“ВЫБАР”
№ 28 (121),
красавік 2000 г.

<<


Старшыні Віцебскага
абласнога суда
Т. Варановічу

Шаноўны Тадэвуш Валянцінавіч.

25 сакавіка 2000 году адміністратыўнымі судьдзямі Кастрычніцкага й Чыгуначнага раёнаў г. Віцебску былі прыцягнутыя да адказнасьці па артыкуле 167-1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэньняхРэспублікі Беларусь 10 чалавек, у тым ліку Валеры Шчукін і Зьміцер Піменаў таксама й па артыкуле 166 КААП. Сярод іх 8 сябраў Кансерватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, зарэгістраванай Мін’юстам Рэспублікі Беларусь.

На мой погляд рашэньні судьдзяў зьяўляюцца юрыдычна няпаўнавартаснымі й павінны быць перагледжанымі. Калі гэта не будзе зроблена сёньня, то, магу Вас запэўніць, яны будуць скасаваныя заўтра з шырокім агалошваньнем у СМІ.

Зараз па сутнасьці:

1. Ніяк не можа быць масавым, а гэта адна з кваліфікуючых прыкметаў, шэсьце 7-мі чалавек. Менавіта ў гэтым абвінавачваюцца грамадзяне, што накіроўваліся па ходніках ад Сьвята-Пакроўскай царквы да дазволенага мейсца збору — пляца ля ратушы. За што й атрымалі: Зьміцер Піменаў, Юрась Карпаў і Генадзь Васілеўскі — 3-е сутак адміністратыўнага арышту; Валеры Канавалаў — штраф на суму ў 20-ць мінімальных заробкаў; Ігар Марозаў, Уладзімір Акулаў і Віталь Мялешка — афіцыйна папярэджаныя. Калі заканадаўца меў на ўвазе гэткую колькасьць людзей, то трэба арыштоўваць кожную чаргу ў краме, што “шествует” ад прылаўка да касы. Улады горада пэўна меркавалі, што ўдзельнікі мітынгу пад’едуць да мейсца збору ва ўласных лімузінах з шафёрамі.

2. Уладзімір Плешчанка, журналіст газэты “Народная Воля” Валеры Шчукін і Раман Салаўян наогул не рухаліся, а стаялі ля помніка Еўдакіі Лось. Плешчанка тлумачыў падыходзячым, як знайсьці дазволенае мейсца збору (пляц ля ратушы), за што й атрымаў 10-ць сутак арышту. Журналіст Шчукін проста выконваў сваі прафесійныя абавязкі — браў інтэрв’ю ў старшыні гарадзкой арганізацыі Кансерватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Уладзміра Плешчанкі, але таксама атрымаў 10-ць сутак, магчыма за сваю падазрона вялікую сівую бараду. Раман Салаўян атрымаў 5-ць сутак толькі за тое, што стаяў побач са згорнутым сцьягам.

Метадычны збор дадзеных сьведчыць аб тым, што гэта далёка не першы выпадак, калі некаторыя судьдзі раённых судоў выносяць нічым не абгрунтаваныя рашэньні, што сьведчыць або аб іх нізкай кваліфікацыі, або аб тым, што яны знаходзяцца пад уціскам і кіруюцца не Законам , а “тэлефонным правам”. У абодвух выпадках застаецца толькі шкадаваць аб гаротным стане адной з галінаў улады.

Зьвяртаю Вашую увагу на тое, што ў далейшым уся адказнасьць за прыняцьце гэткіх сумніўных выракаў ніжэйстаячымі судамі поўнасьцю ўскладаецца на Вас.

Намесьнік старшыні
Віцебскай гарадзкой арганізацыі
Кансерватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
Барыс Хамайда