“ВЫБАР”
№ 27 (120),
люты 2000 г.

<<


ДАЙШЛI

Ну, братка, дайшлi. Жыцьця ня стала. Бяда за бядою.

Трэцi месяц балён не магу атрымаць, газавую плiту павуцiньнем зацягнула, а прыгарадныя аўтобусы ня ходзяць — палiва няма. Вось зранку нашча й шпацырую на працу — кiламетраў зь 10. Нiшто яшчэ — калега адзiн усе 12 iдзе й нiчога, не спазьняецца.

Кажуць, хадзiць карысна. Японцы раяць штодня 10 тыс. крокаў у якасьцi прафiлактыкi ад iнфаркту ды iнсульту. Але гэта ж штомесяц новы абутак купляць даводзiцца. Ну, японцам добра — мабыць, свае йены ад палучкi да палучкi за вушы не расьцягваюць, як мы сваiх зайцоў.

З другога боку: што я добрага ў гэтым жыцьцi бачыў? Дом — напханы целамi аўтобус — работа. Потым наадварот. Сьвежым паветрам ня дыхаў, рухацца развучыўся. У люстэрку ўжо сам сябе не пазнаваў. Дзякуй роднаму ўраду — нагадалi, што ногi маю й прырода навокал цудоўная.

Крыўдна, братка, што я за Аляксандра Рыгоравiча на выбарах галасаваў. Абяцаў, салодкi наш, што жыць мы будзем лепш ды лепш. Падмануў, значыцца? Ну гэта як глянуць. З другога боку — гнуткасьцю, палiтычным манеўрам назваць можна. Хто ж у нас абяцаньнi выконвае? Хiба ненармальны якi?

Ды й хто табе, братка, сказаў, што ў прэзiдэнцкае “мы” ўваходзiш ты са сваiмi дзецьмi? У яго родзiчаў, сяброў ды знаёмых i безь цябе дастаткова. Чалавек ён дзяржаўны, сувязi вялiкiя. I безь цябе на ўсiх не хапае. I нечага на чалавека паклёпнiчаць.

I хопiць балбатаць, давай-ка подбегам да горада, а то на працу спозьнiмся.

Iгнат Жвавы