“ВЫБАР”
№ 27 (120), люты
2000 г.
ВОСЬ ТАБЕ, “БАЦЬКА”, I НОВЫ ГОД!
Калi на прэс-канфэрэнцыi А. Лукашэнку запыталi, як ён ацэньвае шанцы У. Пуцiна зрабiцца прэзыдэнтам Расеi, адказ быў даволi дзiўным. Замест таго, каб, як вялося, прызнацца ў вечнай любовi ды сяброўстве чарговаму маскоўскаму сябру, “бацька” раптам загаварыў пра заблытаныя рэйтынгi вядучых палiтыкаў i што Пуцiн, магчыма, ня будзе абраны прэзыдэнтам. Маўляў, да прэзыдэнцкiх выбараў яшчэ некалькi месяцаў i шмат што можа перамянiцца. Так празрыста грамадзянiн Лукашэнка выказаў свае спадзяваньнi. Адурманiўшы Беларусь i ўдосталь ёй нацешыўшыся, жадалася б тое самае зрабiць на вялiкiх расейскiх прасторах i засесьцi ў Крамлi. “Беларусь — пройденный этап.” Ды ў Расеi й не было яму дагэтуль вартых супернiкаў. Ельцын, Чарнамырдзiн, Зюганаў, Прымакоў, Лужкоў — на iх варта адзiн раз зiрнуць, каб зразумець: не канкурэнты — i ўзрост ня той, i ўвогуле гэтай… ну як яе? харызмы не стае. Маладых будаўнiкоў капiталiзму кшталту Чубайса, Нямцова, Яўлiнскага, Гайдара цi Кiрыенку расейскi электарат лiчыць за здраднiкаў. Рыкаючы генерал Лебедзь абмежаваў сябе дабраахвотнай сiбiрскай ссылкай. У Жырыноўскага пiк папулярнасьцi застаўся ззаду. А над нашым “бацькам” — нiмб палымянага народнага заступнiка, моцнага, энергiчнага, сьмелага. Праз стварэньне саюзнай дзяржавы былi рэальныя шанцы пакiраваць Расеяй на пасадзе прэзыдэнта новага Саюза. На гэта Лукашэнака й разьлiчваў, да такой мэты крок за крокам i рухаўся ўсе апошнiя гады.
А тут — Уладзiмiр Уладзiмiравiч! Несумненна, пры такiм прэзыдэнце Расеi мары Лукашэнкi пра крамлёўскага жураўля (двухгаловага, зь кiпцюрамi) застануцца марамi. Давядзецца задаволiцца беларускай сiнiцай. Ды й тую птушку драпежная суседка можа загрэбцi. У расейскiх СМI было паведамленьне, што У. Пуцiн ухвалiў эканамiчную праграму правых сiлаў. Адзiн з галоўных яе аўтараў, Чубайс, напрасткi заявiў па расейскiм тэлебачаньнi, што нiякага саюзу ствараць ня трэба, проста шэсьць беларускiх абласьцей трэба ўключыць у склад Расейскай Iмп… цьху! Федэрацыi. Проста й даходлiва. Вось як глядзяць на нас так званыя маскоўскiя “дэмакраты”. Гэта яшчэ раз даказвае, што цывiлiзаванай i дэмакратычнай краiнай Расея ў блiжэйшы час ня зробiцца. Зрэшты, у такiм стаўленьнi да нас самi мы, грамадзяне пакуль што Рэспублiкi Беларусь, й вiнаватыя. Для Лукашэнкi апошнiя расейскiя падзеi маюць значэньне: за кiм большасьць у Дзярждуме, каго там абяруць прэзыдэнтам. Беларусi — ўсё адно: цi адразу прададуць у рабства, цi паступова, па частках.
Толькi разам мы, мiльёны сыноў i дачок Беларусi, можам супрацьстаяць расейскiм акупантам i мясцовым здраднiкам. Дык дамо ж адпор аншлюсу!
Алесь Талака