Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


1999-09-06

3 верасьня ў Віцебску над журналістам Юрасем Карпавым адбыўся суд. Суддзя Чыгуначнага райсуду Кавалёва прызнала яго вінаватым у распаўсюджваньні ў горадзе незалежнай прэсы.

Згодна пастановы суду Ю. Карпаў аштрафаваны на 500 тыс. беларускіх рублёў (~1 $) і ў яго сканфіскаваныя газэты на рэальную суму 7 млн. бел. рублёў (~14$).


1999-09-06

ЗАЯВА

Мы, сябры Віцебскай гарадзкой філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў рэдактар газэты “Выбар” Барыс Хамайда і журналіст “Вітінфармбюро” Юрась Карпаў, заяўляем аб сваім выхадзе з гэтай грамадзкай арганізацыі.

Напрыканцы жніўня ў Віцебскую гарадзкую філію БАЖ быў дасланы Статут арганізацыі, які прыняты ў новай рэдакцыі нечарговым зьездам БАЖ 29 траўня 1999 г. У п. 1.2 Статута зьявілася дапаўненьне: “ГА “БАЖ” дзейнічае ў адпаведнасці з дзеючай Канстытуцыяй РБ, Дэкрэтам Прэзідэнта РБ ад 26.01.99 г. № 2 “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванню дзейнасці палітычных партый, палітычных саюзаў, іншых грамадзкіх аб’яднанняў.”

Мы разглядаем гэта як прызнаньне прэзідэнцкай канстытуцыі 1996 г., якая прадугледжвае наяўнасьць дэкрэтаў. Паколькі мы прытрымліваемся ў сваёй грамадзка-палітычнай дзейнасьці Канстытуцыі 1994 г., таму ня маем намеру працягваць сваё сяброўства ў грамадзкай арганізацыі, якая фактычна падтрымала дзяржаўны пераварот.

У вапошні час у Асацыяцыі назіралася зьмяньшэньне ўплыву незалежных беларускамоўных журналістаў, асабліва з рэгіёнаў. Залежнасьць ад прафэсійнага дастатку ва ўмовах татальнай русіфікацыі прывяла да залежнасьці ад нелігітымнага рэжыму.

Нашая заява не скіраваная супраць асобных журналістаў БАЖ. Мы ўпэўненыя, што незалежная журналістыка будзе жыць, не зважаючы на сумнавядомыя “дэкрэты”.

 

6 верасьня 1999

г. Віцебск

Барыс Хамайда

Юрась Карпаў

 


1999-09-06

31 ліпеня - 1 жніўня ў беларускай сталіцы Менску адбыўся VI Зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Па словах старшыні БНФ Зянона Пазьняка ён засьведчыў падзел Фронту на дзьве палавіны і дзьве пазіцыі, якія ўмоўна можна назваць так: пазітывісцкая і кансэрватыўная.

Зьезд адбываўся ва ўмовах рэжыму аднаасобнай улады на Беларусі нелегітымнага кіраўніка дзяржавы, тэрмін паўнамоцтваў якога скончыўся сёлета 20 ліпеня. Прызначаная ім перарэгістрацыя палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў да 1 жніўня мела на мэце вызначыць партыі і арганізацыі, лаяльныя да дзяржаўнага перавароту 1996 году, які адбыўся пад выглядам непрызнанага ў Эўропе і сьвеце рэферэндума аб новай канстытуцыі. Што тычыцца БНФ, дык ён і дагэтуль застаецца неперарэгістраванай структурай.

Два дні працы Зьезду, на якім прысутнічалі 321 дэлегат з правам вырашальнага голасу, ня здолелі сфармаваць кіруючыя ворганы гэтай самай масавай грамадзка-палітычнай арганізацыі. Засноўнае пытаньне аб старшыні Фронту засталося не зацьверджаным. Згодна галасаваньня за ранейшага старшыню Зянона Пазьняка аддадзена 156 галасоў, а за ягонага апанэнта Вінцука Вячорку — 152. Выконваючы абавязкі старшыні Лявон Баршчэўскі, які быў вядучы, абвесьціў, што старшыня не абраны і аб’явіў аб пераносе хады Зьезда на кастрычнік гэтага года. Такім чынам мінулае кіраўніцтва працягнула свае паўнамоцтвы да восені.

У той жа час Зянон Пазьняк, які як палітычны выгнанец знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, з Варшавы зрабіў заяву, што старшыня БНФ у адпаведнасьці са Статутам абраны простай большасьцю галасоў. У сваім лісьце да сяброў БНФ 8 жніўня ён падкрэсьліў, што пачынаючы з 1988 году антыбеларускія сілы ўсімі сродкамі змагаюцца супраць Фронта шляхам стварэньня адмоўнага іміджу арганізацыі і кіраўніку ды спрабуючы яе расшчапіць знутры. Гэтага ім не ўдавалася, аж пакуль не пачалося беспрынцыпнае ўзаемадзеяньне часткі фронтаўскага кіраўніцтва з намэнклятурнай апазіцыяй. Фальсіфікацыя ёю вынікаў галасаваньня ў выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, праведзенае сёлета ў траўні, і выхад зь яе сяброў БНФ у вадказ, сталі пачаткам падзелу Фронту. Гэты факт засьведчыў розныя падыходы да спосабаў палітычнай барацьбы: маральны — згодна з законам, і амаральны — ўсе сродкі прыдатныя дзеля выніку.

Разам з гэтым старшыня БНФ прапанаваў новый варыянт адзінства нацыянальна-вызвольнага руху. Зыходзячы з рэальнага падзелу трэба захаваць адзінства беларускай нацыянальнай ідэі. Ён лічыць, што неабходна прызнаць пазітывісцкую платформу ў БНФ, за якой стаіць меншасьць, зарыентаваная на НДА і грамадзкую дзейнасьць (спадары Вячорка, Баршчэўскі, Хадыка, Івашкевіч), і даць ёй магчымасьць арганізацыйна аформіцца як грамадзкаму аб’яднаньню.

Кансэрватыўная пазыцыя ў БНФ (спадары Беленькі, Пазьняк, Папкоў), зарыентаваная на традыцыйныя каштоўнасьці і прынцыповую палітыку, арганізацыйна афармляецца як партыйная частка Фронту. Абедзьве часткі БНФ існуюць як самастойныя арганізацыі і ўтвараюць кааліцыю Беларускага Народнага Фронту. Пры такім падыходзе, калі асобныя арганізацыі дзейнічаюць як кааліцыя, застаюцца агульная, ужо зацьверджаная сымболіка, агульныя офісы і штаб-кватэры, і нават некаторыі камісіі (па экалёгіі, культуры).

На чале пазітывісцкай часткі Фронту стаіць намесьнік старшыні 38-гадовы Вінцук Вячорка, які знаходзіцца ў ім ад пачатку яго стварэньня. Нядаўна стала вядома, што ён, а таксама былы сакратар Управы БНФ Віктар Івашкевіч, які цяпер рэдагуе газэту Свабоднага прафсаюзу “Рабочы”, увайшлі ў нефармальную кааліцыю маладых палітыкаў. Яе склалі: старшыня сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, намесьнік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі дэпутат разагнанага Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Анатоль Лябедзька (які дапамагаў у свой час прыходу да ўлады першага беларускага прэзідэнта), старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна 96” Алесь Бяляцкі, дэпутат 13 скліканьня Павал Данэйка і прадстаўнік аргкамітэту “Хартыі 97” Дзьмітры Бандарэнка.

Імі было абвешчана аб арганізацыі 17 кастрычніка г.г. масавага шэсьця “Марш свабоды”, на які плануецца сабраць неверагодна вялікую, згодна беларускай завядзёнцы, колькасьць удзельнікаў — 100 тысячаў людзей. Пададзенае зь вялікім імпэтам у СМІ наваўтварэньне насамрэч ці зможа вывесьці столькі незадаволеных рэжымам беларусаў пад антыдыктатарскімі дэмакратычнымі лёзунгамі на расейскі манэр. Адсутнасьць яснага непрыняцьця ўдзелу беларусаў у расейскай палітыцы цераз усялякія “саюзы”, нават дэмакратычныя, насьцярожвае.

Выклікае сумнеў, таксама, каардынацыя антыдыктатарскіх дзеяньняў з дэмакратычнай апазыцыяй у Югаславіі. Бо там сытуацыя процілеглая беларускай: у іх імпэрская нацыянальная дэмакратыя, у нас — нацыянальна-вызвольны рух і прарасейская ліберальная дэмакратыя.

Шкада, але амаль увесь недзяржаўны перыядычны грамадзка-палітычны друк у Беларусі адлюстройвае погляды каланіяльнай апазыцыі, якая гатовая скінуць дыктатара якім заўгодна чынам. Амаль увесь гэты друк, поўнасьцю ці часткова выдаецца на расейскай мове і пасьлядоўна варожы БНФ. Нават недзяржаўнае грамадзкае аб’яднаньне Беларуская асацыяцыя журналістаў прайшла дзяржаўную перарэгістрацыю дзякуючы таму, што пагадзілася ў сваім Статуце зь дзейнасьцю прэзідэнцкіх дэкрэтаў, якія прадугледжаныя нелегітымнай канстытуцыяй 1996 г. Такім чынам журналісцкая арганізацыя фактычна падтрымала дзяржаўны пераварот.

Толькі некалькі малатыражных газэтаў, што выдаюцца ня ў Менску, адлюстроўваюць пазіцыі нацыянальнага вызвольнага руху, прыхільныя да БНФ і друкуюцца па-беларуску.

У палітыцы без папярэдняй доўгай чарнавой працы фокусаў не бывае. А маладыя палітыкі, якія зарганізоўваюць “Марш свабоды”, падобна разьлічваюць на такі цуд.

Юрась Карпаў,
для ўкраінскага тэлеканалу СТБ


1999-09-07

У ноч з 6-га на 7-га верасьня напярэдадні Дня беларускай вайсковай славы ў Віцебску на будынку ля плошчы Перамогі быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. Тамсама ля мосту на набярэжнай Дзьвіны, а таксама Кастрычніцкі райвыканкам былі расьпісаныя беларускімі лёзунгамі.

Супрацоўнікі КДБ у колькасьці дзесяці асобаў у цывільным, іхныя дзьве машыны і машына АМАПу пільнавалі плошчу. У двары дому, на якім вісеў сьцяг, нібыта ўзброенных тэрарыстаў у лепшых дэтэктыўных традыцыях яны затрымалі сяброў Рады БНФ “Выбар” Рамана Салаўяна ды Юрася Карпава. На пытаньне супрацоўніка КДБ аб тым, што яны тут робяць у гэты час, быў адказ: “Гуляем”. Затрыманых адвезьлі ў міліцэйскі пастарунак, пратрымалі каля дзьвюх гадзінаў і адпусьцілі. Нацыянальныя беларускія колеры луналі над плошчай пад зоркамі блізу паловы гадзіны.

Раніцай наведвальнікі Кастрычніцкага райвыканкаму назіралі, як улады заціралі надпісы: “Жыве Беларусь!”, “Далоў маскалёў!”, ”Масква — цэнтр зла!”. Асабліва старанна, але беспасьпяхова, бо зацёртая фарба чыталася, рабочыя працавалі над ужо знаёмым віцяблянам лёзунгам: “Прэч маскоўскую арду!”

Ясь Ліцьвін


1999-09-08

8 верасьня ў Віцебску сябры Рады БНФ “Выбар” наладзілі традыцыйнае сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы. Пад бел-чырвона-белым сьцягам у 17:30 яны выйшлі на плошчу Волі.

Мінакі зь цікаўнасьцю чыталі плякаты, якія трымалі старшыня Рады Уладзімір Плешчанка і ягоны намесьнік Барыс Хамайда. На адным зь іх паведамлялася аб тым, што ў 1514 годзе пад Воршай 30-тысячнае беларускае войска разьбіла ўшчэнт 80-тысячнае войска маскоўцаў. “Памятай аб гэтым, спадар Пуцін!”, — засьцерагаў надпіс напрыканцы. У другім плякаце сьцьвярджалася: “Незалежнасьць Беларусі будзем бараніць са зброяй у руках!”.

Каля фронтаўцаў сталі спыняцца людзі, дзякаваць за тое, што ізноў бачаць нацыянальны сьцяг, па якім засумавалі, дыскутаваць. Неўзабаве зьявіліся міліцыянты, якія запатрабавалі паказаць дазвол на правядзеньне мерапрыемства. Пачуўшы, што Рада “Выбар” аніколі дазволаў ад акупацыйнай улады, зь якой змагаецца, для сваіх сьвяткаваньняў не бярэ, пачалі “загрузку” палітыкаў у спэцмашыны.

Першай мэтай міліцыі было прыбраць ад людзкіх вачэй беларускі сьцяг, які здалек бачыўся вакол. Яго трымаў Раман Салаўян. Ён апынуўся разам зь ім у машыне. Затым вартаўнікам “парадку” не спадабаліся сьвежыя асобнікі газэты “Народная воля” з артыкуламі аб Варшанскай перамозе, якія распаўсюджваў аўтар гэтых радкоў. Мяне таксама затрымалі. Далей міліцянты мусілі выклікаць дадатковыя дзьве машыны асобна для сп-ра Б. Хамайды і Ул. Плешчанкі, якія не жадалі выконваць міліцэйскія патрабаваньні спыніць акцыю. Старшыню Рады чацьвёра АМАПаўцаў запхнулі ў машыну. Уся гэтая валка ды гвалт адбываліся на вачах прысутных віцяблянаў, журналістаў.

У пастарунку Кастрычніцкага райаддзела міліцыі, побач зь якім Мірон дэмантаваў бюст Суворава, які дагэтуль адсутнічае, высьветлілася, што раённага міліцэйскага начальства няма. Гаспадарылі там чынныя сяржанты са спэцрэзэрву начальніка абласной УУС пад кіраваньнем палкоўніка Гардзеева. Калі яны зышлі, напісаўшы рапарты, ужо знаёмы “выбарцам” дзяжурны спакойна й ветліва аформіў пратаколы на кожнага затрыманага. Усе чацьвёра былі абвінавачаныя ва ўдзеле ў несанкцыянаваным вулічным мерапрыемстве па арт. 167 ч. 1 АК РБ. Дадаткова на Ул. Плешчанку АМАПаўцы пакрыўдзіліся за непадпарадкаваньне адпаведна арт. 166 АК РБ. Потым усіх ветліва адпусьцілі да суду.

Юрась Карпаў


1999-09-15

ПОЙ, ЛАСТАЎКА, ПОЙ,
АЛЕ СПРАВА — ВАЙНОЙ?

Раніцай 15 верасьня па Віцебску прайшла калёна вайсковай артылерыі. Раней падобныя рэчы звычайна адбываліся ўначы.

Падарожныя дзяжурныя жаўнеры 317-й асобнай брыгады Паветрана-дэсантнага войска патлумачылі, што гаўбіцы вяртаюцца з навучэньняў, якія адбыліся ці то ля Бярэсьця, ці то пад Полацкам.

На пытаньне, у які бок стралялі, яны адказалі, што толькі вучыліся.


1999-09-20

“АЛЕ ВЕРУ Я Ў ЗАЛАЦІСТЫ ДЗЕНЬ…”

Гэтым летам Яўген Савельеў, лідар віцебскага гурту “New Cosmopolis”, пабываў у Польшчы з сольнымі канцэртамі. Аб паездцы і восеньскіх плянах гурту наша размова са сьпеваком.

Канцэрты адбываліся ў мястэчку Кастам(а)лоты на Рэкалекцыях вуніяцкіх сэмінарыстаў. Там знаходзіцца грэка-каталіцкая (вуніяцкая) царква 13-ці падляскіх мучанікаў, забітых расейскімі казакамі пад час гвалтоўнага пераводу Расейскай імпэрыі вуніятаў ў праваслаўе.

Я. Савельеў распавёў таксама аб здымках сваяго новага 9,5 хвіліннага кліпу на песьню “Любоў”.

Зводзіцца ў студыі апошні альбом гурта “Хрыстос уваскрос!”.

(чытаць гутарку з Яўгенам Савельевым)

Юрай Касіч

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro