Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
(паведамленьні ня знойдзены)
2000-07-08
Старшыня Партыі БНФ Зянон Пазьняк зьвярнуўся да старшыні АБСЭ Frau Benita Ferrero-Waldner з просьбай падтрымаць Беларускі Вызвольны Рух і апазыцыйныя партыі ў змаганьні за абарону незалежнасьці, дэмакратыю і законнасьць у Беларусі.
“Ваша зафіксаваная пазыцыя аб недэмакратычнасьці плянуемых выбараў у Беларусі, — гаворыцца ў лісьце, — аб неадпаведнасьці іх нормам дэмакратыі і міжнароднага права, аб бессэнсоўнасьці міжнароднага кантролю за такімі выбарамі — ўсё гэта паспрыяла б зьберажэньню і мабілізацыі беларускіх вызвольных дэмакратычных сілаў, захавала б магчымасьці стварэньня законных выканаўчых структураў улады і падрыхтоўкі да іншых, больш пэрспэктыўных выбараў.” (чытаць поўнасьцю)
2000-07-10
Б. Хамайду і Ул. Плешчанку яшчэ раз затрымалі ля “сіняга дому” ў Віцебску пры зборы подпісаў. Яшчэ раз былі складзены пратаколы за несанкцыянаваны пікет. Яшчэ раз суд перанесены на 18 ліпеня.
Збор подпісаў за Незалежнасьць і кандыдатаў у дэпутаты Ўсебеларускага Зьезду працягваецца.
2000-07-13
Б. Хамайду і Ул. Плешчанку затрымалі пры зборы подпісаў. Цяпер склалі пратакол за несанкцянаваны мітынг. Споўніўся месяц як Б. Хамайда пачаў публічны збор подпісаў за Незалежнасьць Беларусі ў цэнтры Віцебску.
Зьміцера Піменава затрымалі пры зборы подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты на Ўсебеларускі Зьезд. Ён хадзіў па кватэрах. Нехта патэлефанаваў куды трэба. Прыехалі, пасьмяяліся, адпусьцілі.
2000-07-14
Учора й сёньня Беларуская Служба Полькага Радыё паведамляла аб мэце візыту Прэзідэнта Польшчы ў Расею.
Галоўнае — прапанова Расеі пабудаваць цераз Польшчу газаправод, які, напэўна, пройдзе цераз прамаскоўскую Беларусь. Гэты праект будзе альтэрнатывай існуючаму Ўкраінскаму калідору. Калі Польшча не пагодзіцца, тады Расея пагражае пабудаваць гэты газаправод цераз Балтыцкае мора.
Зьдзіўляе нявызначанасьць пазыцыі польскага Прэзідэнта ў гэтым пытаньні. Відавочна, што Расея выкарыстоўвае агрэсыўную тактыку “падзяляй ды ўладарнічай”.
Толькі ўзгодненая палітыка ўсіх краінаў Балцка-Чарнаморскае прасторы дазволіць выпрацаваць годны адказ да расейскіх пагрозьлівых прапановаў і прымусіць Расею прадаваць свае прыродныя багацьці на Захад з улікам значнай платы за транзыт цераз Цэнтральную Эўропу.
2000-07-17
Управа БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ заклікала грамадзянаў Беларусі сабрацца ў Менску 29 ліпеня з 10:00 да 18:00 ля ДК камбіната “Сукно” імя Кісялёва і сваёй прысутнасьцю падтрымаць Усебеларускі Зьезд за Незалежнасьць.
Праезд ад пл. Незалежнасьці на аўтобусе № 40 да вул. Матусевіча, 20.
* * *
16 ліпеня ў Нью Ёрку пачаўся 42-гі штогадовы Тыдзень Паняволеных Народаў, у якім бярэ ўдзел і беларуская грамада ў Амэрыцы.
Гэтае мерапрыемства мела пачацца Сьвятой Імшой у Катэдры Сьвятога Патрыка, а затым працягнуцца маршам-парадам беларускасьці па Нью Ёрку да мейсца афіцыйнага адкрыцьця Тыдня Паняволеных Народаў.
“Весткі й Паведамленьні”, № 11(415)
2000-07-18
Суд над Барысам Хамайдам і Ўладзімерам Плешчанкам перанесены адпаведна на 25-га і 24-га ліпеня.
Апасьля пачатку судовага разьбіральніцтва Барыс Хамайда заявіў, што суд цяпер нелегітымны, паколькі суддзі зацьвярджаліся на свае пасады нелегітымным з 21 ліпеня 1999 году прэзідэнтам краіны. Пагэтаму Б. Хамайда адмовіўся даваць усе тлумачэньні суду. У сувязі з гэтым суддзя С. Туфан пастанавіла выклікаць у суд у якасьці сьведкаў міліцыянтаў, якія затрымлівалі галоўнага рэдактара газэты “Выбар”.
Старшыня Віцебскай арганізацыі Партыі БНФ Уладзімір Плешчанка таксама адмовіўся даваць тлумачэньні суду. Ягоная справа падобна на папярэднюю перанесеная.
Барыс Хамайда і Зьміцер Піменаў працягнулі збор подпісаў у цэнтры Віцебску адразу пасьля суду.
2000-07-20
У Віцебску сабраныя па 100 подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты Ўсебеларускага Зьезду: Барыса Хамайду, Уладзімера Плешчанку, Зьміцера Піменава, Валерыя Канавалава і Сяргея Кушнярова.
Дадаткова яшчэ 60 подпісаў знаходзіцца ў міліцыі да суду 24 ліпеня, якія забраныя ва Ўл. Плешчанкі пад час затрыманьняў пры іхным зборы.
2000-07-21
Кіраўніцтва Партыі
БНФ зрабіла Заяву “Яднаймася
за Беларусь, супраць палітыкі акупацыі й палітыкі здрады”
з нагоды звароту да А. Лукашэнкі фракцыяў Дзярждумы Расейскай Фэдэрацыі, які
падрыхтаваў адзін з кіраўнікоў “аб’яднанай апазыцыі” на Беларусі
А. Лябедзька.
2000-07-22
Вышэйшая Вайсковая Рада (Маджлісуль Шура) Маджахэтаў Каўказу зьвярнулася з Заявай да кіраўнікоў краінаў Заходняга альянсу, Міжнародных арганізацыяў — ААН, АБСЭ, ПАСЭ, Эўрахаўрусу.
У ёй крытыкуецца пазыцыя Захаду, які вядзе палітыку падвойных стандартаў у дачыненьні да расейскай агрэсіі ў Чачні. На словах — асуджэньне, на практыцы — фінансавая, “антытэрарыстычная” дапамога Расеі.
У заяве папярэджваецца аб цяжкім крызісу, які спасьцігне Расею ў сувязі з ужо прайгранай Чачэнскай вайной падобна “антысаюзнаму” крызісу пасьля пройгрышу ў Аўганскай авантуры.
* * *
Сваеасаблівым несанкцыянаваным шэсьцем з разгорнутым бел-чырвона-белым сьцягам цераз увесь горад Зьміцер Піменаў распачаў чарговы пікет Партыі БНФ у Віцебску.
Мерапрыемства адбывалася ў сувязі з набліжэньнем Дня Незалежнасьці 27 ліпеня і Ўсебеларускага Зьезду. Арганізавалі яго сябры Партыі БНФ Пётр Сарапеня і Ян Таўпыга.
З. Піменава з разгорнутым сьцягам затрымала міліцыя ўжо на падыходзе да ягонага жытла. І адпусьціла. Сябра БНФ перамог.
2000-07-24
Суд на Уладзімерам Плешчанкам і Барысам Хамайдам адкладзены. Суддзя вараціла пратаколы аб іхных адміністратыўных парушэньнях адваротна ў міліцыю на пераафармленьне.
Цікава, што ў міліцыю, таксама, вернутыя 59 подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты Ўсебеларскага Зьезду. Некаторых падпісантаў пачалі ўжо выклікаць для дацьця тлумачэньняў аб мэце пастаўленых імі подпісаў.
2000-07-26
Як паведаміла газэта “Наша Ніва” (№ 30(187), 24 ліпеня 2000 г.), Польшча на мінулым тыдні афіцыйна адмовіла расейскаму прэзідэнту ў ягонай прапанове будаваньня газаправоду, які меў прайсьці цераз Беларусь і Польшчу на Захад.
Прычынай адмовы ёсьць эканамічная шкода, якая будзе зьдзейсьненая Ўкраіне з-за закрыцьця ейнага газаправоднага калідору.
2000-07-27
Дзень Незалежнасьці Віцебск адзначаў пад бел-чырвона-белым сьцягам.
У цэнтры гораду ў 10:00 на глядзельна-асьветнай вышцы Амфітэатру амаль гадзіну разьвінаўся нацыянальны сымбаль. Дасьведчаныя людзі кажуць, што да яго прымацаваная традыцыйная цыдулка:
“ЖЫВЕ
БЕЛАРУСЬ!
ЖЫВЕ ВЕЧНА!
Мірон.”
У гэты ж дзень Барыс Хамайда і Ўладзімер Плешчанка зьбіралі подпісы за Незалежнасьць і ў падтрымку Ўсебеларукага Зьезду. Прыйшоўшага раней за калегу Б. Хамайду затрымалі міліцыянты і склалі пратакол аб несанкцыянаваным пікеце.
2000-07-30
У Менску 29 ліпеня Ўсебеларускім Зьездам прыняты Акт Незалежнасьці Беларусі.
Сваё прывітаньне Зьезду даслаў Зянон Пазьняк. Таксама прагучаў выступ выконваючага абавязкі старшыні на Беларусі Партыі БНФ Юрыя Беленькага.
* * *
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя Польскага радыё, у Варшаве падпісаная дэклярацыя аб супрацоўніцтве паміж Партыяй БНФ (Кансэрватыўна-Хрысьціянска Партыяй — БНФ) і Рухам Адбудовы Польшчы, які прадстаўляе правы накірунак.
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro