“ВЫБАР”
№ 28 (121),
красавік 2000 г.

<<


РЫГОРУ БАРАДУЛІНУ — 65 ГОД

Віншуем Вас, дарагі Рыгор Іванавіч! Жадаем здароўя і творчых посьпехаў на карысьць Бацькаўшчыне. Радуйце й надалей чытачоў сваімі цудоўнымі вершамі. Дзякуй за ўвагу да нашай газэты.

 

СВІТАЛЬНЫ

 

Да двухтысячагоддзя
ад Народзінаў Хрыстовых

 

Рака крыві ў зьбялелых берагах,
Крывіцкае крыві
За Край забраны —
Світальны Бел-чырвона-белы сцяг —
Як той,
Што таймаваў Хрыстовы раны.
Акраец палатна, які данёс
Пакуты за людзей жывога Бога.
Каб уваскрэснуць зноў,
Пагас Хрыстос,
І каб жыла над смерцю перамога,
Хрыстос пакінуў нам
Надзеі ўзмах,
На лютых сівярах неагрубелы.
Яго і паўтарацьме вечна
Сьцяг,
Сьцяг нашай волі
Бел-чырвона-белы!

 

КАЛІ СПРАЎЛЯЮЦЦА ПАМІНКІ…

 

Калі спраўляюцца памінкі па Радзіме
Прадажнікамі анівартымі зьнявагі,
Віжы сапселыя з ваўкамі маладымі
Сваю зайздросьць і злосьць кладуць на вагі.

Маўчыць насельніцтва — насеньніцтва,
Зь якога
Калісьці людзі змогуць вырасьці магчыма.
Да злога блізка
І далёка так да Бога.
А ўрэшце кормнікам
І непатрэбная Радзіма.

Абы ім перад чужаніцай
Падаць ніца
Законы літасьціва не забаранялі,
І перад сконам не падумаюць вініцца,
Што ў мерцьвякоў і ў ненароджаных
Радзіму ўкралі.

30.01.2000 г.