“ВЫБАР”
№ 30 (123), студзень 2001 г.

<<


 

Гэты верш быў напісаны напрыканцы 1996 года.

У той час, калі беларускі паэт Славамір Адамовіч сядзеў у Віцебскім следчым ізалятары за аўтарскі верш “Убей президента”.

За яго плячыма ўжо была крымінальная справа, сфабрыкаваная ўладай па некалькіх артыкулах крымінальнага кодэксу. Ён ужо прайшоў сухую галадоўку і быў на адзін крок ад смерці. Ішоў дзевяты месяц ягонага зняволення за мастацкі твор. Вось тут і з’явіўся верш, прысвечаны Паэту-Вязню-Беларусіну.

Калі і як апынуўся гэты верш у рэдакцыі — ніхто з нас не можа ўзгадаць. Як не можа ўзгадаць аўтара. Але і сёння моц радкоў хвалюе, кліча да барацьбы, дае надзею на тое, што Беларусь і ўсе мы будзем нарэшце вольнымі.

Хай прабачыць невядомы пакуль што нам аўтар, але мы не можам утрымацца ад спакусы падарыць гэты верш нашым чытачам.

Рэдактар

Жывом!

Славаміру Адамовічу:
Паэту-Вязню-Беларусіну

 

Збрыднелі блазнаў хохмы, маскі,
Халопскай досыць нематы.
Брат-беларусе, калі ласка,
Гучней гамоньма я і ты!

Не дайма фюрэру і гнюсу
Цугляць і бэсціць Родны Кут, —
Даўно па Юдабеларусу
Смыліць вяроўка — Божы суд.

Глумцу байструцкае пароды
Жальбамі рады не дамо.
Зрывайма рабскае ярмо!
І з хаты вымецьма Смурода!

Нам доля жорсткая прыпала
Масціць бальшак праз твань,
праз гаць, —
Люд Каліноўскага, Купалы
Ў ярмо не дасца запрагаць!

На волю птушка рвецца з клеці,
Бязмежжам Млечны Шлях
дрыжыць…
Мы — не прыблудамі ў сусвеце —
Жылі. Жывом. І будам жыць!

 

верасень-снежань 1996 г.