“ВЫБАР”
№ 28 (121),
красавік 2000 г.

<<


БЕЛАРУСАМ ЗНОЎ ПЛЮЮЦЬ У ТВАР

Старажытны Віцебск “пабагацеў” яшчэ на аднаго каменнага ідала. Дакладней, ранейшае мейсца заняў кат беларускага народа Аляксандр Васілевіч Сувораў.

Не сам, канешне, заняў, дапамаглі ўскараскацца на пастамэнт розныя халуі ды калябаранты. Там, дзе легендарны Мірон адужаў бюст у 320 кг самастойна — узяў сабе пад паху ды панёс. Узьняць жа “параненага” Суворава назад увесь гарваенкамат не адразу здолеў. Кажуць, дапамогу з Усьпенкі (месца дыслакацыі КДБ ў Віцебску) выклікалі.Там кантынгент малады, працай ня дужа завалены. Агульнымі намаганьнямі сяк-так запхнулі генералісімуса на ранейшае мейсца.

Бюст паўтары гады знаходзіўся ў гаражы Кастрычніцкага РАУС сярод мазуты , бензіну, розных запчастак. Гарадзкія ўлады ніяк не маглі вырашыць, што зь ім зрабіць. Узнавіць? Баяліся. Раптам у недалёкай будучыні спытаюць: “Чаму акупантам боты лізалі?” Перапрацаваць на друз? Таксама баяліся. “Старэйшы брат” можа пакрыўдзіцца. Як-ніяк, нацыянальны герой Расеі. А там такія захопнікі ў пашане. Мо, так бы й пыліўся бюст у міліцыі, каб ня дзьве адметныя падзеі. што падштурхнулі ўладу да рашучых захадаў.

Стала вядома, што ў студзені няўлоўны Мірон на нейкі час зьехаў у Чачэнію. Вось у кіроўцаў і зьявілася надзея, што нейкая шалёная куля паставіць крыж на ягоным жыцьці й ня будзе каму зьвяргаць з пастамэнтаў розных ідалаў. А ў сакавіку галоўны чэкіст Расеі пераможна ўехаў у Крэмль. Ну як не зрабіць яму прыемнае да так званага дня яднаньня Расеі зь Беларусьсю. Каб самізм ня пэцкацца, перадалі генералісімуса на баланс ваенкамату. Прыляпілі Сувораву назад адбіты кімсьці нос, ды падфарбавалі жоўтым — каб, зрачыцца. да каштоўнага металу прыпадабняўся. Стаіць сабе, зьзяе на сонейку. Пакуль стаіць.

Ходзяць чуткі, што на даху КДБ ўсталяванае тэлевочка, ськіраванае акурат да пазножжа бюсту. Удзень і ўночы. Нібы для Мірона гэта станецца перашкодай. Гэтым разам можна ўсё. што ніжэй за шыю, можна й на пастамэнце пакінуць, а забраць з сабою адну галаву — ў мех, за плечы, і пайшоў. Навошта акупанту галава? Меў бы яе на плячох сваім часам, дык адмовіўся б выконваць злачынны загад Кацярыны ІІ аб задушэньні паўстаньня Касьцюшкі. Глядзіш, такі бюст (мо й не з гіпсу, а з мармуру) можна было б на пляцы Волі ўсталяваць, а ўдзячныя віцябляне штодня кветкі яму прыносілі б. Аўтар гэтых радкоў яго на грамадзкіх пачатках ахоўваў бы. А так…

Параіў бы я аматарам гістарычнага “шэдэўру” сфатаграфавацца ля яго, пакуль ня позна. А то вернецца з Чачэніі Мірон — прыбярэ.

Язэп Калючка