“ВЫБАР”
№ 27 (120), люты
2000 г.
ХРОНIКА ЧАЧЭНСКАЙ ВАЙНЫ
Бравурная iнфармацыя пра перамогi расейскай зброi ў Чачэнii лiецца з экранаў расейскiх тэлеканалаў i са старонак газэтаў.
Мiнiмальныя страты расейскiх вайскоўцаў, кропкавыя ракетна-бомбавыя ўдары па групах i базах тэрарыстаў, сустрэчы чачэнскiм насельнiцтвам сваiх вызвалiцеляў ледзьве не з букетамi ружаў — усё гэта бянтэжыць ня толькi вайсковых сьпецыялiстаў, але i ў шэраговых чытачоў ды гледачоў нараджае сумненьнi адносна праўдзiвасьцi iнфармацыi.
Варта задумацца, i паўстаюць пытаньнi: як ва ўмовах складанага гарадскога ды горнага ландшафту ў наступоўцаў страты вымяраюцца адзiнкамi, а ў абаронцаў — дзесяткамi й сотнямi? Як у населеным пункце ракеты з бомбамi адрозьнiваюць тэрарыстаў ад мiрных жыхароў? Як расейскiя вайскоўцы выклiкаюць такую бурную радасьць з боку грамадзянскага насельнiцтва Чачэнii?
Каб чытачы маглi атрымаць больш аб’ектыўнае ўяўленьне пра тое, што адбываецца, мы з дапамогаю Вiцебскага iнфармацыйнага агенцтва (VITINFA) вырашылi распачаць публiкацыю iнфармацыi пра ваенныя дзеяньнi, якая зыходзiць з агенцтва “Каўказ-прэс”.
Мы ня маем зь незалежных крынiц пацьверджаньня гэтай iнфармацыi, але гэта погляд з другога боку. З параўнаньня можна зрабiць высновы.
Вось падзеi першых дзён студзеня гэтага году.
Зводка навiнаў.
3 студзеня 2000 году.
Сёньня а 8 гадзiне ранiцы чачэнскiя ўрадавыя сiлы правялi пасьпяховую аперацыю па вызваленьнi населеных пунктаў Алхан-юрт, Алхан-кала i Кулары.
Злучэньнi чачэнскiх маджахедаў пад кiраўнiцтвам Арбi Бараева, зманеўраваўшы нечакана для агрэсараў, атакавалi ворагаў з флангаў i з тылу. Зьнячэўку захопленыя ворагi панiчна зьбеглi.
Падчас баявой аперацыi зьнiшчаны палявы штаб вядомага расейскага забойцы дзяцей, жанчын i старых Шаманава, якi кiруе так званай заходняй групоўкай расейскiх угалоўна-тэрарыстычных злучэньняў. Сам Шаманаў пасьпеў уцячы на БТРы.
Падчас бою зьнiшчана ад 140 да 200 расейскiх агрэсараў, спалена 13 адзiнак бронетэхнiкi.
Як перадаюць зь Лiвану, сёньня ў Бейруце невядомая групоўка атакавала расейскае пасольства. Былi ўжытыя гранатамёты й ручныя гранаты.
Актыўныя баявыя дзеяньнi за горад Джахар распачалiся ў першыя днi сьнежня, калi расейскiя злучэньнi ўвайшлi ў паўночную частку горада, з боку тэрскага храбту. Штурм чачэнскай сталiцы распачаўся 4 сьнежня 1999 году.
За месяц баёў, па афiцыйных дадзеных чачэнскага камандаваньня, узброеныя сiлы ЧРI страцiлi 54 маджахеды, паранена каля 70 байцоў, большасьць зь якiх вярнулiся ў строй.
За гэты ж час у баях за Джахар было зьнiшчана каля 2-х тысячаў расейскiх агрэсараў, спалена да 120 адзiнак бронетэхнiкi, падбiта 3 самалёты й 5 верталётаў. Захоплена вялiкая колькасьць зброi й баепрыпасаў, якая цалкам замясьцiла баявыя расходы чачэнскiх маджахедаў. У палон узята больш за 70 наёмнiкаў.
За той самы час ад бамбёжак i ракетна-артылерыйскiх абстрэлаў загiнула ад 1000 да 1500 жыхароў чачэнскай сталiцы.
На сёньняшнi дзень у абложаным горадзе застаюцца каля 40 тыс. мiрных жыхароў.
Чачэнскiя ўрадавыя сiлы працягваюць аперацыю па блакiраваньнi расейскай тэрарыстычнай групоўкi ў раёне “Горада нябожчыкаў”. Супраць наёмнiкаў ужываюцца мiнамёты й горныя пушкi.
Па дадзеных на 2 студзеня ў гэтым раёне зьнiшчана да 130 наёмнiкаў, 11 наёмнiкаў дабраахвотна здалiся ў палон.
Перыядычна ў зону высадкi расейскага дэсанту прылятаюць верталёты для папаўненьня боепрыпасаў i харчу тэрарыстаў.
Пакуль што чачэнскiм урадавым сiлам удалося зьбiць толькi тры верталёты.
Каля 50 тысячаў жыхароў Турцыi з розных рэгiёнаў краiны сабралiся ў Стамбуле на мiтынг пратэсту супроць агрэсii Расеi ў Чачэнii. Дэманстранты патрабавалi неадкладна спынiць забойствы мiрных жыхароў, спынiць вайну й вывесьцi расейскiя войскi з Чачэнii. Большасьць выступоўцаў вiнавацiлi турэцкi ўрад за бязьдзеяньне.
На мiтынгу былi вывешаныя антырасейскiя лёзунгi й патрабаваньнi.
Шматлiкiя мiтынгоўцы выказалi жаданьне неадкладна накiравацца ў Чачэнiю дзеля барацьбы з расейскай агрэсiяй.
Расейскiя агрэсары нясуць сур’ёзныя страты ў баях за Джахар i ўжываюць хiмiчную зброю.
У баях за чачэнскую сталiцу расейскiя захопнiкi атрымлiваюць адну паразу за другой. Страты акупацыйнай групоўкi йдуць на тысячы. Штодня ў горадзе зьнiшчаюцца ад 150 да 300 наёмнiкаў. Падбiта вялiкая колькасьць бронетэхнiкi.
На працягу 2 студзеня толькi ў раёне прыпынку РТС зьнiшчана 70 агрэсараў. У баях за кантрольныя высоты на 56 участку зьнiшчана да 50 наёмнiкаў, спалена 5 адзiнак бронетэхнiкi.
На Петрапаўлаўскай шашы была атакаваная расейская бронекалёна. Спалена 4 адзiнкi бронетэхнiкi й 3 аўтамашыны УРАЛ з баепрыпасамi.
Разгромлена групоўка агрэсараў у пасёлку Старая Сунжа. У палон узята 7 наёмнiкаў.
SANA