пасьля чаго адбудзецца захоп усёй маёмасьці краіны маскоўскімі спэцслужбамі ды маскоўскімі алігархамі, найгоршае ж — гэта ўцягваньне Беларусі ў імпэрскую ваенную палітыку. Ужо сёньня праявілася, як зь непрыхаваным цынізмам усё больш і больш асноўных уладных пасадаў у Беларусі аддаюцца выхадцам з расейскіх этнічных губерніяў.

Пагроза нацыянальнаму існаваньню павінна аб'яднаць усіх беларусаў — у нас цяпер няма больш важнае задачы за абарону нашае дзяржавы і незалежнасьці.

Сойм Партыі БНФ зьвяртаецца да грамадзянаў Беларусі з заклікам падтрымаць бесьперапынную акцыю “Беларуская Салідарнасьць” ды стаць на абарону НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ, СВАБОДЫ І СУВЕРЭНІТЭТУ БЕЛАРУСІ перад расейскаю пагрозаю.

Мы мусім змагацца за незалежнасьць і свабоду ўсюды, дзе мы ёсьць — у войску, на прадпрыемствах, у міліцыі, ВНУ, міністэрствах. Нам трэба змагацца, калі хочам жыць. “Беларуская Салідарнасьць” дапаможа нам мабілізавацца і аднавіць законную ўладу ў Беларусі, каб адбудаваць наш разбураны БЕЛАРУСКІ ДОМ.

Сойм Партыі БНФ заклікае грамадзянаў Беларусі ўрачыста адсьвяткаваць 25 сакавіка — найвялікшую падзею нашае гісторыі, слаўную дату нашае сучаснасьці.

Жыве Беларусь!

Жывуць ідэалы БНР!

26 лютага 2000
г. Менск

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro