Svojskaje Ahienсtva Navinaŭ i Arhumantaŭ (SANA)/ Vitinfarmbiuro
2000-12-01
Барыс Хамайда ў дзень падпісаньня “саюзных” дакумантаў З0-га лістапада працягваў зьбіраць подпісы за Незалежнасьць Беларусі ў цэнтры Віцебска. Але доўга яму гэтага рабіць не далі і літаральна праз 10-15 хвілінаў затрымалі.
У яго сканфіскавалі ўсе подпісы, дакуманты і блянкі. Гэткая рэзкасьць паказальная ў параўнаньні зь іншымі затрыманьнямі. На яго быў складзены пратакол і ён быў адпушчаны да суду.
Менск тады ж нагадваў акупаваную сталіцу. На кожным перавулку дзяжурыў міліцыянт. Асаблівага гонару прыдбаў бюст Феліксу Дзяржынскаму, які месьціцца насупроць КДБ на прашпэкце Францыска Скарыны. Усюды бачыліся расейскія трохкалёрныя сьцяжкі. Акупацыя й кропка.
Расея, прадчуваючы сыход саўгаснага начальніка, імкнецца захаваць на Беларусі сваю прысутнасьць у выглядзе часовай вайсковай групоўкі. Але гэта не Чачня, і сілай тут не пераможаж. Сваю прысутнасьць яна захавала б і высакароднымі, культурніцкімі захадамі.
Людзі ўсё больш не давяраюць сёньнешняму рэжыму. Натуральна, ідзе пошук альтэрнатывы. Склалася ўнікальнае становішча, калі супроць “савецка-рэспубліканскага” ладу набірае моц хваля незадавальненьня.
Ува што яна выльецца?
У новага прэзідэнта? Толькі, калі нашая намэнклятура знойдзе аптымальную стабільную фігуру. Але ці карысная для Адраджэньня Беларушчыны гэта будзе ракіроўка? Не.
Выглядае, што менавіта парламанцкая рэспубліка ёсьць алтэрнатывай таталітарнаму рэжыму. У нас не Амэрыка, дзе можна мяняць прэзідэнтаў. У нас або савецкі ўсеагульны калгас, або парляманцкі нацыянальны кампраміс.
Апошні варыянт ’ выйсьце для ўсіх. Народны парлямант можа перахапіць уладу ў свае рукі і прызначыць цьвёрды ўрад, справядлівы Канстытуцыйны Суд і сваяго прадстаўніка для зносінаў са сьветам. Народны Фронт быў ад самага пачатку за неўжываньне пасады прэзідэнта менавіта на Беларусі. І вось гэтая перасьцярога цалкам сябе спраўдзіла. Маем, што маем.
Тым больш, законныя прэзідэнцкія выбары правесьці не ўдалося. Выбары ў “палатку” нелегітымныя. Такімі жа будуць ілжэвыбары рэжыму прэзідэнта. Дык пара наладжваць законныя выбары ў законны парлямант. Гэта адзінае патрабаваньне і да рэжыму, і да Расеі, і да АБСЭ, і да Амэрыкі.
2000-12-12
ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ
9 сьнежня сёлета сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ прыйшлі да помніка Максіму Багдановічу, што ў цэнтры сталіцы, каб адзначыць угодкі народзінаў вялікага паэта. Грамада каля 30 асобаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ўсклала кветкі да помніка. Людзі чыталі вершы і сьпявалі песьні на словы Багдановіча.
9 сьнежня адбылося чарговае паседжаньне Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Быў заслуханы даклад Старшыні БНФ “Адраджзньне” і Партыі БНФ сп. Зянона Пазьняка. Выступілі намесьнікі старшыні і сябры Сойму. Абмяркоўвалася праграма падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў 2000 г. і арганізацыйныя пытаньні. Былі прынятыя зварот і заява Сойму (прыкладаюцца).
Прэс-служба
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
2000-12-13
Узмацніўся ціск з боку праваахоўных ворганаў на Зьміцера Піменава, які ўжыў зброю пад час вартаваньня гаражнага кааператыву “Саланг” у Віцебску.
Ягоная жонка паведаміла, што з пракуратуры прыйшоў ліст аб далучэньні ягонай контрскаргі да распачатай міліцыяй супраць яго крымінальнай справы за “хуліганцтва”. Адначасова сьледчы афіцыйна выклікаў З. Піменава для “ўчыненьня сьледчых дзеяньняў”. Пры тым міліцыянты, якія наведалі ягонае жытло, жонку ўпрост напалохалі, што будуць мужа арыштоўваць.
Трэба ўзгадаць, што міліцыя распаўсюдзіла ілжывую інфармацыю аб інцындэнце ў “Салангу”. Яе падхапіла газэта “Витебский курьер”, назваўшы вартаўніка пьяным, ня помнячым сябе былым аўганцам. Абвяржэньне гэтай хлусьні газэта друкаваць ня стала. Стварыўшы яму, такім чынам, вобраз разьюшага пьянтоса, здаровага мужчыну актыўна стараюцца маральна ды эканамічна вывесьці са спакойнага ладу жыцьця.
Вельмі насьцярожвае, што невядомыя асобы нахабна прапануюць З. Піменаву заплаціць ім вялікія грошы, каб “пацярпелыя” забралі сваю заяву зь міліцыі. Разам з гэтым, раней сьледчы раіў сябру БНФ прыйсьці да яго, прыхапіўшы з сабой цёплыя рэчы.
Такім чынам, калі дадаць да гэтага нібыта бытавога крыміналу факты аб сёлетнім зьбіцьці Барыса Хамайды ля ягонага дому, напад і стрэлы ва Уладзіміра Плешчанку ў вёсцы, судовы перасьлед Анатоля Букачова за цыдулку “Толькі зброяй здабудзем Незалежнасьць” супроць “Славянскага базару” ды іншыя падзеі, дык ясна, адкуль ізноў падзьмуў халодны вецер.
2000-12-15
Аршанская гарадзкая Рада Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ 10 сьнежня правяла пікет у абарону чалавечых правоў кожнае асобы на Беларусі. Роўна гадзіну пад бел-чырвона-белымі сьцягамі пікетоўцы дэманстравалі аршанцам плякаты:
“ДЗЕ ДЫКТАТУРА — ТАМ БЯСПРАЎЕ”
“СЁНЬНЯ
СУДЗІЦЕ ЗА ПРАЎДУ — ЗАЎТРА МЫ ВАС ЗА ХЛУСЬНЮ”,
адказ на штраф у 150 мінімалак (540 $) Юрыю Санько і Віктару Андрэеву за
арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця й мітынгу 8 кастрычніка ў абарону Незалежнасьці
ды байкот выбараў)
“ЛУКАШЭНКА,
ВОСЬ ВАМ ФАКТ, “ЗАПУСЬЦІЎ” ЛЬНОКАМБІНАТ”,
Лука калісьці з-за асабістых крыўдаў звольніў дырэктара ільнокамбінату Кукарэку.
Цяпер той працуе там ці галоўным інжынэрам. Але людзі просяць яго дырэктарстваваць
ізноў. Ён жа адказвае, што за колькі год усё развалілі, дык рабіце што хочаце
“БЕЗ НАРМАЛЬНАГА ЗАКОНУ БЕЛАРУСЬ ІДЗЕ ДА СКОНУ”
“УЧОРА МІЛОШАВІЧ, СЁНЬНЯ ЛУКАШЭНКА”
Нажаль дождж перашкодзіў збору подпісаў за Незалежнасьць Беларусі, якіх аршанскія сябры БНФ назьбіралі ўжо блізу 1500.
Перадаваў Юрый Канышка
2000-12-17
У нядзелю ізноў аршанцы маглі пабачыць у гарадзкім цэнтры нацыянальныя сьцягі ды плякаты. Цяпер пікет, які наладзіла Аршанская Рада Партыі БНФ, быў прысьвечаны экалагічнаму становішчу на Беларусі:
“ВЫМІРАЕМ!”
“ЛУКАШЭНКУ
ЎСПАМІНАЙ,
КАЛІ ЯСІ ЧАРНОБЫЛЬСКІ КАРАВАЙ!”
“ЗАПАМПУЕ
ЛУКАШЭНКА Ў НЕТРЫ ГАЗ,
ЗАБРУДЗІЦЬ УСЮ ПІТНУЮ ВАДУ Ў НАС”
“ВЫПРАМЕНЬВАНЬНЕ
РАСЕЙСКАЙ РЛС У ГАНЦАВІЧАХ
ШКОДНА ЗДАРОЎЮ ЧАТЫРОХ АБЛАСЬЦЕЙ БЕЛАРУСІ!”
“ПРЫ
ЛУКАШЭНКУ КОЛЬКАСЬЦЬ НАСЕЛЬНІЦТВА НА БЕЛАРУСІ
СТАЛА МЕНЬШ НА 300 000 ЧАЛАВЕК”
“УВЯДЗЕНЬНЕ
Ў БЕЛАРУСЬ 300 000-га РАСЕЙСКАГА ВОЙСКА —
МІЖНАРОДНЫ РАЗБОЙ І ЭКАЛАГІЧНАЯ СЬМЕРЦЬ НАШАЙ КРАІНЫ!!!”
“ЛУКАШЫЗМ ЗЬНІШЧАЕ БЕЛАРУСЬ”
У Брэсцкай вобласьці ўлады зьбіраюцца запампаваць у зямлю мільёны кубоў газу. Падземная прастора, куды ён будзе ісьці, цяпер напоўненая вадой. А яна пры выцісьненьні газам напаверхні можа заліць вялікую прастору беларускай зямлі.
Пад час пікету раздаваўся бюлетэнь супольнасьці грамадзянаў БНР “Беларуская Салідарнасьць” № 2.
Перадаваў Юрый Канышка
2000-12-23
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
На пачатку чэрвеня 2000 г. кіраўніцтвам Віцебскай гарадзкой арганізацыі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ было прынятае рашэньне пра арганізацыю працы па правядзеньні актыўнага байкоту выбараў у лукашэнкаўскую “палатку”.
З гэтай мэтаю мы выкарысталі дзеля распаўсюджваньня ўлётак абсталяваньне старога ўзору, якое працуе за кошт электраэнэргіі і спажывае яе ў працэсе работы шмат.
Паколькі падчас “Славянскага базару” за намі праводзілася актыўнае назіраньне па лініі спэцслужбаў, было прынятае рашэньне ўсталяваць гэтае абсталяваньне за межамі г. Віцебска — ў райцэнтры Лёзна, вул. Гайдара, 6, па мейсцы жыхарства сябра нашае партыі Ўладзіміра Собалева, кіроўцы машыны сьпешнай дапамогі раённай больніцы. Прыватны дом без суседзяў нас вельмі задавальняў з пункту гледжаньня бясьпекі, і сп. Собалеў, разумеючы вартасьць справы, згадзіўся з нашай прапановай.
Па нашай просьбе вопытны спэцыяліст пракансульаваў нас на прадмет падключэньня абсталяваньня да электрасеткі па-за лічыльнікам.
На працягу дзьвюх тыдняў ліпеня і пачатку жніўня наш чалавек на сядзібе Собалева зрабіў вялікую колькасьць улётак з заклікам да байкоту выбараў. Фактычна гэтымі ўлёткамі нам удалося “накрыць” увесь горад.
Вынік вядомы. Па ўсіх чатырох выбарчых акругах Віцебска выбары не адбыліся з-за малой колькасьці прагаласаваўшых.
На пачатку жніўня па дадзеных “няўлоўнага Мірона” прайшло тэрміновае паведамленьне, што спэцслужбам вядома пра месцазнаходжаньне друкарскага абсталяваньня (якім чынам — спрабуем даведацца).
Літаральна напярэдадні праверкі, уноч з 6 на 7 жніўня мы пасьпелі вывезьці абсталяваньне і гатовыя ўлёткі. Але, на жаль, мы не пасьпелі прыбраць схаванае прыстасаваньне для карыстаньня энэргіяй па-за лічыльнікам.
Раніцай 7 жніўня да Собалева зьявілася група людзей, якія назваліся супрацоўнікамі лёзненскай электрасеткі, сярод іх, напэўна, знаходзіліся апэратыўныя супрацоўнікі спэцслужбаў. Яны агледзелі дом, нежылыя забудовы і спэцыяльным прыборам адшукалі схаванае прыстасаваньне. Быў складзены акт.
У дадзенай сітуацыі, каб даць сябрам па партыі надзейна перахаваць друкарскае абсталяваньне, а таксама ўлёткі, сп. Собалеў узяў адказнасьць на сябе. У сваім пісьмовым тлумачэньні “Віцебскэнэрга” ён указаў, што незаконна спажываў электраэнэргію ў сувязі зь цяжкім матэрыяльным становішчам (зарплата 40 тыс. руб., двое дзяцей). Прычым варта адзначыць, што ўся электраэнэргія, якой Собалеў карыстаўся на патрэбы сямьі, ішла празь лічыльнік, што й было пацьверджана падчас праверкі.
Ня гледзячы на гэта, энэрганагляд налічыў за апошнія тры гады аж 800 $. Такая сума не магла б “набегчы” нават у тым выпадку, калі б Собалеў на працягу гэтага тэрміну круглыя суткі ўзімку й улетку карыстаўся ўсімі асьвятляльнымі ды абагравальнымі прыборамі.
Іначай як помстаю ўладаў за палітычную дзейнасьць Уладзіміра Собалева гэта не назавеш. Яго й раней спэцслужбы падазравалі ў тым, што менавіта ён вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі на высотных кропках райцэнтра. Некалькі разоў выклікалі на допыты ў міліцыю. Свае палітычныя погляды сп. Собалеў ніколі не хаваў. На даху яго дома ўжо дзесяць год вісіць бел-чырвона-белы флюгер.
Раённы суд фармальна пацьвердзіў разьлік энэрганадзора й спагнаў зь яго 770256 руб. І дзяржпадатак 38513 руб.
Лічым Уладзіміра Собалева сапраўдным беларускім патрыётам, які не пабаяўся рызыкнуць матэрыяльным становішчам для справы нашае Бацькаўшчыны.
У сувязі з гэтым мы просім праваабарончую арганізацыю аказваць матэрыяльную дапамогу сп. Ул. Собалеву да зьмены палітычнай сітуацыі, калі надарыцца магчымасьць скасаваць незаконнае рашэньне.
Віцебск, 13 сьнежня 2000 г. | Старшыня
Віцебскай гарадзкой арганізацыі Намесьнік
старшыні арганізацыі |
2000-12-26
Сёньня апоўдні ў ветраной вышыні над Віцебскам зьявіўся беларускі Бэтмэн. Расхінуўшы свой барвовы плашч, ён узьняў бел-чырвона-белы сьцяг на 110 мэтровай трубе гарадзкой ЦЭЦ. Укленьчыўшы там перад разгорнутым нацыянальным палотнішчам, ён прачытаў “Малітву за Беларусь” Рыгора Барадуліна. Не забыўся на традыцыйную цыдулку й зьнік:
“БЕЛАРУСЬ
СУСТРАКАЕ ТРЭЦЯЕ ТЫСЯЧАГОДДЗЕ
ПАД БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫМ СЬЦЯГАМ.
З ГЭТЫМ ГІСТАРЫЧНЫМ СІМВАЛАМ
МЫ ВЫКАНАЕМ ЗАПАВЕТ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА!
МІРОН”
Гэтая апэрацыя, мусіць, была самая складаная за апошні час. Каб яна адбылася, Мірон больш за 5 гадзінаў ў марозны пераднавагодні дзень знаходзіўся ў ветраной вышыні.
Ня толькі звышмерная цярплівасьць, але й вядомая “няўлоўнасьць” дапамаглі яму ў гэты раз. Унізе яго чакала пастка. Ён быў затрыманы. Але, дзякуючы беларускай кемлівасьці, ўсё прамінулася, ён здолеў застацца на волі й захаваць у таямніцы свой твар.
Потым у яго спыталі, як яму ўдалося вытрымаць гэтыя марозныя гадзіны. “Мне дапамагала любоў да маёй сінявокай Беларусі. На гэтай вышыні я бачыў мой родны горад як на далоні. Я бачыў вуліцы, дамы, людзей, якія сьпяшаюцца на працу. Такі горад як наш і ўсю краіну трэба бараніць. Бо незалежнасьць — гэта жыцьцё.”
Self Agency of News and Arguments (SANA)/ Vitinfarmbiuro