“ВЫБАР”
№ 27 (120),
люты 2000 г.

<<


БЕРАЖЫЦЕ ЧАЛАВЕКА ! ! !

Сродкi масавай iнфармацыi паведамiлi, што Iван Цiцянкоў выпраўлены ў адпачынак. Лукашэнка асабiста выказаў яму падзяку за добрую працу. Так-так, таму самаму Цiцянкову, якi ў 1995 годзе з такiм задавальненьнем iрваў на шматкi бел-чырвона-белы сьцяг на будынку адмiнiстрацыi прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусь.

Што здарылася? Чаму ў поўным росквiце сiлы й магчымасьцяў адзiн з блiжэйшых паплечнiкаў па ўласным жаданьнi, як паведамляецца, стаўся беспрацоўным? Версiй шмат, але асабiста нам найбольш цiкавай падаецца наступная.

У Аляксандра Лукашэнкi яшчэ з часоў працы ў саўгасе “Гарадзец” была сьхiльнасьць трымаць падначаленых “у яжовых рукавiцах”. Ледзь што не па-ягонаму — па галаве. Iнакш парадку ня будзе. Баяцца — значыцца, паважаюць. Гэтая практыка й была перанесеная ў сталiцу.

Злыя языкi кажуць, што гаспадар прэзiдэнцкага палаца неаднойчы крута разьбiраўся зь некаторымi сваiмi паплечнiкамi. Траплялася й па кiраўнiку справамi прэзыдэнта. Але колькi можа трываць нават самы адданы чалавек, тым больш калi ў самога, мяркуючы па зьнешнасьцi, сiлы ёсьць. Мабыць, не стрываў ды “прыклаўся” ў адказ. Вось i застаўся без працы.

Але ж i працаўнiк быў не шэраговы, ён, як-нiяк, носьбiт асаблiвай дзяржаўнай сакрэтнасьцi. Шмат чаго ў памяцi трымае.

Вось яны, рахункi пазабюджэтных фондаў, вось падрабязныя зьвесткi, у каго колькi “зялёных” набегла ў замежных банках. Тут яна, загадкавая стралянiна пад Лёзна. Калi куля чамусь не адшукала свайго адрасата, хоць сам Iван Iванавiч чуў скрогат, калi яна ўваходзiла ў абшыўку “Мерсэдэса”. Тут, не сумняваюся, шмат i iншай “смажанiны”.

Уяўляеце, што адбудзецца, калi Цiцянкову захочацца пагаварыць. Гэта ж 10 мiльёнаў уздрыгнуць. I ў iх вачах уяўны нiмб над галавой “бацькi” ператворыцца ў звычайную шворку.

Апазыцыя павiнна не скнарнiчаць, а вылучыць сродкi на ахову гэтага, так бы мовiць, банку дадзеных. Ягонай галаве цаны няма. То ж галоўны сьведка абвiнавачваньня.

Крый Божа, застудзiць дзе ногi ды памрэ ад прастуды.

У краiне, дзе пасьля Чарнобылю практычна ва ўсiх iмунiтэт аслаблены, усялякае можа здарыцца.

Язэп Калючка