Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


1999-10-05

Два прафсаюзныя мітынгі пратэсту, якія былі дазволеныя ўладамі, адбыліся ў Віцебску 30 верасьня.

Наладжаны свабодным прафсаюзам прадпрымальнікаў сумесна з мясцовай філіяй АГП мітынг на ўскрайку горада сабраў да васьмісот віцяблянаў. У той жа час каля двухсот рабочых ды служачых, пераважна зь дзяржпрадпрыемстваў, прыйшлі на пл. Леніна, дзе адбываўся мітынг абласных прафсаюзаў.

На плякатах мітынгоўцаў можна было прачытаць аб патрабаваньнях спыніць рост цэнаў, падвысіць заробкі, адмяніць дыскрымінацыйны дэкрэт № 29 аб працоўнай дысцыпліне на дзяржаўных прадпрыемствах. Мітынг прыняў рэзалюцыю, у якой зьвярнуўся да ўладаў з патрабаваньнем прыслухацца да пазыцыі прафсаюзаў.

Пасьля заканчэньня мерапрыемства быў затрыманы старшыня Віцебскай Рады БНФ “Выбар” Уладзімір Плешчанка. Таксама спрабавалі затрымаць настаўнiка беларускай мовы сярэдняй школы № 40 горада Вiцебска Мiколу Яраша, які меў на галаве бел-чырвона-белую стужку. Калі М. Яраша вызвалілі з міліцэйскіх абдымкаў ўжо на плошчы, дык Ул. Плешчанка мусіў ісьці ў пастарунак. Там на яго склалі пратакол згодна арт. 172 п. 8 АК РБ аб распаўсюджаньні незаконнай газэты “Народный президент” у колькасьці аднаго асобніка. Пад час мітынгу гэтая газэта разышлася сярод прысутных з дапамогай невядомых. Тамсама, сярод іншых, распаўсюджвалася і забароненая ўладамі газэта “Выбар”, што, відаць, і прыцягнула ўвагу мясцовых пінкертонаў.


1999-10-08

7 кастрычніка ў гістарычным цэнтры Віцебска недалёка ад Ратушы нехта высака прыладзіў велічэзны плякат, на якім быў намаляваны вядомы на Беларусі вусаты дзядзька з абгладанымі косьцьмі ў роце. Надпіс тлумачыў: “Шклоўскія Дажынкі–99”.

Гэты “нацюрморт”, разьмешчаны акурат над сядзібай дырэкцыі “Славянскага базару”, улады заўважылі толькі раніцай наступнага дня. Тады й была выкліканая пажарная машына, якая дапамагла колькім мужчынам на дасе таго будынка паласавацца дажынкаўскімі касьцьмі.


1999-10-09

Аб неправамоцных дзеяньнях
у Партыі БНФ

26-га верасьня гэтага году ў адпаведнасьці з рашэньнем Сойму Партыі БНФ ад 19 чэрвеня адбыўся IV-ы Зьезд Партыі БНФ. IV-ы Зьезд Партыі БНФ сабраўся згодна квоты дэлегатаў, выбраных у ліпені гэтага году, і прайшоў пры неабходным кворуме. Зьезд прыняў агульную і бліжэйшую Праграмы Партыі і зрабіў папраўкі ў Статут, у прыванасьці ўдакладніў поўную назву Партыі як: “Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — Беларускі Народны Фронт”. Кароткая і штодзённая рабочая назва застаецца ранейшай: “Партыя БНФ”. Новая абрэвіатура ня ўводзіцца.

Зьезд падкрэсьліў, што ўмацоўваецца палітычная арганізацыя Партыі, што яна зьяўляецца ня толькі часткай, але й палітычнай асновай БНФ, аб чым адзначана ў Статуце.

IV-ы Зьезд Партыі і арганізацыйна-палітычнае ўмацаваньне Партыі ёсьць важная і добрая падзея ў беларускім адраджэнцкім руху. Цяпер ёсьць выхад з дрэннага становішча ў Фронце. Партыя можа і павінна стаць тым арганізацыйным грунтам, вакол якога згуртуюцца ўсе адраджэнцкія сілы БНФ. Гэта ёсьць шлях да новага адзінства Фронту.

Пасьпяховы Зьезд Партыі БНФ быў, аднак, нэгатыўна ўспрыняты маімі былымі намесьнікамі і некаторымі абласнымі кіраўнікамі ў Партыі, якія праігнаравалі IV-ы Зьезд Партыі БНФ.

3-га кастрычніка яны сабралі частку сяброў былога Сойму Партыі і аб’явілі, што IV-ы Зьезд Партыі БНФ ня быў зьездам Партыі БНФ, а зьездам іншай партыі. У сувязі з гэтым прызначылі новы зьезд Партыі БНФ з новым і паўторным вылучэньнем дэлегатаў. Пры гэтым пастанавілі выдзеліць так званыя дадатковыя квоты дэлегатаў (дарэчы ня сябраў Партыі) ад дэпутатаў Вярхоўнага Савету, ад сяброў Ценявога Кабінэту Фронту і дзесяць дэлегатаў на разгляд аргкамітэту. Пры гэтым стварылі сваю Управу Партыі і прызначылі камісію з васьмі асобаў для прадстаўленьня сваёй пазіцыі ў судзе, куды (за выключэньнем некалькіх чалавек) увайшла амаль уся “прагматычная” група ў Фронце. (Яны плянуюць яшчэ й судзіцца).

Вось зьест дзейнасьці, сьведчаньне якой яны разаслалі ў паперах па ўсіх структурах БНФ.

У сувязі з гэтым заяўляю:

  1. Сойм Партыі БНФ згодна Статута (першаснага, і папраўленага) склікае старшыня Партыі. Ні я, ні па маім даручэньні в.а. старшыні сп. Ю. Беленькі, не склікалі Сойму і не былі праінфармаваныя пра намеры гэтых сяброў Партыі. Іхныя дзеяньні пасьпешныя, неабдуманыя, прадыктаваныя, хутчэй, антаганістычнымі пачуцьцямі і эмацыйным стаўленьнем, чым палітычнай мэтазгоднасьцю. Тут ня бачна разумнага беларускага інтарэсу.

  2. Заклікаю сяброў Партыі, што па розных прычынах не змаглі прыняць удзел IV-м Зьезьдзе Партыі БНФ, не падтрымліваць контрзьезд Партыі, а уключыцца ў фронтаўскае партыйнае будаўніцтва. Ёсьць шлях, адкрыта дарога да палітычнага згуртаваньня адраджэнцкіх сілаў вакол Партыі і захаваньне адзінага шматаблічнага, але не самазьнішчальнага, не кантравэрсійнага Фронту. Нельга драбніць Партыю БНФ па амбіцыях, нельга плянаваць скандалы і судовыя разьбіральніцтвы, нельга ганьбіць самых сябе.

Упэўнены, што не ад ініцыятараў апазіцыйных дзеяньняў, а ад сяброў Партыі залежыць пасьпяховасьць і нармальны ўзровень у палітычнай арганізацыі Фронту.

Зянон Пазьняк
Старшыня Партыі БНФ і БНФ “Адраджэньне”

* * *

ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ Cтаршыні БНФ
аб узурпацыі кіруючых функцыяў у БНФ “Адраджэньне”

3-га кастрычніка гэтага года некаторымі намесьнікамі старшыні БНФ насуперак дзеяньню VI-га Зьезду БНФ быў скліканы Сойм БНФ, на якім было прынятае рашэньне аб дадатковым вылучэньні дэлегатаў на 2-е пасяджэньне VI-га Зьезду ад тэрытарыяльных арганізацыяў БНФ, а таксама паўторнае вылучэньне дэлегатаў. Я як старшыня БНФ ня быў папярэджаны аб гэтых дзеяньнях. Мне паведамілі ўжо пра вынікі мерапрыемства.

У сувязі з гэтым заяўляю:

  1. 6-ы Зьезд БНФ не зачынены. Робячы перапынак, Зьезд павінен быў прыняць рашэньне аб дзейнасьці Сойму БНФ паміж паседжаньнямі Зьезду. Такой пастановы прынята не было. Таму цяпер, у перапынку паміж паседжаньнямі, дзейнічаюць толькі ворганы Зьезду, зноў выбраны старшыня БНФ і Управа БНФ, якая Зьездам не выбіраецца.

  2. Ніякія рашэньні Сойму БНФ, што адбыўся 3-га кастрычніка, ня могуць прымацца пад увагу і не павінны выконвацца сябрамі БНФ.

  3. Па зьмесьце неправамоцных рашэньяў Сойму ад 3-га кастрычніка. Гэта ёсьць безадказная групаўшчына, накіраваная на адкрыты зрыў VI-га Зьезду і на далейшае (сьвядомае ці несьвядомае) разбурэньне БНФ.

  4. Ніхто не выбірае пасярэдзіне зьезду дэлегатаў на дзеючы зьезд, ня можа Сойм зьмяніць склад Зьезду, нават калі б меў у гэты час права дзейнасьці. Пачынаючы ад 1-га жніўня гэтага году, ня дзейнічае Сойм у Беларускім Народным Фронце.

  5. У сувязі зь імкненьнем узурпаваць уладу ў Фроньце з боку былога выконваючага абавязкі старшыні БНФ Лявона Баршчэўскага нагадваю, што спадар Л. Баршчэўскі пазбаўлены мной паўнамоцтваў выконваючага абавязкі старшыні БНФ з 14-га верасьня гэтага году ў поўнай адпаведнсьці з рашэньнем V-га Зьезду БНФ. Прызначэньне в.а. старшыні БНФ ёсьць прэрэгатыва і рашэньне толькі старшыні БНФ, якое ён потым пацьвярджае на Сойме (у дадзеным выпадку будзе пацьверджана на Зьезде).

З 14-га верасьня функцыі в.а. старшыні БНФ выконвае спадар Юры Беленькі. Ніякія дакуманты Фронту, падпісаныя спадаром Л. Баршчэўскім як в.а. старшыні БНФ пасьля 14-га верасьня, ня маюць сілы і не павінны прымацца пад увагу сябрамі БНФ, установамі і арганізацыямі.

Заклікаю фронтаўцаў і дэлегатаў VI-га Зьезду БНФ прытрымлівацца прынятага парадку працы Зьезду.

Рэкамэндую на 2-й сэсіі Зьезду старшынстваваць і весьці паседжаньне іншаму намесьніку старшыні БНФ, якога прапануе Зьезд, улічваючы, да таго ж, грубыя парушэньні працэдуры Зьезду з боку спадара Баршчэўскага.

Зянон Пазьняк
Старшыня БНФ “Адраджэньне”


1999-10-14

Лёзьненскі прэзідэнт

12 кастрычніка ў г.п. Лёзна гараджане заўважылі, што ў іхніх паштовых скрынках зьявілася вядомая сваім антырэжымным зьместам газэта “Народный президент”.

Вельмі сваеасабліва на гэтую навіну адрэагавалі мясцовыя праваахоўчыя ворганы. На прыпынку аўтобуса перад адпраўкай на Віцебск яны затрымалі рэдактара газэты “Выбар” Барыса Хамайду і лёзьненца Уладзіміра Собалева, якія спатыкаліся па арганізацыйных справах Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ.

У міліцэйскі пастарунак тэрмінова прыбыў сам раённы пракурор Валынец, які асабіста вырашыў абшукаць затрыманых. Нічога крымінальнага не знайшоўшы, ён абгрунтаваў сваю падазронасьць тым, што працуе ў небясьпечнай памежнай зоне.

Ня даўшы веры свайму калезе, нам. начальніка РАУС Сьпірыдонаў паўторна абшукаў Б. Хамайду. Ізноў нічога крымінальнага незнайшоўшы, раптам заўважыў, што ў пашпарце Б. Хамайды адсутнічае чарговы фатаздымак. Гэта яго задаволіла і затрыманыя мусілі адпарыцца ў пастарунку тры гадзіны, апасьля чаго іх адпусьцілі.


1999-10-22

22 кастрычніка ў Віцебску на плошчы Перамогі быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг.

Нацыянальны беларускі сымбаль зьявіўся на дроце электраперадачы акурат пасярэдзіне плошчы насупроць помніку воінам–вызвольнікам. Зьняць яго пакуль што ўлады не наважыліся.

Па словах старшыні Рады “Выбар” Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Уладзіміра Плешчанкі, аўтарам гэтага ўчынка ёсьць Мірон, які зьяўляецца сябрам Рады.

P.S. Інфармацыю аб гэтай падзеі не ўзяло Менскае бюро радыё “Свабода” пад кіраўніцтвам Валяньціна Жданко ў сваёй віцебскай карэспандэнткі Сабіны Радзько. Вось дык менская сталічная “свабода”!


1999-10-22

ЗВАРОТ
Сойму Партыі БНФ да дэлегатаў VI-га Зьезда
Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

Шаноўныя калегі!

З0 кастрычніка 1999 года пачне працу 2-я сэсія VI-га Зьезда
Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”.

Згодна з прынятым на 1-й сэсіі Зьезда парадку дня засталіся не разгледжанымі пытаньні, зьвязаныя з выбарамі намесьнікаў Старшыні БНФ “Адраджэньне”, Сойму і рэвізыйнай камісіі, а таксама прыняцьцё рэзалюцыяў і ўхвалаў.

У перапынку паміж дзьвюма сэсіямі аднаго Зьезда маюць паўнамоцтвы і дзейнічаюць толькі асобы і ворганы, абраныя на 1-й сэсіі Зьезда: Старшыня БНФ “Адраджэньне”, мандатная, падліковая камісіі, прэзідыюм і сакратарыят Зьезду. Ня можа зьмяняцца колькасны і персанальны склад дэлегатаў Зьезду. Гэта значыць, што ў працы 2-й сэсіі Зьезду могуць браць удзел толькі тыя дэлегаты, паўнамоцтвы якіх падцьвердзіла мандатная камісія, і якім былі выдадзены мандаты дэлегатаў.

З пачаткам працы Зьезда скончыліся функцыі арганізацыйнага камітэту. На 1-й сэсіі Зьезда зрабіла справаздачу кіраўніцтва БНФ “Адраджэньне”. Яго праца ацэненая дэлегатамі як незадавальняючая. Да кіраўніцтва БНФ “Адраджэньне” адносяцца: Старшыня, намесьнікі Старшыні, Сойм. Кіраўніцтва ў такіх варунках складвае свае паўнамоцтвы. Напрыканцы працы 1-й сэсіі Зьезду адбыліся выбары Старшыні БНФ “Адраджэньне”. Выбары праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. Зянон Пазьняк набраў большасьць галасоў (156) у адносінах да Вінцука Вячоркі (152). Прычым, пададзеных галасоў супраць Зянона Пазьняка не было больш, чым галасоў, пададзеных за. Старшынём БНФ “Адраджэньне” ПАВОДЛЕ Статуту абраны Зянон Пазьняк.

Спасылкі калегаў-апанентаў на тое, што для абраньня Старшынём кандыдату трэба было набраць палову плюс адзін голас ад колькасьці дэлегатаў, прыняўшых удзел у галасаваньні, маглі мець рацыю толькі ў тым выпадку, калі б выбары праводзіліся як безальтэрнатыўныя.

Сойм партыі БНФ лічыць, што канструктыўнае правядзеньне 2-й сэсіі VI-га Зьезда Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” магчыма пры выкананьні ўсімі дэлегатамі наступных умоваў:

Заклікаем дэлегатаў Зьезду, усіх сяброў БНФ “Адраджэньне” падтрымаць гэтыя прапановы, што дапаможа стварыць новую арганізацыйную еднасьць у межах усяго нацыянальна-вызвольнага Руху.


1999-10-29

Зянон Пазьняк. "Курапаты. Дзесяць гадоў пасьля"

 

Калi я цяпер азiраюся на 10 гадоў назад, то не магу збавiцца ад вострага адчуваньня спрэсаванага часу. Якраз у гэтае 10-годдзе адбылiся ў нас падзеi, якiя фармуюць будучыню, выклiкаюць перамены асноў. Адной з такiх падзеяў, я лiчу, было адкрыцьцё праўды пра Курапаты.

У гiсторыi кожнай нацыi ёсьць свой лёс, свая ўдача, сваё наканаваньне, якiя абумоўленыя i вынiкаюць з характару людзей. Тут ня трэба нiчога шукаць звыш. Звыш дадзена толькi жыцьцё. I тым ня менш у гэтым фiзычным, сацыяльным, духоўным жыцьцi ёсьць падзеi, зьявы, i нават прадметы, якiя набываюць знакавае, вызначальнае, сымвалiчнае значэньне для цэлых эпох. Такiм вызначальным сымвалам i знакам зьяўляюцца для беларусаў Курапаты.

Знакавая зьява характарызуе грамадзтва i вызначае яго. Каб даведацца, што ёсьць грамадзтва ў Беларусi i ў якiм стане яно знаходзiцца, варта зьезьдзiць у Курапаты i паглядзець. Можна не задаваць нiякiх пытаньняў. Разумны ўсё зразумее.

Дэдуктыўная лёгiка падказвае цалкам лягiчны працэс, што, каб перамянiць грамадзтва, дастаткова зьмянiць яго знак. I я пагаджаюся з гэтым.

Дык iдземце ж у Курапаты i прывядзем у парадак усе магiлы, пасадзiм кветкi, паставiм крыжы, пасыпем дарожкi чысьцюткiм пяском i пабудуем там Беларускi Храм, дзе будзе гучэць вечны рэквiем зь мёртвых устаньня тым, якiх забiлi, тым, што маўчалi i вечна маўчаць.

Калi мы гэта зробiм i калi гэта станецца, то мы заўважым ужо iншае грамадзтва, iншыя дачыненьнi i iншы народ. Калi ня зробiм, то ўбачым, што бяз зьмены ў грамадзтве нiчога не пераменiш у запушчаных, згаджаных i зьнявечаных Курапатах — духоўным люстэрку беларускай нацыi. (чытаць весь артыкул)


1999-10-30

30 кастрычніка ў Менску адбылася 2-я сэсія VI Зьезду Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”.

Паводле паведамленьня старшыні мандатнай камісіі Віктара Кароліка з 330 дэлегатаў, якія былі зарэгістраваныя на 1-й сэсіі Зьезду, на другую сэсію прыехалі 242 дэлегаты. Для кворуму патрэбна было 220 дэлегатаў. Такім чынам, 2-я сэсія VI Зьезду БНФ “Адраджэньне” пачалася.

Не знайшоўшы згоды ў пытаньні аб вядучых Зьезда, далей сэсія падзялілася на дзьве часткі, якія правялі свае паседжаньні асобна.

На паседжаньні, дзе старшынстваваў намесьнік старшыні БНФ “Адраджэньне” Юрась Беленькі, прыняло ўдзел у галасаваньні 135 дэлегатаў. Былі абраныя намесьнікі старшыні БНФ “Адраджэньне”: Мікола Анцыповіч, Уладзімір Старчанка і Юрась Беленькі. Таксама быў абраны Сойм у складзе 49 асобаў.

Агульную атмасфэру зьезду перад ягоным пачаткам цяжка было назваць сяброўскай. Намесьнікі старшыні БНФ “Адраджэньне” Юры Хадыка, Вінцук Вячорка і Лявон Баршчэўскі актыўна заяўлялі свае правы на старшынства на Зьезьдзе, якое, аднак, не было падтрыманае. У выніку, Юры Хадыка заклікаў сваіх прыхільнікаў зысьці ў іншую залу. Аб гэтым паведаміў дэлегат Зьезда старшыня Віцебскай Рады “Выбар” БНФ “Адраджэньне” Уладзімір Плешчанка.

 

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro