“ВЫБАР”
№ 28 (121),
красавік 2000 г.

<<


Справа Чыгіра

Чыгір выйшаў з турмы і адразу ж апынуўся ў цэнтры вялікай увагі. І яна ўзмацнілася, калі пачаўся суд над Чыгіром. Гэта не дзіўна — ён жа быў самым значным вязнем рэжыма. Нават АБСЕ паставіла яго вызваленне умовай працягу перамоваў апазіцыі ды ўлады. Чыгір быў не простым вязнем, і гэта тлумачаць так: яго арыштавалі за тое, што ён прыняў рашэнне балатавацца ў прэзідэнты на выбарах 1999 г., г.зн. выступіў канкурэнтам Лукашенкі. Таму дэмакратычная грамадскасць упэўненая: Чыгір выпакутаваў сваё права быць лідэрам краіны.

Ці заслугоўвае Чыгір гэтага права насамрэч?

Сярод дэмакратаў, бадай, не было такіх, у каго ўзнікалі сумневы ў гэтым. (“Як жа можна ў гэтым сумнявацца, ён жа не пабаяўся выступіць супраць Лукашэнкі і пакутаваў у турме!”) Зрэшты, такія былі. Падчас выбараў 1999 г. былі два кандыдаты — Чыгір і Пазьняк. Вось Пазьняк і выступаў супраць Чыгіра. Ён сцвярджаў, што Чыгір — маскоўскі агент, што Масква хоча падпарадкаваць апазіцыю сабе, зрабіць яе марыянетачнай, або каланіяльнай, выцясніць з апазіцыі нацыянальна-вызвольныя сілы і такім чынам эканамічна падпарадкаваць сабе Беларусь (бо лаяльнымі да Масквы будзе не толькі ўлада, але і апазіцыя). Усё гэта Пазьняк выклаў у артыкуле “Праект “Чыгір”. Шмат хто успрыняў гэтыя заявы Пазьняка па-рознаму, але ў асноўным адмоўна. Лічылі, што Пазьняк шпіёнаман і ўсюды бачыць змову; што ён дыктатар і не церпіць канкурэнтаў; што ён баіцца прайграць і згубіць месца лідэра нацыі. Тым не менш, калі прааналізаваць тыя выбары (ў тым ліку і паводзіны ў іх Пазьняка), то ўдзел у іх Чыгіра аказваецца вельмі дзіўным. Знаходзяцца моманты, якія ўказваюць на тое, што Чыгір можа быць не зусім тым, кім здаецца, і якія ўскосна пацвярджаюць думку Пазьняка.

Згадаем, што падрыхтоўка да выбараў 1999 г. пачыналася задоўга да 1999 г. Чыгір сышоў у адстаўку ў 1996 г. і з тых часоў знік з поля зроку. Пра яго не згадвала ні ўлада, ні апазіцыя. Адзінага кандыдата на выбары 1999 г. таксама рыхтавалі загадзя. У той час ужо быў кандыдат. І гэта быў Карпенка. Не думаю, што беларусам трэба доўга тлумачыць, хто такі Карпенка – Карпенка быў паважаным чалавекам і аўтарытэтам для дэмакратычнай грамадскасці. Інтэрвію Карпенка друкаваліся на вялізных газетных плошчах – напрыклад, у “Народнай Волі”. Усім было ясна, што Карпенка рыхтуюць да будучых прэзідэнцкіх выбараў, прасцей кажучы – “раскручваюць”. Афіцыёзныя СМІ блазнавалі: “Апазіцыя рыхтуе новага лідэра нацыі”. Анекдоты на тэму “Карпенка — лідар нацыі” хадзілі і сярод некаторых скептыкаў з апазіцыі. Пра падрыхтоўку Карпенкі да выбараў размаўлялі і ў тралейбусах. Карпенка быў намеснікам старшыні АГП, таму ў першую чаргу сама АГП, кіруючыся партыйнай салідарнасцю, працавала на свайго аднапартыйца. Карпенку адназначна ўспрымалі прэтэндэнтам на пост прэзідэнта. Пра Чыгіра ніхто не згадваў.

Што рабіў Пазьняк? Пазьняк не называў Карпенку якім-кольвек стаўленікам і не пісаў артыкулаў кшталту “Праект “Карпенка”. Затое ў яго былі апасенні наконт будучых выбараў, (якія пазней будуць паўтораныя ў артыкуле “Праект “Чыгір”). Артыкул пра гэта называўся “Вяртанне БНР”. Апасенні заключаліся ў тым, што Расея зможа лёгка маніпуляваць гэтымі выбарамі, вылучыўшы кандыдатам лаяльную сабе фігуру, а потым сфальшаваўшы вынікі на яго карысць. Таму Пазьняк заклікаў замяніць прэзідэнцкае кіраванне ў Беларусі на парламенцкае, абгрунтоўваючы тым, што парламенцкія выбары будзе цяжэй сфальшаваць. Галоўным падазроным у гэтым артыкуле быў Чыгір…

У той час ніхто не думаў пра Чыгіра як пра фігуру беларускай палітыкі, таму яго згадванне Пазьняком, мякка кажучы, не было ўспрынята ўсур’ёз.

Цяпер падумаем: калі Пазьняк шпіёнаман, дыктатар і баіцца згубіць месца лідэра нацыі, то супраць каго яму трэба выступаць? Супраць Чыгіра, якога ніхто не бярэ ў разлік — або супраць Карпенка, якога лічаць рэальным прэтэндэнтам на месца лідэра нацыі? Пазьняк не выступаў супраць Карпенкі, затое чамусьці выступіў супраць Чыгіра, што ўсе палічылі нелагічным. Такім чынам, версія пра тое, што прэтэнзіі Пазьняка да Чыгіра прадыктаваныя жаданнем зганьбіць канкурэнта, не праходзіць — па-першае, таму што Чыгір тады яшчэ не быў канкурэнтам Пазьняка (ніхто тады і не ўяўляў абоіх канкурэнтамі, у т.л. і сам Пазьняк); па-другое, таму што ў той час самым магчымым “канкурэнтам” Пазьняка мог быць толькі Карпенка.

У сваю чаргу канкурэнтам Карпенкі ўсе маглі бачыць толькі Лукашэнку, дый тое сумняваліся. Хадзілі размовы: “Пойдзе Лукашэнка на выбары ці не? Хутчэй за ўсё, не пойдзе, інакш прызнае нелегітымнасць сваёй псеўдаканстытуцыі-96. Але можа і пайсці, каб даказаць сваю легітымнасць. Ён не баіцца прайграць Карпенку, бо мае яшчэ шмат электарату”

Прайшоў час. Выказванні Пазьняка пра Чыгіра забыліся. Перадвыбарчая агітацыя за Карпенка ішла сваім ходам. Набліжаўся тэрмін абвяшчэння выбараў. Уся дэмакратычная грамадскасць была настроеная галасаваць за Карпенку, і немагчыма было нават падумаць, што Карпенка не з’яўляецца канчатковым выбарам апазіцыі. І раптам з’яўляецца Чыгір і заяўляе пра свой намер стаць кандыдатам на пост прэзідэнта. Толькі ў гэты момант пра Чыгіра зноў згадваюць.

Гэта вельмі дзіўна. Навошта Чыгір зрабіў гэта? Хіба не бачыў, што ўжо ёсць адзіны кандыдат ад апазіцыі і што не было часу на “раскрутку” новага кандыдата? Хіба не бачыў, што на Карпенку затрачаныя годы працы з грамадскай думкай, ўто Карпенка мае палітычны досвед, што Карпенка — аўтарытэтны палітык, што за мі стаіць яго партыя — АГП? Чым Чыгір палічыў Карпенку горшым за сябе? Калі б Чыгір сапраўды хацеў паспрыяць беларускай дэмакратыі, то падтрымаў бы, дакладней — не перашкаджаў бы прасоўванню свайго адзінадумцы. Карпенка тады яшчэ быў жывы, дый ніхто і дапусціць не мог, што ён памрэ, інакш не рыхтавалі б яго да выбараў. Дык навошта ж Чыгір выступіў супернікам Карпенкі? І ці варта вініць Пазьняка ў тым што падчас дыктатуры ён учыніў міжусобіцу з дэмакратам Чыгіром, калі менавіта Чыгір быў першым, хто падчас тых выбараў учыніў такую міжусобіцу — у дачыненні да Карпенкі.

Калі Чыгір быў годны ўлады, Дык чаму ён усплыў толькі перад парогам выбараў? Чаму ён ен далучыўся да апазіцыі адразу ж пасля адстаўкі, як Багданкевіч, Лябедзька, Захаранка і Ганчар? Калі ў яго былі здольнасці, чаму ён ен дапамагаў імі апазіцыі? Чаму не праводзіў агітацыю за сябе, як Карпенка?

Такім чынам, к пачатку выбараў Чыгір, у адрозненне ад Карпенкі, быў фігурай, за якой не стаялі ні свая партыя, ні грамадская думка. Тым не менш апазіцыя свайго, добра знаёмага, адзінага кандыдата Карпенку замяніла на невыразнага Чыгіра. Нават АГП парушыла партыйную салідарнасць і выбрала Чыгіра, які нават не зрабіў ласку уступіць ні ў АГП, ні ў любую іншую партыю.

Чым Чыгір спадабаўся апазіцыі? Чаму яна вырашыла “памяняць коняў на пераправе”? Перадвыбарчыя праграмы балі аднолькавыя, але ж усё было настроена на Карпенку. Магчыма, Чыгір прывабіў апазіцыю словамі пра станоўчы досвед ва ўладзе, пра дабрабыт Беларусі пры ім і пра няўдачы без яго? Магчыма, але гэтага было б мала, бо гэтым маглі пахваліцца і Багданкевіч, і Лябедзька, і Ганчар, і Захаранка, якія таксама прыйшлі ў апазіцыю з улады. Магчыма важкім аргумантам Чыгіра была гатоўнасць матэрыяльна забяспечыць перадвыбарчую агітацыю. Відаць, у апазіцыі падумалі: “Якая розніца. Ён таксама дэмакрат. А з яго матэрыяльнай падтрымкай выбары пойдуць лягчэй. Да таго ж, можна будзе спакойна працаваць на ідэю і не думаць пра хлеб надзённы.” (І не трэба казаць, што я паўтараю Зімоўскага. Зімоўкі казаў, што за галасы плоцяць 0,3–0,5 даляры, але недагаворваў, што плацілі зборшчыку подпісаў. Недагаворванне Зімоўскага роўнае хлусні, бо гледачы думалі, што плацілі таму, хто падпісваецца. У тым, што кандыдат аплочвае працу сваёй каманды, няма нічога ганебнага, бо гэтым нельга купіць галасы тых, у каго яна гэты ягаласы збірае. І апазіцыя павінна не адмаўляць аплату паслуг па зборы подпісаў, а выкрываць падмену паняткаў.) Так ці інакш, але дзіўнасць паводзінаў Чыгіра, у тым ліку, і ў дачыненні да Карпенкі, не перашкодзіла апазіцыі ўзяцца за яго “раскрутку”. Важную ролю згуляў прынцып “Абы не Лукашэнка”, падобны былому “Абы не Кебіч”.

Дэмакраты сёння гатовыя цалкам здацца на Чыгіра. Яны ўпэўненыя, што ён прафесіянал, тлумачачы гэта так: “Пры ім эканоміка была ў парадку, а пасля яго пагоршылася”. Ці думалі яны так да таго, як ён сам напісаў гэта ў сваёй перадвыбарчай улётцы? І ці праявіў ён сябе як-небудзь доўгі час да выбараў? Мог жа, напрыклад, увайсці ў “ценявы” ўрад … Перш чым падтрымваць Чыгіра, апазіцыя павінна згадаць: а якую рэальную дзейнасць на ніве дэмакратыі ён ажыццяўляў? Такой проста не было. Да выбараў ён адсутнічаў. Падчас выбараў ягоная дзейнасць заключалася толькі ў тым, ўто ён зарэгістраваўся кандыдатам, рабіў заявы, даваў інтэрвію і аплочваў працу сваёй каманды. Адседка ў турме — вялікая ахвяра, але сярод яе прычын не было нічога, што можна палічыць якой-небудзь канкрэтнай, рэальнай, выніковай дзейнасцю. Пасля турмы Чыгір робіць не больш, чым да яе. Згадзіцеся, што ў адрозненне ад Карпенкі Чыгір ніяк не праявіў сябе ў апазіцыйнай дзейнасці.

Паказальны яшчэ адзін факт. Пра які пісалася ў газеце “Наша Ніва” ад 3 студзеня. Быць адвакатам Чыгіра на судзе згадзіўся Артурас (а не Альгірдас!) Паўлаўскас, былы генпракурор Летувы, які прайграў Адамкусу на прэзідэнцкіх выбарах. Погляды Паўлаўскаса былі прасавецкія, і падтрымвалі яго расейскія алігархі. Падчас тых выбараў расейскія СМІ былі на яго баку. На думку аўтара зацемкі ў “Нашай Ніве”, калі Паўлаўскас будзе абараняць Чыгіра, то гэта пацвярджае, што Чыгіра таксама падтрымваюць раійскія алігархі.

Могуць сказаць: “Ну і што, што Расея падтрымвае Чыгіра? Мы ж не русафобы якія-небудзь!” Для тых, хто далёкі ад нацыянальнай свядомасці, растлумачу з эканамічнага гледзішча: расейскі бізнэс значна мацнейшы за беларускі, і Расея з яе алігархамі кшталту Беразоўскага зацікаўлена ў эканамічным панаванні ў Беларусі, асабліва ў дачыненні да дарогаў, нафта- і газапровадаў. І беларускі бізнэс можа быць проста расціснуты расейскім. Расейскія алігархі проста скупяць Беларусь і зробяць яе эканамічнай калоніяй. Пуцін, напрыклад, сказаў: “Інтэграцыя з Беларуссю магчымая толькі ў інтарэсах Расеі.” Думка пра тое, што Масква хоча падпарадкаваць сабе беларускую эканоміку і для гэтага хоча замяніць Лукашэнку на лаяльнейшую сабе фігуру, выказвалася і аддзелам расследаванняў “БДГ”. Таму не варта ігнараваць або недаацэньваць пагрозу ў асобе Чыгіра.

Гэта адна прычына, паводле якой апазіцыі не варта здавацца на Чыгіра. Але ёсць і другая прычына.

Лукашэнка, сапраўды не пасадзіў бы Чыгіра проста так. Сам Чыгір тлумачыць гэта так: “Гэта палітычная справа. Калі я прыехаў з Масквы, ніхто мяне ні ў чым не абвінавачваў. Як толькі я абвясціў пра намер балатавацца, мне адразу ж прад’явілі абвінавачванне.” Апазіцыя лічыць гэтыя развагі лагічнымі. З логікай у апазіцыі заўжды ўсё было ў парадку. Затое у яе, відаць, крышку дрэнна з памяццю. Рэч у тым, што гэта не першая сітуацыя, галоўныя ролі ў якой належаць Лукашэнку і Чыгіру, а Чыгіра абвінавачваюць у крадзяжах. Толькі ў мінулым выпадку апазіцыя не лічыла гэтыя абвінавачванні палітычнымі. Больш за тое — яна сама хацела, каб Чыгір быў аддадзены пад суд. Размова — пра даклад Антончыка ў снежні 1994 г., пра той самы, замест якога ў дзяржаўных газетах былі “белыя плямы”. Апазіцыя не павінна верыць Лукашэнку, тады няхай паверыць Антончыку — яе ж прадстаўніку. У спісе карупцыянераў у дакладзе Антончыка Чыгір літаральна займае першае месца. Пагартайце ў вольны час падшыўкі… Лукашэнка тады не даў пасадзіць Чыгіра (і іншых). Чаму ж ён хоча зрабіць гэта зараз? Тлумачэннем могуць паслужыць успаміны Захаранкі ў фільме “Звычайны прэзідэнт”. Лукашэнка не садзіў карупцыянераў, бо пакідаў іх матэрыялы на запас, каб шантажаваць гэтых карупцыянераў. Ведаючы, што над імі вісіць пагроза ўгалоўных справаў, яны цалкам падпарадкоўваліся Лукашэнку.

Ітак, карупцыянер з атачэння Лукашэнкі Чыгір пайшоў супраць былога шэфа, стаўшы прэтэндэнтам на ягонае месца. І цалкам у адпаведнасці са словамі Захаранкі, Лукашэнка выкарыстаў матэрыял на Чыгіра. А Чыгір выстаўляе гэта як ціск на палітычнага канкурэнта.

Калі апазіцыя лічыць справу Чыгіра сфабрыкаванай, то тым самым прызнае хлусам Антончыка, зводзіць на нішто ягоную працу і апраўдвае “белыя плямы”. Падтрымваючы Чыгіра, апазіцыя дыскрэдытуе сябе. Не думаю, што супернік Карпенкі і карупцыянер, якога не пасадзілі адразу, варты таго, каб яго лічылі лідэрам апазіцыі. У беларускай палітыцы ёсць іншыя, правераныя людзі, якія заслужылі свой аўтарытэт рэальнымі справамі і з якіх можна выбраць вартага лідара апазіцыі.

Віталь Станішэўскі

P.S. Пазняк памыляўся, лічачы, што Чыгір “раскруціцца” як прэтэндэнт у прэзідэнты падчас адседкі. Насамрэч Чыгір “раскручваецца” пасля яе — падчас суда. Прычым адбываецца гэта ў той час, калі ідзе гаворка пра блізкія выбары.

P.P.S. Лукашэнка зрабіў глупства, пасадзіўшы Чыгіра — мог бы не звярнуць увагі і не рабіць яго пакутнікам на сваю галаву. Лукашэнку падвяла ягоная вернасць сабе: былы падначалены пайшоў супраць яго, і ён выканаў сваю пагрозу. Зрэшты, Чыгір таксама ведаў, што так будзе, калі ён пойдзе супраць Лукашэнкі.