Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro


2000-03-02

Пад час знаходжаньня Барыса Хамайды ў Менску 1 сакавіка на прэзэнтацыі “Агляд-Хронікі парушэньняў правоў чалавека на Беларусі ў 1999 годзе”, выдадзенай Праваабарончым Цэнтрам “Вясна” ягонае жытло ў Віцебску было абрабаванае.

Зьнікла толькі тэлевізыйная спэцантэна, якая была прымацаваная да бальконецу кватэры. Аб гэтым здарэньні пададзеная адпаведная заява ў міліцыю.

Сам ганаровы праваабаронца “Вясны” упэўнены, што гэта ёсьць наступны крок уладаў супраць ягонай палітычнай дзейнасьці. Нагадаем, што напярэдадні ён быў жорстка зьбіты. Цяпер не выключае магчымага абрабаваньня ня зьне, але ўнутры кватэры.

* * *

Адбыўшыйся 26 лютага ў Менску Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ пацьвердзіў нежаданьне ўдзельнічаць у нелегітымных выбарах ды, таксама, ў нефармальных перамовах з уладамі пад эгідай АБСЭ.

Нават была зробленая сьпецыяльная Заява з абвяржэньнем паведамленьня Беларускага тэлебачаньня аб удзеле Партыі БНФ у гэткіх пеперамовах.

Сойм лічыць, што шляхам выбараў Расея жадае легітымізаваць рэжым і саюзную дзяржаву. У той жа час нашая мэта — стварэньне альтэрнатыўнай прарасейскаму рэжыму прадстаўнічай улады (грамадзянскі парлямант). Дарэчы, што тычыцца ініцыятывы прадстаўнікоў культуры аб скліканьні ў 2000 годзе Ўсебеларускага зьезду, дык Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ ня супраць гэтага, але сваіх прадстаўнікоў туды вылучаць ня будзе. Бо гэта адцягне сілы ў стварэньне яшчэ аднэй структуры, якая прадублюе іншыя падобныя без нізавых аддзелаў (Кангрэс дэмакратычных сілаў, Хартыя' 97, Кансультатыўная Рада апазіцыйных партыяў).

Быў прыняты Зварот Партыі БНФ да грамадзянаў Беларусі: “Пра 82-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларускае Народнае Рэспублікі (БНР)”.

На Сойме выступоўцы адзначалі, што з дапамогай нелегітымных выбараў расейская імпэрыя можа замяніць на Беларусі адыёзную адміністрацыю на больш дэмакратычную, але такую ж каланіяльную.

Адбыліся зьмены ў бок большае дысцыпліны ў парадку прыёма сяброў у Партыю БНФ: прадугледжаныя рэкамэндацыі дзейсных сяброў ды выпрабавальны тэрмін.

Інфармацыя атрыманая ад сябра Сойму Уладзіміра Плешчанкі.


2000-03-09

Напярэдадні сьвяткаваньня ўгодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 г. Віцебская гарадзкая арганізацыя Кансэрватыўнааа-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (Партыі БНФ) ладзіць шэраг мерапрыемстваў:

1) 11 й 18 сакавіка (суботы) пікеты ў скверы каля плошчы Леніна з 12 да 14 гадзіны;

2) 25 сакавіка – шэсьце й мітынг. Збор удзельнікаў шэсьця й мітынгу 25 сакавіка а 12-й гадзіне каля помніку Еўлакіі Лось (бібліятэка імя Леніна).

Запрашаем разам адсьвяткаваць 82-я ўгодкі БНР.

Віцебская гарадзкая Рада Партыі БНФ


2000-03-12

Як і плянавалі арганізатары Ян Таўпыга ды Пётр Сарапеня ўчора адбыўся папяраджальны пікет, прысьвечаны дню Волі 25 сакавіка.

Вялічэзны плякат 1.5 на 1.5 мэтры сьцвярджаў:
“КОЛЬКІ Б ВОЎК НІ ВАЛОК, ПАВАЛАКУЦЬ І ВАЎКА”.
Таксама бачны былі іншыя плякаты супраць аншлюсу Беларусі Расеяй на тле бел-чырвона-белых сьцягоў. Вёўся збор сродкаў для А. Букачова, які па выраку суда вінен заплаціь дзяржаве 101620 руб. (113 $) за пагрозу выбуху на прарасейскім музычным фэсьце “Славянскі базар”.

Барыс Хамайда распаўсюджваў сьвежы нумар газэты “Выбар". Чакаецца, што зь ягоным зьместам хутка можна будзе азнаёміцца на гэтым сайце.
Таксама рэдактар вядомага на Беларусі выданьня рэпрэзэнтаваў новую газэту "РУХ". Яе робіць моладзь Віцебскай Рады Партыі БНФ. На яе старонках гутарка зь Міронам, які цяпер знаходзіцца ў Чачні. Рэйтынг успанінаў пра палітычныя асобы ў беларускіх выданьнях 1999 году узначальваюць С. Шарэцкі і З. Пазьняк.
Потым — В. Вячорка і М. Чыгір. Далей І. Сурвілла, С. Адамовіч, П. Крэчэўскі. Напрыканцы В. Захаранка, А. Лябедзька, В. Ганчар ды С. Багданкевіч. Аўтар Раман Нямовіч заўважае, што магчыма рэйтынг недасканалы, бо асоба, склаўшая яго, трымаецца пэўных палітычных поглядаў. Рэдакцыя, таксама, запрашае чытачоў стаць яе “аскарамі”, г.зн. асабістымі карэспандэнтамі.


2000-03-15

Дзень Канстытуцыі ў Віцебску быў адзначаны шэсьцем і мітынгам пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Прыбліза 150-200 віцяблянаў прайшлі па вызначанаму гарвыканкамам “ваколічнаму” маршруту ад Ратушы па вул. Узгорская (Суворава — тама зьнік бюст генералісімусу) да пл. Леніна, дзе адбыўся мітынг. Дарэмна карэспандэнт SANA чакаў каго-небудзь на пл. Перамогі, дзе, згодна паведамленьня газэты “Витебский курьер”, павінен быў адбывацца збор “аб’яднаных грамадзянаў”.

Іхны кіраўнік пагражаў (і “ВК” гэта паўтарыў), што шэсьце абудзецца насуперак уладам па першапачатковым маршруце, які вызначылі арганізатары ўздоўж цэнтральнага прашпэкту горада “з разгонутымі сьцягамі і транспарантамі”. Нажаль, насамрэч адзіноту карэспандэнта падзялілі толькі ўзмоцненыя зьвязы міліцыі і АМАПу па ўсім “небясьпечным” шляху Свабоды.

Прамовы выступоўцаў гучалі па-беларуску і чулася “Жыве Беларусь!”, сьпяваў Яўген Савельеў свае беларускія песьні. Толькі прыцемкі ды імжа шкодзілі.


2000-03-16

Адбылася трагедыя, якая ўсхвалявала ў тым ліку беларускі асяродак Віцебску. Настаўніца пачатковых клясаў 47- гадовая Гарбунова Лілія, якая адчыніла першую беларускую клясу ў СШ № 30 і вяла яго чатыры гады, пакуль антыбеларуская улада не перашкодзіла гэтаму, скончыла жыць.

Яна пакінула перадсьмяротную цыдулку:
“Люблю Вас, мае дарагія сваякі, блізкія сябры і прыяцелькі, любыя мае вучні ўсіх выпускаў ды іхныя бацькі!
Люблю з Вамі супольнічаць, цешыцца жыцьцём, ствараць “сьвяты для душы”.
Тыя, каму я аддала часьцінку сваяго сэрца, падарыла сонечны праменьчык радасьці, прыдзіце, калі ласка, са мной разьвітацца.”

Прычыны асабістай трагедыі гэтай жанчыны, лёс якой быў цалкам злучоны са сваімі дзеткамі, як яна называла сваіх вучняў, пакуль невядомыя. У пракуратуры Кастрычніцкага раёна Віцебска паведамілі, што праводзіцца праверка на конт таго, ці будзе распачатая крымінальная справа. Чуткі цьвердзяць, што канфлікт заслужонай настаўніцы вышэйшай катэгорыі з 24-гадовым стажам быў з дырэктарам школы і райаддзелам народнай адукацыі з-за яе наватарскіх падыходаў да выхаваньня вучняў. У тым ліку й спыненай беларусізацыі. На гэты конт у самой школе даваць тлумачэньні для SANA адмовіліся. Пашэньціла толькі дзяржаўнай газэце “Народнае слова”, адкуль узяты тэкст перадсьмяротнай цыдулкі (“НС”, № 31, 16.03.2000).

Пахавальнае разьвітаньне адбылося ў аўторак 14 сакавіка. У школе, адкуль пайшла шчырая віцяблянка, гучаў апошні для яе званок…


2000-03-17

Дарагія віцябляне!

Са страшэнным сумам даведалася аб сьмерці настаўніцы Ліліі Гарбуновай. Мае спачуваньні ўсім вам. Шчырых, аддадзеных нашай Бацькаўшчыне суродзічаў і так замала. Кожная новая страта, страта для нас усіх. Хай Бог вам памагае прадаўжаць змаганьне за вольную і незалежную Беларускую дзяржаву ды бараніць вашую беларускасьць.

У гэтым мамэньце важна, каб сьвет пабачыў, што наш народ цэніць волю, што не гатовы рабіцца другараднай правінцыяй чужой імпэрыі.

Усе цяперашнія акцыя важныя. Калі не даюць выходзіць са сьцягамі, выходзьце са сьвечкамі, з абразамі. За гэта вас біць не адважацца. Мы тут таксама робім, што можам. Разам ы адродзім нашую Бацькаўшчыну і здабудзем лепшую долю для нашага народу.

25-га буду з вамі ў маім сэрцы.
Вітаю вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам.
Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла


2000-03-19

Учора адбыліся заплянаваныя пікеты ў падтрымку Дня Волі 25 сакавіка.

На адным зь іх, які праводзіў Зьміцер Піменаў зь сябрамі ля помніку загінулым Воінам інтэрнацыяналістам, адбыўся інцыдэнт. Адзін з былых воінаў-“аўганцаў” кінуўся на З. Піменава. Але ўсё абышлося. Гэны былы жаўнер, відаць, не разумее дагэтуль, што “аўганцаў” выкарыстоўвалі таксама ж, як цяпер расейскі спэцназ у Чачні — у якасьці бойнага мяса расейскай імпэрыі.

Пікет пад кіраўніцтвам Яна Таўпыгі ды Пётры Сарапені прайшлі звычайна: гутаркі, спрэчкі, збор подпісаў супраць аншлюсу Беларусі Расеяй.

* * *

18 сакавіка ў Менску адбыўся Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ.

Як паведаміў сябра Сойму Уладзімір Плешчанка, засноўнае пытаньне было аб дзеяньнях у падтрымку бестэрміновай акцыі “БЕЛАРУСКАЯ САЛІДАРНАСЬЦЬ”. Выступаўчы ў Кангрэсе ЗША, старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Партыі БНФ Зянон Пазьняк назваў лічбу 30000 — столькі подпісаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь сабраў БНФ супраць аб’яднаньня Беларусі з Расеяй у вадну дзяржаву. Подпісы перададзеныя ў амбасады ЗША і ВялікаБрытаніі на Беларусі. Да гэтага дакумантна зафіксаванага пратэсту беларускай грамадзкасьці супроць яе прыніжэньня як дзяржаўнай нацыі вельмі ўважліва паставіліся амэрыканскія палітыкі.

Разам з гэтым місыя АБСЭ на Беларусі, якая імкнецца праводзіць палітыку дыялёгу апазыцыі ды ўлады, на практыцы падтрымлівае прарасейскую плынь у палітыцы — ці пераважна расейскамоўную дэмакратычную апазыцыю ў Нацыянальна Вызвольным Руху, ці спрабуючы легалізаваць прарасейскі намэнклятурна-саюзны рэжым.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Беленькі ў гутарцы з прадстаўнікамі АБСЭ адзначыў, што акцыя 15 сакавіка, якую шырока разрэклямавалі апазіцыйныя СМІ і якую падтрымала АБСЭ сваёй прысутнасьцю, фактычна адхіліла на другі плян галоўную падзею года — Дзень Волі 25 сакавіка. Сьвяткаваньне 82-х ўгодкаў абвяшчэньня незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі цяпер ускладнілася, бо засяроджаньне ўсіх арганізацыйных высілкаў на мерапрыемстве, якое прысьвечанае прыняцьцю недасканалай, хаця й легетымнай постсавецкай Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 г., дало прычыну аўтарытарнай ўладзе, якая перарабіла гэтую Канстытуцыю на свой капыл, забараніць і абмежаваць легальныя мерапрыемствы ў гонар сьвята Незалежнасьці — Дня Волі.


2000-03-28

Як і планавалася ў Віцебску 25 сакавіка сябры Партыі БНФ правялі шэсьце і мітынг, прысьвечаныя Дню Волі. Затрыманыя 10 асобаў, 6 зь іх апынуліся за кратамі.

Ня гледзячы на забарону зьбірацца ў цэнтры гораду ля помніку Еўдакіі Лось (абласная бібліятэка), віцябляне адгукнуліся на запрашэньне Партыі БНФ і туды прыйшлі. Уражвала вялікая колькасьць міліцыі каля помніку. Як толькі зьявіліся людзі са згорнутымі яшчэ бел-чырвона-белымі сьцягамі, да іх сталі лучыцца звычайная грамадзяне. Але адразу ж міліцыя настойліва прапанавала усім зысьці зь “небясьпечнага” мейсца.

Аднак падыйшлі журналісты і пачалі задаваць пытаньні арганізатару мерапрыемства кіраўніку гарадзкой Рады Партыі БНФ Уладзіміру Плешчанку. Пакуль ён адказваў, міліцыя выціснула частку людзей на супрацьлеглы бок вуліцы да тралейбуснага прыпынку. Быў затрыманы Раман Салаўян, які меў пры сабе згорнуты сьцяг і адмаўляўся зысьці ўбок, пакуль не пачуе тлумачэньняў Ул. Плешчанкі.

Далей падзеі разгортваліся імкліва. Міліцыя ўшасьцёх панесла журналіста “Народнай Волі” Валерыя Шчукіна, які размаўляў на “забароненым” мейсцы з Ул. Плешчанкам. Затым сам кіраўнік Віцебскай Рады Партыі БНФ быў таксама панесены на рукох міліцыяй.

Тым ня меньш сябры Партыі БНФ на супрацьлеглым боку вуліцы разгарнулі сьцягі, прыціснулі да грудзёх абразы сьятых і рушылі ў бок плошчы Волі. На дзіва ім ніхто не перашкаджаў — гэта быў іншы райадзел міліцыі. Шэсьце годна прайшло па цэнтральнай вуліцы Віцебска, віншуючы гараджанаў са сьвятам. На самой плошчы Волі іх ужо чакала міліцыя. Былі схопеленыя сем актывістаў і дастаўленыя ў пастарунак.

Але трохі далей на Ратушнай плошчы сабраліся пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ў дазволеным гарвыканкамам мейсцы яшчэ каля 50 мітынгоўцаў. Намесьнік старшыні Віцебскай Рады Партыі БНФ Барыс Хамайда паведаміў сабралым людзям, што па маршруце ўлады БНФ ня пойдзе і прапанаваў ісьці ў міліцэйскі пастарунак высьвятляць лёс затрыманых сяброў.

У самім пастарунку Кастрычнікага РАУС на затрыманых складалі пратаколы за несанкцыянаванае шэсьце. У гэты ж час яны самі аднагалосна прынялі рэзалюцыю, якую мелі прапанаваць для галасаваньня на плошчы:

1) патрабуем спыненьня захадаў па рэалізацыі “саюзнай” дамовы Беларусі ды Расеі;
2) патрабуем спыненьня вайны ў Чачні ды прызнаньня незалежнасьці Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя;
3) патрабуем вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў;
4) мы — за вольную культурную багатую Беларусь, нашый шлях у Эўропу.
Жыве Беларусь !

Потым іх адвезьлі ў суд. Ігар Марозаў ды Валеры Канавалаў аштрафааныя на 20 мінімальных заробкаў (~45 $), а Зьміцер Піменаў (арганізатар шэсьця), Генадзь Васілеўскі (прысутны), Юрась Карпаў (сьцяганосец) былі затрыманыя на трое содняў у прыёмніку-размеркавальніку абласнога УУС. Яны афіцыйна абвесьцілі галадоўку пратэсту, якую пратрымалі да вызваленьня.

Там жа апынуліся Уладзімір Плешчанка, Валеры Шчукін і Раман Салаўян, якіх затрымаў першапачаткова Чыгуначны райаддзел міліцыі. Іх судзілі толькі ў панядзелак 27 сакавіка. За непадпарадкаваньне міліцыі Раман Салаўян асуджаны на 5 содняў, Уладзімір Плешчанка і Валеры Шчукін — на 10. Увечары 27 сакавіка карэспандэнт SANA асабіста чуў, знаходзячыся ў каморы разьмеркавальніка, як Валеры Шчукін у калідоры прыёмніка-размеркавальніка “чытаў лекцыю” міліцыянтам аб правапарадку і законнасьці. Да яго ставіліся пашаноўна.

Кажуць, што 25 сакавіка іншыя гараджане ўвечары таксама адзначылі Дзень БНР. Быў дазволены мітынг на пл.Леніна і вячэра ў кавярні.


2000-03-30

ЗАЯВА

Шырокія рэпрэсіі ў адносінах да грамадзянаў Беларусі, якія удзельнічалі 25 сакавіка ў сьвяточных мерапрыемствах з нагоды Дня Волі ў Менску і Віцебску, сьведчаць аб тым, што існуючая ўлада не аналізуе нядяўніх гістарычных падзеяў. У тым ліку народнага паўстаньня ў Румыніі ў 1989 годзе.

Гвалт з боку ўлады можа выклікаць толькі супрацьнакіраваны гвалт.

У гэты пэрыяд вельмі вагавіта засьцерагчыся нецярплівасьці — імкненьня некаторых кіраўнікоў апазыцыі вывесьці на вуліцы як мага большую колькасьць непадрыхтаваных безабаронных людзей.

Трэба спакойна і мэтанакіравана рухацца да непазьбежнага моманту “N”. І тады гэтай злачыннай уладзе не дапамогуць ні ваўкадавы, ні кулямёты бранетранспарцёраў, ні баньдзюгі ў масках. Толькі падрыхтаваныя людзі змогуць адстаяць сваю волю й волю Радзімы!

Жыве Беларусь!

29 сакавіка 2000
Барыс Хамайда,
нам. старшыні Віцебскай гарадзкой
Рады Партыі БНФ

* * *

2000-03-30

На Віцебскім станкабудаўнічым заводзе “ВІСТАН” адбыўся страйк. З 12:00 да 14:00 рабочыя сьвядома не працавалі, патрабуючы выплаты заробка за люты.

Рабочыя далі адміністрацыі час да 3 красавіка каб разьлічыцца па заработнай плаце.

 

 

дахаты


Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro